- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Манака: манарх блакуе законапраект аб легалізацыі абортаў

[1]

Ілюстрацыйнае фота

Манарх Манака Альбер II адмовіўся падпісваць законапраект, які легалізуе аборты ў краіне. Дадзенае рашэнне спыняе прапанаваную рэформу і пакідае дзеючы закон без зменаў, паведамляе Catholic Herald [2].

У інтэрв’ю мясцовай газеце Monaco-Matin манарх растлумачыў, што законапраект не будзе разглядацца, і патлумачыў прычыны такога рашэння. «Я лічу, што цяперашняя сістэма адлюстроўвае тое, хто мы ёсць, улічваючы ролю каталіцкай рэлігіі ў нашай краіне, адначасова забяспечваючы бяспечную і гуманную падтрымку», — сказаў Альбер II.

Згодна з дзеючым заканадаўствам, аборты ў Манака фармальна застаюцца незаконнымі, хоць яны былі дэкрыміналізаваны ў 2019 годзе. Перапыненне цяжарнасці дазволена толькі ў трох абставінах: згвалтаванне, сур’ёзная рызыка для жыцця маці або значныя заганы развіцця плода.

Прапанаваны закон, унесены ў Нацыянальную раду ў сакавіку 2025 года і прыняты ў маі 19 галасамі супраць двух, меў на мэце дазволіць добраахвотнае перапыненне цяжарнасці да 12 тыдняў (16 тыдняў у выпадках згвалтавання) і знізіць узрост згоды бацькоў з 18 да 15 гадоў. Аднак два тыдні таму дзяржаўны міністр Крыстаф Мірманд паведаміў старшыні Савета Томасу Брэзцо, што ўрад не будзе прымаць гэтых мер.

Манарх папрасіў урад афіцыйна паведаміць Савету, што законапраект не будзе апублікаваны. «Я разумею, наколькі гэта адчувальная тэма і якія эмоцыі яна можа выклікаць», — сказаў манарх, прызнаючы далікатнасць гэтага пытання. Ён таксама звярнуў увагу на заканадаўчыя абнаўленні 2009 і 2019 гадоў, адзначыўшы, што Манака ўжо дасягнула «збалансаванай сістэмы, якая паважае канстытуцыйныя прынцыпы Манака, культурную ідэнтычнасць і зацікаўленых жанчын».

На думку Альбера II рашэнне варта інтэрпрэтаваць у святле канстытуцыі Манака, якая прызнае каталіцызм дзяржаўнай рэлігіяй. «Гэта пацвярджае месца, якое каталіцызм займае ў нашай краіне», — сказаў ён. Закон Манака аб абортах з’яўляецца адным з самых пралайф-актыўных у Еўропе.

Закон 2009 года абмежаваў аборты трыма выключнымі выпадкамі, згаданымі вышэй, а рэформа 2019 года адмяніла крымінальныя санкцыі супраць жанчын, якія зрабілі аборт за мяжой, у тым ліку ў суседняй Францыі.

Выпадак з Манака — рэдкі прыклад таго, як манарх непасрэдна спыняе спробу прыняць законы, якія забараняюць жыццё.

credo.pro [3]
Пераклад Марыны Ткач