- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

«Любіце святарства ў сабе»: пастырская сустрэча ў Шаркаўшчыне

[1]16 кастрычніка ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне прайшла пастырская сустрэча біскупа Алега Буткевіча са святарамі і кансэкраванымі асобамі Віцебскай дыяцэзіі. Гэта заўсёды магчымасць сустрэцца разам, перажыць Эўхарыстыю і спаткаць Хрыста, якому ўдзячны за дар паклікання.

А 11 гадзіне распачалася сустрэча з Езусам Эўхарыстычным у выстаўленым Найсвяцейшым Сакраманце. Перажываючы месяц кастрычнік, прысвечаны ружанцовай малітве, манахіні адправілі гэта набажэнства.

“Сёння асаблівым чынам узгадваем св. Яна Паўла ІІ, бо ў гэты дзень перажываем 40-ю гадавіну яго абрання на Апостальскую Сталіцу. Няхай яго заступніцтва нам сёння спадарожнічае”, — адзначыў на пачатку св. Імшы біскуп Алег.

[2]

Казанне для прысутных прамовіў кс. Вячаслаў Адамовіч з Дзісны. Святар паразважаў над урыўкам з Евангелля (Лк 11, 37-41), калі Езус прыйшоў да фарысея на абед і не абмыў рук. Абурэнне фарысея вызвала не гігіена ці маці не навучыла, а закон, які ён ведаў з маленства і паводле якога жыў. За пэўны час у яго стварылася фарысейская ментальнасць – гэта абмежаванне чалавека, немагчымасць адкрыцца на нешта новае. Выхад за гэтыя рамкі быў праблематычны. Таксама ёсць і ў жыцці святара. Святарскі спосаб мышлення часам абмяжоўвае і не дае развівацца.

Кс. Вячаслаў узгадаў свой час вучобы ў семінарыі на 6 курсе. Выкладчык тэарытычнай часткі “Спавядніцтва” кс. Брыль сказаў на першым занятку: “Для вас, дыяканаў, 6 курс і першы год святарства – вельмі важны перыяд. Вы павінны зрабіць пераход ад ментальнасці студэнта да ментальнасці пастыра. Не ментальнасці святара, але пастыра, які дзейнічае для збаўлення душы.»

[3]

Кс. Адамовіч таксама адзначыў, што “мы любім сябе ў святарстве, а павінны любіць святарства ў сабе”, што і пажадаў на заканчэнне прамовы.

Пасля св. Імшы канферэнцыю прамовіў духоўны айцец дыяцэзіі а. Станіслаў Памыкала. Ён распачаў цыкл размоў, якія будуць адбывацца на кожным спатканні. Тэма гэтых канферэнцый – уводзіны, або ўтаемнічэнне ў святарства.

[4]

Затым канцлер кс. Віктар Місевіч і іншыя святары прадставілі аб’явы на запланаваныя мерапрыемствы на бліжэйшы час.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота