[1]Добрым звычаем сталася тое, што кожны год напярэдадні дня заснавання малітоўнай групы “Маці ў Малітве” пры парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродна, якой апякуюцца і нясуць душпастырскую паслугу ксяндзы Сэрцане, на святую Імшу збіраюцца маці са сваімі сем’ямі, каб выказаць удзячнасць Пану Богу і Найсвяцейшай Марыі Панне за цудоўны дар, якім з’яўляецца мацярынства і сямейнае жыццё. Каб дзякаваць за ўсе дабрадзействы, атрыманыя з Божай ласкі, перапрашаць за тое, што раніць Божую Любоў да чалавека, а таксама прасіць веры, надзеі, любові ў штодзённым хрысціянскім, мацярынскім і сямейным жыцці.
Прыходзяць да Алтара ўдзячныя за рух “Маці ў малітве” у Беларусі і групу, якая існуе пры парафіі. На спатканнях збіраюццца, каб аддаць сваіх дзяцей Пану Богу, разам маліцца, слухаць Божае Слова і разважаць над Ім, дзяліцца жыццёвым вопытам між сабой, прадстаўляць малітоўныя інтэнцыі і ў іх маліцца.
Сустракаюцца, каб разам святкаваць Божае Нараджэнне, Вялікдзень і іншыя касцельныя святы, а таксама дні нараджэння мам, якія ствараюць групу. Удзячныя перад Богам за асоб маці — кіраўнікоў: Аксану Валанцей і Караліну Ігнатовіч, а таксама за духоўнага кіраўніка малітоўнай групы, якім з’яўляецца кс. Валерый Пупкевіч SCJ.
Штогод, з нагоды паўстання малітоўнай групы, маці абядноўваюцца па магчымасці, каб разам пілігрымаваць, маліцца, перажываць асабісты дзень засяроджвання, адведваць новыя і цікавыя мясціны нашай Айчыны, а таксама, каб быць разам, як адна сям’я ў Божай аўчарні.
У першы год нараджэння малітоўнай групы маці выбраліся ў Капцёўку, дзе знаходзіцца санктуарый Маці Божай Чэнстахоўскай, Цярпліва Слухаючай на ўзгорку Надзеі, каб быць разам на Эўхарыстыі, узносіць свае малітвы да трону Божага ў небе праз заступніцтва Марыі.
У другі год заснавання малітоўнай групы маці пілігрымавалі ва Уселюб, дзе месціцца парафія св. Казіміра. Пад чулай апекай Маці Новага Жыцця, перажывалі тры дні малітвы. Падчас якіх штодня ўдзельнічалі ў святой Імшы, прайшлі Крыжовы шлях у даліне нябесных крыжоў, маліліся малітвай Ружанцовай.
Кульмінацыйным момантам стала ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана Езуса, дзе ішлі ў працэсіі за Езусам, прысутным у Найсвяцейшым Сакраманце, аддаючы Яму групу, усіх маці і іх сем’і. На заканчэнне гэтай пілігрымкі маці атрымалі благаслаўленне на ўвесь год для сябе і сваіх сем’яў ад пробашча парафіі ва Уселюбе кс. Віталія Цыбульскага.
Свой трэці год нараджэння малітоўная група “Маці ў малітве” з Гродна святкавала ў санктуарыі Маці Божай Тракельскай — Каралевы нашых сем’яў. Падчас Эўхарыстыі маці ў ахвярных дарах прыняслі да Марыі сваі сэрцы, сваё жыццё, а выязджаючы з гэтага месца, атрымалі ад Марыі сэрца — ціхае і пакорнае, каб быць здольнымі ў сваіх сем’ях рабіць тое, што скажа Яе сын — Езус Хрыстус.
Год 2023 з’яўляецца чацвёртым годам, як існуе наша група. З гэтай нагоды 10 чэрвеня сабраліся маці са сваім душпастырам кс. Валерыем Пупкевічам SCJ, каб разам славіць Бога за Яго любоў і міласэрнаць, дзякаваць за кожную маці, кожную сям’ю, за кожную Божую справу, якая ёсць у нашым жыцці і нашых сем’ях.
На гэты раз нашае пілігрымаванне было напоўнена дабрынёй Бога. З самага ранку, распачаўшы знакам святога крыжа і малітвай да святога Крыштафа, наш аўтобус спяшаецца ў Карэлічы, у парафію Маці Божай Нястомнай Дапамогі, дзе з цеплынёй сэрца вітае нас а. Юрый Саковіч OSPPE.
Ён належыць да ордэна св. Паўла Пустэльніка (паўліны). Пры браме ўваходу да касцёла расказвае пра гісторыю парафіі, пробашчаў, якія служылі і, дзякуючы намаганням якіх, захавалася гэта месца, а таксама пра гісторыю свайго паклікання да службы Божай. Ідучы каля касцёла, заўважальна ёсць чысціня і прыгажосць на ўсёй прыкасцельнай тэрыторыі ( а. Юрый клапоціцца пра добраўпарадкаванне прыкасцельнай тэрыторыі праз вырошчванне прыгожых півонаў, бэзу і іншых кветак). Ад групы маці з Гродна пакінулі прыгожыя ружы. А таксама заснаваную “Маргарытку”, штодзённую малітву за святара, якую передала Аліна Зубрыцкая за а.Юрыя Саковіча. Яна з’яўляецца прадстаўніком гэтага руху ў нашай дыяцэзіі.
Святая Літургія стала цэнтральным пунктам у Карэлічах, якую ўзначаліў наш душпастыр кс. Валерый, а слова Божае скіраваў а.Юрый. Гэты святар прыблізіў нам постаць Св. Ружы з Лімы, якая з’яўляецца ўзорам для нас у штодзённым жыцці.
Пасля Імшы была магчымасць узмоцніць нашыя целы і падсілкавацца. На далейшы шлях атрымалі Божае благаслаўленне з рук а. Юрыя і марожанае, каб з прахалодай перажыць час спякоты.
Наступным пунктам нашай пілігрымкі стаў Навагрудак. У гэтае месца даехалі ў гадзіну Міласэрнасці. Адразу памаліліся Вяночкам да Божай Міласэрнасці ў рэктаральным касцёле Перамянення Пана, аддаючы нашыя сэрцы, сэрцы нашых сем’яў у рукі Міласэрнага Пана.
Пасля малітвы сястра Фаўстына (назаратанка) распавяла цікавую гісторыю з жыцця сясцёр назаратанак з Навагрудка, касцела і таксама гісторыю 11 мучаніц сясцёр з Навагрудка.
“Маці ў малітве” мелі магчымасць быць і маліцца на месцы мучаніцкай смерці сясцёр. Цікавым момантам стаў шпацыр каля кляштару сясцёр і экскурсія ў месца, дзе выпякаюцца аплаткі на вігілійны стол . Дзякуем сястры за гэтыя цудоўныя хвіліны ў Навагрудку, але мы едзем далей…
Уселюб — парафія св. Казіміра стала наступным прыпынкам. У мясцовай парафіяльнай кавярні нас чакаў абед, які падрыхтавалі парафіяне, разам са сваім пробашчам кс. Віталіем Цыбульскім. Яны з адкрытасцю сэрца вітаюць пілігрымаў, якія прыязджаюць, каб ушанаваць Марыю, як Маці Новага Жыцця.
Пасля абеду знайшоўся час, каб заглянуць у краму, дзе можна было набыць розныя памяткі. Найважнейшай часткай побыту ва Уселюбе стаў Крыжовы шлях. Ішлі за Езусам мы, маці, разам са сваім духоўным кіраўніком кс. Валерыем Пупкевічам, сэрцанінам.
Ён разважаў над тым, што парушаючы Божыя запаведзі і наказы мы адыходзім ад Езуса, прыбіваючы Яго да крыжа. Езус уваскрос і жыве. Дзейнічае праз нас у Касцеле, праз сэрцы маці, праз сэрцы кожнага чалавека.
Напрыканцы пакланіліся Езусу ў святыні, папрасілі Яго аб благаслаўленні на дарогу да хаты і вырушылі ў Гродна, ўдзячныя Пану Богу за гэты цудоўны падарунак.
Маці — Новага Жыцця прывядзі нас да свайго сына Езуса Хрыста.
Аксана Валанцей, Кс. Валерый Пупкевіч SCJ, тэкст;
Вольга Лючэк, фота