[1]Існуе ўніверсальны для ўсіх хрысціянаў спосаб малітвы. У аснове яго ляжыць малітоўнае чытанне Святога Пісання. У каталіцкай духоўнай традыцыі гэты спосаб малітвы называецца “Lectio Divina”», што ў перакладзе з латыні азначае “Боскае Чытанне”. Першапачаткова такое чытанне было распрацавана ў якасці аднаго з элементаў манаскага правіла (дысцыпліны) у часы св. Бэнэдыкта Нурсійскага (480 – 547 гг.), які лічыцца заснавальнікам заходняга манаства.
Чытай — адгукайся — маліся – сузірай
Як было зазначана вышэй, “Lectio Divina” па сваёй сутнасці ёсць не што іншае, як малітоўнае чытанне Святога Пісання. У гэтым сэнсе нічога не змянілася з часоў айцоў Пустыні. Аднак само чытанне Слова Божага набыло крыху іншую характарыстыку. Фармальна ў “Lectio Divina” пачалі вылучаць чатыры этапы: Чытай (Lectio), Адгукайся (Meditatio), Маліся (Oratio), Сузірай (Contemplatio).
Дазвольце мне сказаць некалькі слоў пра кожны з гэтых этапаў “Боскага Чытання”. Першы этап – “Чытай” – як быццам зразумелы: мы проста чытаем. На жаль, у нашы часы “проста” ўжо ніхто чытаць не ўмее. Мы валодаем хуткаснымі тэхнікамі чытання; чытаем, як гэта робяць журналісты, праглядаючы першы і апошні абзац артыкула; як студэнты філолагі, праглынаючы тоўстыя фаліянты за дзве гадзіны; і больш за тое – мы ганарымся гэтым… Але тут трэба проста чытаць.
У апісаных выпадках не ідзе гаворка пра “інтэлектуальнае засваенне матэрыялу”, бо, чытаючы таксама і мастацкую літаратуру, мы не канцэнтруемся выключна толькі на інтэлектуальным разуменні сюжэту… Тут гаворка ідзе пра тое, каб слухаць і чуць! Так-так, слухаць і чуць. “Бог кажа ў цішыні” – такі надпіс можна і цяпер сустрэць на сценах некаторых манастыроў.
Другі этап – “Адгукайся”. Калі я згадаў, што пры чытанні Бібліі трэба слухаць і чуць, то не меў на ўвазе, што трэба з’ехаць з глузду і чуць галасы. Мы, хрысціяне, верым, што Слова Божае Духам Святым дзейнічае ў нашых сэрцах і знаходзіць водгук. Мы “чуем” тады, калі наша сэрца не застаецца абыякавым. Мы “адказваем” тады, калі ідзём за ўзрушэннем нашага сэрца, прытрымліваемся таго, што наказвае нам Святое Пісанне. Уласна, тут пачынаецца этап ”Адгукайся” – этап рэфлексіі. Гэта ступень, на якой мы задаём сабе пытанне: “Як я магу змяніць сваё жыццё ў адпаведнасці са Словам Божым, каторае толькі што пачуў?”
Трэці этап – “Маліся”. Хтосьці скажа: ну вось, дабраліся, нарэшце, і да малітвы! Вядома ж, не трэба думаць, што малітва пачынаецца толькі тут. Спяшаюся запэўніць, што мы молімся на ўсіх этапах “Lectio Divina”, бо малітва – гэта ўсё тое, што мы аддаём Богу. На гэтым жа, трэцім, этапе мы непасрэдна звяртаемся да нашага Бога, нашага Збаўцы Езуса Хрыста. А тэмай нашага малітоўнага звароту з’яўляецца ўсё тое, на што адгукнулася наша сэрца пры чытанні Святога Пісання.
Чацвёрты этап – “Сузірай”. Найбольш складана растлумачыць, што такое “сузірай”, што такое “сузіранне”… Напэўна, кожнаму з нас даводзілася мець такое пачуццё: вы ў лесе прыселі на пянёк, і прырода як быццам “прыняла” вас у свае абдымкі. Вы атрымліваеце асалоду ад навакольнага лесу і нават не заўважаеце, колькі часу вы ўжо там знаходзіцеся. Калі б у вас спыталі, пра што вы думалі ў гэты момант, то, мяркую, вам цяжка было б на гэта адказаць. Падобнае бывае і ў малітве. Толькі вы не ў лесе, а ў Слове Божым. Зрэшты, гэта толькі адзін аспект сузірання. Ці дойдзем да іншых? Калі Госпад дасць…
Lectio divina: практыка ў малой групе
Усё вышэйнапісанае датычыць асабістай малітвы, індывідуальнай практыкі “Боскага чытання”. Далей я хачу расказаць пра тое, як можна практыкаваць Lectio Divina ў малой групе. Малая група – гэта 3-10 чалавек, аднак аптымальным лічыцца калектыў, які складаецца з 5-6 удзельнікаў. Група стварае кола (пажадана вакол круглага стала), у цэнтры ставіцца свечка. Кожны ўдзельнік павінен мець пры сабе асобнік Святога Пісання і (пажадана) індывідуальны сшытак для запісаў.
У групе заўсёды павінен знаходзіцца вядоўца. Гэта той чалавек, каторы ведае, як праводзіць Lectio divina, хрысціянін-практык, што валодае лідарскімі навыкамі. У парафіі звычайна ролю такога вядоўцы выконвае святар або той, каму ксёндз даручыць гэтае заданне.
У абавязкі вядоўцы ўваходзіць перш за ўсё выбар біблейскіх тэкстаў для чытання і падрыхтоўка каментару. Звычайна варта абіраць тры фрагменты: 1) з Апостальскіх пасланняў або кнігі Дзеянняў апосталаў (ці Старога Запавету); 2) адзін псальм з Псалтыра; 3) фрагмент Евангелля. Вельмі зручна для гэтага браць чарговыя чытанні, прызначаныя на нядзельную Св. Імшу (Боскую Літургію).
Падрыхтоўка каментару
Вядоўцу неабходна напісаць каментар да абраных фрагментаў Бібліі. Заўважце, гэта павінен быць каментар, а не “мае думкі на тэму”. Патлумачу, у чым заключаецца розніца. У “маіх думках на тэму” мы выкладаем наша разуменне фрагмента Святога Пісання, а ў каментары мы рупліва выпісваем “сухую” інфармацыю з біблейскіх даведнікаў і энцыклапедый і спецыяльных біблейскіх каментароў, з каментароў святых Айцоў Царквы.
Хачу таксама дадаць, што сам каментар не павінен быць занадта доўгім. Хай ён займае каля пяці хвілін часу. Варта дзейнічаць па сітуацыі: напрыклад, вядоўца можа палічыць мэтазгодным падрыхтаваць толькі адзін, больш шырокі каментар да аднаго фрагмента Пісання. Такое таксама магчыма. Дазвольце ніжэй падаць як прыклад адзін з каментароў, што я падрыхтаваў некалі для парафіяльнай групы Lectio divina:
Каментар да Лк. 7, 2-10:
- Сотнік – рымскі афіцэр, цэнтурыён, кіраўнік 100—асабовага аддзела пяхоты. (У рымскім войску было 60 сотнікаў у легіёне, які налічваў 6000 жаўнераў. У часы Езуса на тэрыторыі Галілеі знаходзіліся 2 легіёны. Іх штаб-кватэра месцілася ў Дамаску на поўначы).
Сіла і маральнасць жаўнераў легіёна залежала ад цэнтурыёна. Цэнтурыёнаў маглі часта змяняць, пераносіць на іншае месца, павышаць. Частыя перамены патрэбны былі дзеля таго, каб цэнтурыён не прывязаўся да пэўнай групы людзей, што выключала таксама карупцыю.
Тое, што сотнік пабудаваў сінагогу (7,5) сведчыць:
– што сотнік, верагодна, быў празелітам або сімпатызаваў юдаізму падобна да Карнэлія (пар. Дзеі 10, 1-2);
– пра яго заможнасць (меў багацце);
– пра яго грамадскія сувязі;
Евангеліст Лука, які ёсць аўтарам Дзеяў, суадносіць гэты эпізод з эпізодам з Дзеяў пра сотніка Карнэлія (Дз 10).
- Аздараўленне слугі. Сотнік падыходзіць да просьбы мудра. Ён усведамляе, што з’яўляецца чужаземцам, афіцэрам войска акупантаў, не з’яўляецца юдэем. Вось чаму сотнік напачатку звяртаецца да старэйшын, каб тыя за яго ад яго імя прасілі Езуса. Калі Езус згадзіўся, то сотнік высылае сяброў сказаць Яму, што «ён не варты» (7, 6б).
Гэтым сотнік праяўляе клопат у дачыненні да рэлігійных пачуццяў Езуса-юдэя. Бо ў сотніка ў доме, па-першае, напэўна, было шмат выяваў, якія прадстаўлялі мілітарную перавагу Рымскай Імперыі. Па-другое, Езус выпадкова мог бы дакрануцца да чагосьці, што б Яго, паводле габрэйскага закону, зрабіла нячыстым.
Паслядоўнасць “Боскага чытання”
Пасля таго, як удзельнікі збіраюцца разам і рассаджваюцца вакол стала, вядоўца запальвае свечку. Пры гэтым ён можа вымавіць словы нейкай адпаведнай малітвы, напрыклад, “Святло Хрыстова асвятляе ўсіх”. Далей прамаўляе ўступную малітву. Гэтай малітвай можа быць “Ойча наш” або кароткая малітва сваімі словамі. Потым вядоўца аб’яўляе чытанне каментароў да прадугледжаных урыўкаў са Святога Пісання (калі каментары адсутнічаюць, то святар можа зрабіць свой уласны ўступ, аднак пазбягаючы формы казання). Пасля гэтага адбываецца чытанне ўрыўкаў са Святога Пісання. Удзельнікі па чарзе чытаюць фрагменты, а на чытанне Евангелля ўсе ўстаюць (калі ёсць святар ці дыякан, то тады ён абавязкова чытае Евангелле). Далей усё ізноў сядаюць і распачынаюць індывідуальнае чытанне і разважанне над Божым Словам, па меры магчымасці карыстаючыся прынцыпамі індывідуальнай практыкі Lectio Divina. Наступны пункт – гэта малітоўнае чытанне ўголас тых вершаў, якія кранулі наша сэрца. Першым пачынае чытаць вядоўца, і гэта знак для іншых удзельнікаў, што скончылася індывідуальнае разважанне і пачаўся наступны этап. Апошнім пунктам Lectio divina з’яўляецца абмен думкамі паміж удзельнікамі, што Госпад наш Езус Хрыстус адкрыў нам пра нас падчас разважання над Божым Словам. Вядоўца сочыць за тым, каб не парушаліся правілы абмеркавання, і пасля таго, калі ўсе ахвотныя выкажуцца, прамаўляе словы заключнай малітвы. Гэта можа быць кароткая малітва сваімі словамі.
Чатыры галоўныя прынцыпы абмену думкамі наконт Божага Слова ў малой групе
Хачу звярнуць вашу ўвагу на асаблівы этап у супольным “Боскім Чытанні” – гэта момант абмену думкамі. Магчыма, нехта пабачыў тут прыём, якім карыстаюцца псіхолагі. Увогуле, так яно і ёсць. Мы гэтым прыёмам карыстаемся для добрых мэтаў – дзелімся тым, як адгукнулася Слова Божае ў нашых сэрцах. Аднак каб удзел у абмеркаванні не нашкодзіў самім удзельнікам, вядоўца павінен памятаць і часта нагадваць іншым асноўныя прынцыпы абмену думкамі ў малой групе. Вось яны:
- Кожны мае права не дзяліцца. Гэта просты і зразумелы прынцып: нельга прымусіць чалавека падзяліцца. Падзяліцца з іншымі – гэта дар, які нам дораць нашы браты і сёстры. Мы можам і самі рабіць такі падарунак іншым, але толькі тады, калі ў нас ёсць што дарыць і ёсць жаданне гэта рабіць.
- Дзяліцца можна толькі тым, што Госпад наш Езус Хрыстус адкрыў нашаму сэрцу пра нас. Аповед можна пачынаць так: “я дзякую Госпаду сёння за наступныя словы…”. Скончыць варта лепш за ўсё словамі “дзякуй Табе, Божа” або “Амэн”, тады ўсе прысутныя будуць ведаць, што выказванне меркаванняў дадзеным удзельнікам скончана.
- Нельга вучыць або распавядаць “Божую волю” для іншых, “чытаць мараль”. Калі ўзнікаюць пытанні адносна разумення каментару або непасрэдна актуальных фрагментаў Святога Пісання, то варта іх задаць пасля заключнай малітвы святару ці вядоўцу.
- Нельга перабіваць асобу, якая дзеліцца, або каментаваць яе словы (напрыклад, так: “а ў мяне ўсё было дакладна гэтак жа, толькі яшчэ горш”).
- Усё, што было пачута, не выносіцца па-за групу, якая ўдзельнічала ў абмеркаванні. Гэтым правілам мы шануем пачуцці тых людзей, якія падзяліліся з намі сваім унутраным светам, сваімі асабістымі адносінамі з Богам, ды акрамя гэтага, магчыма, таксама сваімі праблемамі, а нават грахамі.
З пажаданнямі добрай малітвы, а. Андрэй Буйніч
Вашы водгукі можна даслаць на мэйл: a.buinich@gmail.com