- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Лістападаўскі з’езд святароў і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі прайшоў у Мёрах

[1]11 лістапада ва ўспамін св. біскупа Марціна Турскага ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах праходзіла сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі разам з біскупам Алегам Буткевічам.

Як адзначыў на самым пачатку іерарх, “перад усім гэта сустрэча з Езусам, са Словам Божым, якому мы сталіся слугамі. Божае слова нагадвае, каб не чакаючы ўзнагароды тут у гэтым свеце, мы чакалі і спадзяваліся на тую вялікую ўзнагароду, якую Бог абяцае тым, хто верна яму служыць. Спрабуйма кожны раз абуджаць у сабе гэтае жаданне вернага служэння Слову, служэння тым, каму гэта Слова праз нашу дзейнасць кіруем. І не толькі словам, але перадусім нашым жыццём. Памятаем пра тое, што Езус высылаў сваіх апосталаў як сведкаў свайго ўваскрасення, сведкаў сваёй любові і міласэрнасці да кожнага чалавека.”

Духавенства перажывала гэту сустрэчу напярэдадні дыяцэзіяльнай урачыстасці ў касцёле, дзе асаблівым чынам ушаноўваецца галоўны апякун Віцебскай дыяцэзіі св. Язафат Кунцэвіч. Прысутныя дзякавалі Богу за сведку адзінства Хрыстовага Касцёла і праз яго заступніцтва прасілі аб ласцы далей імкнуцца сваёй дзейнасцю і жыццём гэтае адзінства будаваць у бліжэйшым сваім асяроддзі.

Адметнай рысай сустрэчы стала святая Імша на лацінскай мове — мове Касцёла. Як адзначыў біскуп Алег, каб яна не была забытай і занядбанай, а нагадвала нам пра прыналежнасць да паўсюднага Хрыстовага Касцёла.

[2]

У гаміліі біскуп Алег звярнуў увагу на служэнне святара, якое з’яўляецца служэннем Слову і служэннем словам. Святыя Марцін Турскі, Андрэй Баболя, Язафат Кунцэвіч служылі словам, якое часта не падабалася іншым. Сёння мы служым Слову і служым словам, і яно павінна быць пачута людзьмі, якія гэтага прагнуць.

Пасля Імшы адбылася канферэнцыя для святароў, якую правёў а. Аляксандр Жарнасек МІС пра вялікую неабходнасць чытаць, пазнаваць і карыстацца Божым словам у штодзённым жыцці, а таксама пра часам “хворую” Марыйную пабожнасць сярод вернікаў.

Для манахінь кс. Валерый Марціноўскі нагадаў аб першым пакліканні сясцёр Віцебскай дыяцэзіі — служыць дабру ўсяго Касцёла. Гледзячы на колькасць сясцёр, нават сёння ў параўнанні з колькасцю святароў, можна сказаць, што сёстры ўнесены ў «Чырвоную кнігу». Езус паклікаў кожную па імені, выбраў на сваю ўласнасць. Выбраныя праз Яго маюць характэрныя рысы:

Пасля канферэнцый былі абвешчаны бліжэйшыя падзеі ў дыяцэзіі. Біскуп Алег зрабіў невялікую справаздачу пасля працэсу перарэгістрацыі парафій, адкуль вынікае, што на дадзены момант у Віцебскай дыяцэзіі зарэгістраваны 85 парафій у 9 дэканатах. Актуальна служаць 64 святары, 2 дыяканы і 37 сясцёр законных.

[3]

Наступная сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў адбудзецца 18 снежня ў Наваполацку.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота