[1]Манаскія асобы паказваюць Божае запрашэнне любіць Яго ўсім жыццём на зямлі, – заявіў арцыбіскуп Рональд Хікс, прадстаўляючы справаздачу наконт манаскіх асоб, якія склалі вечныя абяцанні у ЗША ў мінулым 2025 годзе.
Напярэдадні XXX Сусветнага дня кансэкраванага жыцця, які Касцёл адзначыць 2 лютага 2026 года, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў ЗША абнародавала вынікі даследавання «Class of 2025».
Гэтая штогадовая справаздача, падрыхтаваная Цэнтрам даследаванняў апостальскай дзейнасці пры Джорджтаўнскім універсітэце (CARA), малюе партрэт 179 мужчын і жанчын, якія летась прынеслі вечныя манаскія абяцанні. Сярод іх – 105 братоў і святароў, а таксама 74 сястры. Аб гэтым паведамляе “OSV News”.
Спецыялісты на службе Евангелля
Даныя сведчаць аб тым, што сучаснае пакліканне часта выспявае ў сталым узросце. Сярэдні ўзрост тых, хто прынёс вечныя шлюбы, складае 38 гадоў. Цікава, што многія прыходзяць у кляштары, ужо маючы сур’ёзны прафесійны і жыццёвы багаж.
Сучасныя манахі – гэта высокаадукаваныя людзі: 73 працэнта з іх атрымалі навуковую ступень яшчэ да пачатку манаскага шляху.
Сярод тых, хто прынёс вечныя абяцанні ў 2025 годзе, можна сустрэць спецыялістаў у галіне электратэхнікі, нафтавай інжынерыі і нават медыцынскіх даследчыкаў. Напрыклад, сястра Ніколь Варнерын выбрала манаскі шлях пасля пяці гадоў працы ў навуковай медыцыне, а брат-францішканін Джымі Кернан падкрэслівае, што атрымаў выдатную магчымасць выкарыстоўваць свае таленты навукоўца і педагога, каб “адказваць на крык зямлі і крык бедных”.
Шлях ад сям’і ў кляштар
Справаздача падкрэслівае ключавую ролю каталіцкага асяроддзя ў фарміраванні будучых законнікаў. Пераважная большасць (92 %) з’яўляюцца католікамі ад нараджэння, а 85 % выхоўваліся ў поўных сем’ях, дзе абодва бацькі былі вернікамі. Амаль у кожнага трэцяга ў сям’і ўжо ёсць святар або манах.
Шлях да поўнага прысвячэння сябе Богу грунтаваўся на глыбокай малітве і актыўным парафіяльным жыцці яшчэ да пачатку манаскай фармацыі. Даследаванне паказвае пэўныя адрозненні ў духоўных прыхільнасцях: калі сярод мужчын найбольш папулярнымі былі рэкалекцыі, то жанчыны часцей выбіралі малітву на Ружанцы. У той жа час Эўхарыстычная адарацыя і духоўнае кіраўніцтва заставаліся фундаментальнымі практыкамі для ўсіх.
Пераадоленне перашкод
Нягледзячы на падтрымку ў каталіцкім асяроддзі, больш за палову апытаных прызналіся, што сутыкаліся з адгаворваннем ад манаскага шляху з боку блізкіх ці сяброў. Таксама для некаторых сур’ёзнай перашкодай станавіліся фінансавыя даўгі за навучанне, якія ў сярэднім складалі больш за 55 тысяч долараў. З гэтай прычыны многім прыходзілася адкладаць уступленне ў навіцыят.
Гісторыі пакліканняў застаюцца глыбока асабістымі. Сястра Барб Гіль пачала свой шлях у 58 гадоў, будучы ўдавой пасля 31 года шлюбу. Іншая манахіня, сястра Марыя Аўгусціна Фам, прызналася, што спрабавала «перахітрыць Бога», але ў рэшце рэшт зразумела, што яе ўнутраны неспакой быў голасам Хрыста, які запрашаў яе да супакою ў Ім.
Як адзначыў арцыбіскуп Хікс, гэтыя людзі з’яўляюцца жывым сведчаннем надзеі на вечнае жыццё, аддаючы сябе цалкам на службу Богу і людзям.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя [2] Vatican News