- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Літургія Мукі Пана ў Ватыкане: Касцёл павінен несці адзінства

[1]Вернікаў падзяляе палітычны выбар, а не дагматы, калі для іх панаванне гэтага свету становіцца важнейшым за Валадарства Божае, — адзначыў прапаведнік Папскага дома.

Казанне кардынала Раньера Канталамесы прагучала падчас Літургіі Мукі Пана, якую Папа Францішак цэлебраваў 2 красавіка 2021 г., у Вялікую пятніцу, у базыліцы св. Пятра.

“Усе людзі з’яўляюцца братамі як стварэнні аднаго Бога і Айца. Да гэтага хрысціянская вера дадае другую важную прычыну. Мы браты не толькі з прычыны стварэння, але і з факту адкуплення; не толькі таму, што ва ўсіх нас адзін Айцец, але таму, што ва ўсіх нас адзін брат, Хрыстус, “першародны сярод многіх братоў”, — звярнуў увагу папскі прапаведнік.

Ён адзначыў, што «каталіцкае братэрства паранена», паколькі «Хрыстовы плашч быў разарваны на кавалкі праз падзелы паміж Касцёламі”. Але ў Божых вачах Касцёл «адзіны, святы, каталіцкі і апостальскі»; ён будзе заставацца такім да канца свету. “Аднак гэта не апраўдвае нашых падзелаў, наадварот, робіць нас больш вінаватымі ў іх і стымулюе да іх гаення”, — заўважыў кардынал Канталамеса.

Найбольш частай прычынай падзелаў сярод католікаў “не з’яўляюцца дагматы”, гэта палітычны выбар, калі ён пераважае над рэлігійным і касцёльным, калі вернік, выступаючы за нейкую ідэалогію, цалкам забываецца пра каштоўнасць і абавязак паслухмянасці Касцёлу.

Капуцын нагадаў, што ў часы Езуса была таксама «моцная палітычная палярызацыя», але Ён не стаў на ніводзін бок, энергічна супраціўляючыся спробам зрабіць гэта. Першая хрысціянская супольнасць аддана ішла тым жа шляхам. Гэта прыклад і для сённяшніх пастыраў, якія павінны пасвіць усю аўчарню, а не толькі адну яе частку.

Прапаведнік Папскага дома выказаў перакананасць, што харызма, якую Каталіцкі Касцёл абавязаны захоўваць на карысць усіх супольнасцей, – гэта адзінства.

Беларуская рэдакцыя [2] Vatican News