[1]З 19 па 26 ліпеня ў Ідолце дзейнічаў летнік для скаўтак звязу святой Монікі з Полацка. Ён стаў кульмінацый усіх сустрэч, што адбываліся на працягу года ў скаўцкіх адзінках і быў накіраваны на замацаванне і дэманстрацыю навыкаў, якімі авалодалі дзяўчаты.
У склад звязу святой Монікі ўваходзяць два кап’і дзяўчат-скаўтак ва ўзросце ад 12 да 16 гадоў: «Ластаўкі» і «Куніцы». Кожнае кап’ё па-свойму арганізоўвала месца летніка.
Скаўцкі летнік адрозніваецца ад іншых. Тут паўсюль чысціня і парадак, а ўсе прыстасаванні зроблены без адзінага цвіка, каб не нанесці шкоды прыродзе. Дзяўчаты самі наладжвалі сваё месца побыту: прыбіралі тэрыторыю ад ламачча, ставілі намёты, арганізоўвалі зоны для прыгатавання ежы, правядзенне сустрэч і адпачынку.
Кожнага, хто прыходзіць у летнік, скаўткі сустракаюць з усмешкай. Усе дзяўчаты апранутыя ў скаўцкую форму. Яна з’яўляецца знакам для ўсіх, хто не належыць да скаўтаў. Галоўныя знешнія прыкметы: скаўцкі крыж, прышыты да берэта (металічны) і на грудзях — гэта знак прыналежнасці скаўтаў да хрысціянскай супольнасці, знак веры, а закасаныя рукавы і расшпілены каўнер — знак таго, што скаўты заўсёды гатовыя да служэння Богу і бліжняму.
Акрамя агульных сімвалаў, як, напрыклад, двухкаляровая хусцінка, якую носяць на шыі ў выглядзе гальштука, прымяняюцца і знакі адрознення. Аднак каб мець на сваёй вопратцы пэўныя нашыўкі і сімвалы, неабход заслужыць гэтае права. Дзяўчаты ў летніку дэманструюць свае ўмеласці і праходзяць праз пэўныя іспыты, каб атрымаць адпаведныя нашыўкі.
За арганізацыю летніка, правядзенне літургічных гадзін, вандровак, эстафет адказвала звязовая Тоня. З дапамогай горна, з выкарыстаннем азбукі Морзэ, яна збірала дзяўчат на малітву, раду, супольны адпачынак і іншыя справы.
Старэйшая скаўтка падкрэсліла: што скаўты будуюць сваё жыццё з выкарыстаннем права, якое дапамагае ісці шляхам няспыннага развіцця — фізічнага і духоўнага. Гэта фундамент, на якім адбываецца фармацыя. Скаўцкае права гаворыць не толькі пра тое, што ўдзельнік павінен быць добрым хрысціянінам і добрым чалавекам. Галоўны абавязак скаўта — штодзённы добры ўчынак. Кажучы адзін аднаму «Напагатове», яны падкрэсліваюць сваю адкрытасць на служэнне.
Скаўцкае права выконваецца скаўтамі не толькі тады, калі яны разам, калі апранаюць сваю форму або прымаюць удзел у служэнні. Скаўт аднойчы — скаўт заўсёды. Права напаўняе кожны крок скаўта, кожны яго ўчынак. Скаўцкае права — гэта агеньчык святла, які дапамагае знайсці жыццёвы шлях, што вядзе да Бога!
Летнік у Ідолце працаваў пад апекай ксяндза Алег Хмылко, духоўнага кіраўніка Душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі. Святар заўважыў, што каталіцкі скаўтынг у Беларусі ўзнік у 2000 годзе, выкарыстаўшы вопыт Федэрацыі еўрапейскага скаўтынгу, якая ў сваю чаргу стаіць на трох слупах – класічны скаўтынг, каталіцкі скаўтынг, еўрапейскае братэрства. Аднак датай нараджэння каталіцкага скаўтынгу Беларусі лічыцца 2001 год, калі на возеры Свір адбылася першая фармальная сустрэча беларускіх хрысціянскіх скаўтаў. Такім чынам 2026 год з’яўляецца асаблівым, таму што рух каталіцкіх скаўтаў і скаўтак Еўропы ў Беларусі перажывае юбілейны 25 год існавання.
У беларускіх рэаліях скаўтынг цесна звязаны з Касцёлам. Кожная суполка фактычна з’яўляецца парафіяльнай групкай. Гэта адрознівае наш рух ад еўрапейскіх федэрацый, дзе скаўты звычайна зарэгістраваныя як асобныя свецкія арганізацыі, хоць і цесна супрацоўнічаюць з парафіямі і таксама маюць душпастыраў. У 2003 годзе Апостальскі Пасад прызнаў федэрацыю скаўтаў рухам свецкіх Папскага права.
Святы Ян Павел ІІ пісаў: “Скаўтынг вучыць маладых людзей гонару, маралі і такім чынам вядзе іх да Бога…” Нашы скаўты аказваюць дапамогу святарам падчас святой Імшы, дапамагаюць пры арганізацыі працэсій, правядзенні ўрачыстасцей і іншых справах. Ужо шмат гадоў дзякуючы скаўтам перад Божым Нараджэннем распаўсюджваецца па парафіях Бэтлеемскі агонь, ажыццяўляецца служэнне на ўрачыстасцях у Будславе, Браславе і на іншых касцёльных мерапрыемствах.
У Віцебскай дыяцэзіі скаўцкія адзінкі існуюць у Полацку і Віцебску. Парафіяльныя групы скаўтаў маюць сваю структуру. Па ўзросце і прызначэнні вылучаюць тры адгалінаванні, кожнае з якіх мае сваю назву і свой сімвалічны колер. Дзяўчаты і хлопцы займаюцца асобна. Методыка і педагогіка скаўтаў базуюцца на пастаянных сустрэчах і выездах, падчас якіх ключавую ролю адыгрываюць самі ўдзельнікі. Кульмінацыяй такіх сустрэч з’яўляецца летнік, дзе можна набыць уменні, неабходныя ў штодзённым жыцці. Скаўтынг вучыць самастойнасці і супрацоўніцтву, рэалізацыі праектаў, а таксама дзейнасці ў публічнай прасторы. У сваю чаргу, бацькі шукаюць менавіта такога асяроддзя для сваіх дзяцей, дзе тыя могуць развівацца.
«Скаўтынг — гэта добрая магчымасць займацца моладдзю ў Касцёле», — падкрэсліў ксёндз Алег.
Жанна Закрэўская, kascelmery.by [7]








