[1]Ва ўрачыстасць Звеставання Пана 25 сакавіка святой Імшой за Беларусь і беларускі народ завяршыліся велікапосныя рэкалекцыі ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай.
Першапачаткова планавалася, што гэтая Імша будзе цэлебравацца ў “старым” касцёле будслаўскай базылікі, але з-за вялікай колькасці вернікаў цэлебрацыя адбылася на старажытным алтары перад цудадзейным абразом. Яе ўзначаліў пробашч парафіі ў Будславе кс. Дзмітрый Дубовік, на якім у гэты асабліва ўрачысты дзень было адмысловае святарскае адзенне — арнат са слуцкіх паясоў, што лічацца адным з найбольш вядомых старажытнабеларускіх “брэндаў”.
На пачатку св. Імшы кс. Дзмітрый адзначыў, што невыпадкова менавіта ў дзень Звеставання Пана 101 год таму адбылося абвяшчэнне першай у гісторыі нашай краіны рэспублікі, што стала адным з крокаў на цярністым шляху да незалежнасці.
Рэкалекцыйную навуку ў форме гаміліі падчас св. Імшы прамовіў кс. Віталій Сідорка, доктар тэалогіі. Завяршаючы велікапосныя духоўныя практыкаванні ў адной з самых вядомых каталіцкіх супольнасцяў Беларусі, святар засяродзіў увагу ўдзельнікаў рэкалекцый і ўсіх прысутных на выкананнi Божай волі па прыкладу Найсвяцейшай Панны Марыі.
“У жыцці кожнага чалавека бываюць моманты, калі неабходна яшчэ раз уважліва прыгледзецца да свайго паклікання; да тых заданняў, якія кожнаму з нас вызначае Бог. Бог не чакае ад чалавека сляпога безэмацыйнага падпарадкавання: Ён жадае нармальных адносінаў, пабудаваных на дыялогу. Гэты дыялог паміж чалавекам і Богам адбываецца ў малітве.
Так, як Марыя задавала Богу пытанні адносна свайго задання стаць Маці Збаўцы, так і мы можам задаваць Богу пытанні адносна нашага жыццёвага паклікання, размаўляць з Ім, можа, нават спрачацца.
Але не для таго, каб бунтаваць, а каб лепш зразумець Яго пакліканне і належным чынам выканаць Яго волю так, як зрабіла гэта Марыя”, — падкрэсліў кс. Віталій.
[3]Ягоныя словы асабліва вымоўна гучалі ў Нацыянальным марыйным санктуарыі, дзе ўжо не адно стагоддзе Марыя паказвае заблукалым надзейны шлях да свайго Боскага Сына, якога Яна дзевяць месяцаў насіла пад сваім Беззаганным Матчыным Сэрцам.
[4]Як адказ на Божы заклік у малітве вернікаў прагучала просьба аб навяртанні беларускага народа да яго спрадвечных хрысціянскіх каштоўнасцяў, каб з дапамогаю Марыі нашы суайчыннікі будавалі дабрабыт сваёй краіны ў духу сапраўднай свабоды і адказнасці перад Богам і перад будучымі пакаленнямі.
[5]На заканчэнне св. Імшы і велікапосных рэкалекцый будслаўскія парафіяне шчыра падзякалі кс. Віталію Сідорку і падаравалі яму копію цудатворнага абраза Маці Божай, каб яна няспынна спадарожнічала яму ў яго святарскім служэнні дзеля большай хвалы Божай і на карысць вернікам.
Завяршылася св. Імша малітвай да святога Міхала Арханёла, апекуна Касцёла на Беларусі, і традыцыйнай марыйнай антыфонай “Тваёй абароне”, першыя словы якой вянчаюць галоўны алтар базылікі, з якога Маці Божая Будслаўская, трымаючы на руках Дзіцятка Езуса, благаслаўляе Беларусь і яе народ.
Мікола Гракаў, тэкст
с. Таццяна Стасюкевіч CSFN, фота
Catholic.by [6]
