LEGO замест казання? Пазнаёмцеся са святаром, які стварае незвычайныя мадэлі, якія набліжаюць да Бога

Святар Томас Эльберт паказвае, што LEGO можа быць не толькі цацкай, але і інструментам для евангелізацыі. Святар узнаўляе біблейныя сцэны і выкладае рэлігію ў творчай форме, заахвочваючы студэнтаў да стварэння мадэляў, натхнёных Святым Пісаннем.

У інтэрв’ю парталу katholisch.de айцец Томас Эльберт прызнаецца, што яго захапленне пачалося падчас пандэміі каранавіруса. Адным з яго заняткаў у той час было будаўніцтва з блокаў LEGO, і паколькі ў мінулым, падчас вучобы Вюрцбургу, ён вывучаў Біблію і Новы Запавет, вырашыў спантанна сабраць калядную сцэну нараджэння з блокаў LEGO. Вынік яго працы быў успрыняты з такім энтузіязмам, што святар вырашыў аналагічным чынам адлюстраваць іншыя біблейныя падзеі.

Цяпер айцец Томас выкарыстоўвае сваё захапленне як інструмент для евангелізацыі. Паколькі ён не мог прапанаваць вучням будаўніцтва з LEGO падчас школьных урокаў, ён арганізаваў пазакласныя мерапрыемствы, якія хутка набылі папулярнасць. Падчас гэтых заняткаў ён і вучні змаглі замацаваць веды, атрыманыя на ўроку, у займальнай форме — ствараючы сцэны з блокаў.

святар Томас Эльберт

«Напрыклад, тэмай гэтага года была біблейная чума. Вучні пабудавалі цэлы свет жаб. Такія вобразы сапраўды запомніліся дзецям. Тыповыя біблейныя гісторыі для дзяцей звычайна вельмі падыходзяць для ўсіх жывёл і пейзажаў. Біблія поўная прыгожых гісторый і з LEGO можна пабудаваць так шмат рэчаў», — адзначае святар.

Кс. Томас падкрэслівае, што прайграванне біблейных сцэн з дапамогай LEGO не мае нічога агульнага з інфантылізмам і не прымяншае іх сур’ёзнасці. Усё гэта дзякуючы таблічкам, якія ён размяшчае побач са сцэнамі, якія стварае — на іх заўсёды ёсць дакладнае апісанне таго, што яна ўяўляе, і кантэкст.

Нямецкі святар падкрэслівае, што стварэнне яго мадэляў LEGO ўключае ў сябе розныя этапы, у тым ліку планаванне. Многія з яго ідэй належаць яго вучням. Ён знаходзіць і заказвае блокі, неабходныя для стварэння біблейскіх сцэн у Інтэрнэце.

«Напрыклад, калі я кажу, што ў наступным годзе хачу пабудаваць Майсея на гары Харэб, я правяраю, колькі блокаў шэрага колеру мне патрэбна для гары. Паколькі я сам распрацоўваю дызайн амаль усіх сцэн, часам мне патрэбна больш дэталей, чым я чакаў на этапе будаўніцтва. Тады я проста заказваю больш, альбо нам даводзіцца ўносіць некаторыя змены ў сцэну», — тлумачыць святар.

Стварэнне біблейных мадэляў з дапамогай LEGO — гэта не толькі спосаб евангелізацыі, але і тое, што робіць айца Томаса шчаслівым.

«Ёсць прымаўка: наша задача як хрысціян — несці радасць свету. І калі я бачу столькі людзей, якія пакідаюць выставу з шчаслівымі тварамі, я сам шчаслівы», — тлумачыць айцец Томас Эльберт.

Паводле deon.pl
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку