[1]З 2017 года маё пастырскае служэнне праходзіць у маладых парафіях святой Марыі Магдалены ў Новалукомлі і Перамянення Пана ў Чашніках. Парафіі не шматлікія на вернікаў, але з багатай гісторыяй. Кожная мае свае традыцыі.
З Індыі — у Чашнікі
Аднаго разу мой позірк затрымаўся на невядомай мне фігуры Маці Божай. Зацікавіўся. Урэшце ўдалося высветліць, што ў свой час яе парафіянам падарыў першы біскуп Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін. І гэта Багародзіца Добрага Здароўя з Вайланкані. Яе базіліка знаходзіцца ў Індыі на беразе Бенгальскага заліва. Пра гісторыю яе з’яўлення ў Чашніцкім касцёле расказаў біскуп на пенсіі Уладзіслаў Блін:
— 10 кастрычніка 2009 года на кансэкрацыю касцёла Езуса Міласэрнага ў Віцебску, прыехаў з Індыі біскуп Дэвадас Амбросэ. Асаліва радаваліся яго прысутнасці на ўрачыстасці студэнты з Індыі, якія вучыліся ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. На наступны год ідыйскі біскуп запрасіў мяне на адпутовую ўрачыстасць у Вайланкані. А пасля заканчэння Літургіі падарыў для Віцебскай дыяцэзіі фігуру Маці Божай Добрага Здароўя. Я перадаў яе ў чашніцкую парафію. Хоць тут няма акіяну, але Марыя выбрала сабе гэта месца і прамаўляе да кожнага: “Прымі жыццё такім, якім яно ёсць: не толькі са шчаслівымі днямі, але таксама і з трагедыямі. Вытрымай! Не ўцякай! Я выпрашу ў Бога для цябе аздараўленне душы і цела. Найпрыгажэйшае цяпер перад табой! Памятай!”
Цуды клопату
Адметнасць гэтай фігуры ў тым, што Маці Божай апранута ў традыцыйнае на індыйскім субкантыненце жаночае адзенне — сары. Гістарычныя дакументы або запісы пра аб’яўленні Дзевы Марыі ў Вайланкані адсутнічаюць, але пра іх з пакалення ў пакаленне перадаюцца вусныя расказы. Маці Божая Добрага Здароўя ўшаноўваецца ў Вайланкані пачынаючы з XVI стагоддзя. Першы цуд аб’яўлення Багародзіцы ўбачыў хлопчык-індус, які нёс пакупніку малако і прысеў адпачыць на беразе сажалкі. Жанчына з немаўляці на руках папрасіла ў яго малака. Хлопчык ім падзяліўся. Але калі прыйшоў да пакупніка, то ўбачыў, што збан быў поўным. Менавіта так выяўляецца шчодрасць тых, хто здольны дзяліцца з іншымі нават у беднасці. Каб быць шчодрымі, неабавязкова мець шмат. Будзем адкрытымі да абмену, дапамогі, блізкасці да тых, хто мае патрэбу. Марыя любіць шчодрасць сваіх дзяцей.
Другі цудам лічыцца аб’яўленне Дзевы Марыі сыну мясцовай удавы, які быў інвалідам. Ён прапанаваў Дзеве пахты і быў аздароўлены. Маці Божая тады папрасіла расказаць пра сваё з’яўленне мужчыну-католіку з найбліжэйшага гарадка Нагапаццінам. Мужчына ўрэшце пабудаваў трасніковы храм.
У канцы XVII стагоддзя партугальскі гандлёвы карабель трапіў у буру ў Бенгальскім заліве. Матросы паабяцалі, што калі ім удасца выратавацца, то яны пабудуюць храм у гонар Багародзіцы. І сапраўды мора супакоілася, карабель даплыў да берага, а маракі перабудавалі трасніковы храм у капліцу. Цяпер гэта санктуарый Маці Божай Добрага Здароўя. Індусы ўпэўненыя, што Дзева Марыя ў Вайланкані вылечвае хваробы, перамагае ўсе сілы зла. Мільёны пілігрымаў з Індыі і з іншых месцаў кожны год наведваюць гэту святыню ў індыйскім штаце Тамілнад. Шматлікія духоўныя плёны дазваляюць казаць аб тым, што ў гэтым санктуарыі дзейнічае Святы Дух.
Здароўе для цела і душы
У сэрцы я доўга выношваў ідэю малітвы аб ласцы здароўя перад фігурай Маці Божай з Вайланкані, якая знаходзіцца ў чашніцкім касцёле. Здароўя не толькі для цела, але і душы. Бо часам боль у душы страшней за фізічны. І нярэдка дастаткова на імгненне звярнуць свой позірк на Багародзіцу, як адступаюць сум і страх. Таму што перад выявай Марыі мы прызнаём усю любоў Езуса Хрыста, якая можа вылечыць нашы смутак і страх. Калі мы спынімся перад Марыяй, нават на кароткі момант веры і любові, Яе мацярынскі погляд верне нам спакой.
З нядаўняга часу ў касцёле ў Чашніках кожны месяц адбываецца спецыяльнае набажэнства каля фігуры Маці Божай з Вайланкані. Праз яе заступніцтва просім аб здароўі цялесным і духоўным для сябе, сваіх родных і дабрадзеяў, сяброў і знаёмых. І ёсць хоць невялікія, але цуды не столькі аздараўлення, колькі пераасэнсавання самых, здавалася б. крытычных сітуацый і напаўнення сэрца спакоем і надзеяй, выяўляецца пяшчота і блізкасць Марыі, якую Езус пакінуў нам як Маці ўсіх. Праз Яе заступніцтва Хрыстус часта пралівае сваю моц і аднаўляе здароўе хворых.
P.S. У Чашніках працягваюцца будаўнічыя працы. Многае трэба яшчэ зрабіць унутры святыні і навокал. Звяртаемся аб любой магчымай дапамозе духоўнай і матэрыяльнай. Кожную нядзелю молімся за кожнага, хто нам дапамаге малітвай, працай і ахвярай.
Інтэнцыі святой Імшы і просьбы да Багародзіцы можна дасылаць на адрас:
Каталіцкая парафія Перамянення Пана,
вул. Ленінская, 34,
211150 г. Чашнікі,
Віцебская восбласць.
Ахвяраванні можна пералічыць на рахунак альбо асабіста:
РО «Приход Преображенья Господня в г. Чашники Витебской епархии РКЦ в Республике Беларусь»;”
г. Чашники, Ленинская, 34
УНП 300869188
р/с BY48BPSB30151188520179330000
ОАО Сбербанк, БИК BPSBBY2X, УНП Банка 100219673
Назначение платежа: Пожервование.
Малітва да Маці Божай Добрага здароўя з Вайланкані (Індыя)
О Марыя! Наша Маці Добрага здароўя і наша Нябесная Каралева! Маці міласэрнасці і спагады, якая прабываеш у Тваім святым санктуарыі ў Вайланкані, мы славім і ўшаноўваем Цябе, бо Ты — наш прытулак і нашая ўспамога.
Праз Тваё заступніцтва вельмі шмат хворых атрымалі аздараўленне. Спадзеючыся на Тваю моц і дабрыню, мы ў пакоры звяртаемся да Цябе: аздараві нас з нашых немачаў і выпрасі нам здароўе душы і цела, каб мы маглі годна служыць Табе і Твайму Сыну Езусу Хрысту.
Маці міласэрная, Ты ва ўсе часы была дапамогай і суцяшэннем для хворых. Ты выпрошваеш для іх ласку здароўя, калі гэта спрыяе іх збаўленню. Ты падтрымліваеш іх таксама ў момант смерці. Дапамажы нам, о наймілейшая Маці, і выпрасі для нас аздараўленне ад усіх нашых цярпенняў або выпрасі цярплівасць, каб перанесці іх у духу пакоры, згодна са святой Божай воляй. Выпрасі для нас, грэшных, неабходныя ласкі, каб усе нашыя выпрабаванні і пакуты дапамаглі ачысціць нашыя душы, а таксама дапамаглі нам вызваліцца ад усіх зямных прывязанасцяў. Амэн.
Навэнна да Маці Божай Добрага здароўя
О Найсвяцейшая Панна Марыя! Ты спрадвеку была абраная Найсвяцейшай Тройцай, каб стаць Маці Езуса.
О ласкавая Маці, Суцяшальніца тых, хто зведвае розныя цярпенні! Атулі мяне ў цярпеннях маіх тою асабліваю апекаю, якую Ты абяцала тым, хто Цябе на дапамогу клiча, Тваёй апекi просiць.
Спадзеючыся на бязмежную міласэрнасць Твайго Сына Езуса Хрыста, давяраючы Яго абяцанню «прасіце і атрымаеце», натхнёны (натхнёная) вераю ў моц Тваёй малітвы, з найглыбейшай пакораю прашу Цябе: Маці Добрага здароўя, заступіся за мяне.
Маці міласэрная, выпрасі для мяне тыя ласкі, якіх я прашу ў гэтай навэнне, калі гэта будзе адпавядаць святой Божай волі; а таксама выпрасі для мяне ўсе тыя дары, у якіх я найбольш маю патрэбу (Назваць свае просьбы…)
О Маці Божая, прымі гэтыя просьбы разам з тою надзеяй і пашанай, з якімі Анёл Габрыэль упершыню прывітаў Цябе, кажучы: «Вітай, поўная ласкі». («Вітай, Марыя» — 9 разоў).
Пакорна прашу Цябе, о Суцяшальніца засмучаных, дзеля той радасці, якую Ты спазнала, калі Слова сталася целам, выпрасі для мяне ласкі і дары, якія я спадзяюся атрымаць праз Тваё магутнае заступніцтва.
У гэтай інтэнцыі я ахвярую ўсе добрыя ўчынкі, якія калі-небудзь былі здзейснены дзеля Тваёй пашаны. Пакорна прашу Цябе: дзеля любові да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якою заўсёды палала Тваё Сэрца, пачуй мае пакорныя малітвы, прыйдзі да нас з дапамогаю ва ўсіх патрэбах душы і цела, і выпрасі для нас у Сына свайго Езуса Хрыста неабходныя ласкі Божыя. Амэн.
Малітва св. Бэрнарда
Памятай, о Найсвяцейшая Панна Марыя, што ніколі не здаралася, каб пакінула таго, хто да Цябе ўцякае, Цябе на дапамогу кліча, Тваёй апекі просіць. Гэтым даверам натхнёны, да Цябе, о Панна над паннамі і Маці наша, імкнуся, да Цябе прыходжу, перад Табою, грэшны, плачучы, стаю. О Маці Слова, не пагарджай словамі маімі, але пачуй іх ласкава і выслухай. Амэн.
На заканчэнне:
Маці Божая Добрага здароўя, маліся за нас! (3 разы).
Ксёндз Мікалай Ліпскі, пробашч касцёла Перамянення Пана ў Чашніках
