[1]З моманту абрання і інаўгурацыі Папы Рымскага Льва XIV мінуў ужо год. Гэты час стаў важным для станаўлення новага пантыфікату ды адзначыўся значнымі падзеямі ў жыцці Каталіцкага Касцёла. Пра тое, якім мінулым год быў для беларуска-ватыканскіх стасункаў, у нашым матэрыяле.
Новыя дыпламаты
У цэлым першы год пантыфікату Папы Льва XIV праходзіў у рэчышчы палітыкі, закладзенай яго папярэднікам – Папам Францішкам, які адышоў у вечнасць 21 красавіка 2025 года. Стасункі з Беларуссю тут не былі выключэннем: 25 сакавіка Святы Айцец прызначыў новага Апостальскага нунцыя ў нашай краіне – Іньяцыа Чэфаліа, які да таго нёс дыпламатычнае служэнне ў Венесуэле. Біскупскае ж пасвячэнне новага нунцыя адбылося 22 мая, ужо пасля інаўгурацыі Папы Льва. То бок, хаця ён і быў прызначаны Папам Францішкам, уся яго дзейнасць у Беларусі праходзіць ужо пад кіраўніцтвам яго пераемніка.
Падчас пасвячэння Дзяржсакратар Яго Святасці кардынал П’етра Паралін выказаў перакананасць у тым, што з такой жа ўпэўненасцю, з якой ён вытрымаў цяжкасці служэння ў Венесуэле, цяпер новы нунцый зможа адказаць на новыя выклікі, “звязаныя з адносінамі з нашымі праваслаўнымі братамі” ў краіне, што яго прымае як нунцыя, “а таксама перад абліччам рэгіянальнай і кантынентальнай напружанасці”. Кардынал таксама параіў новаму нунцыю браць прыклад мужнасці са свайго святога заступніка – Ігнацыя Антыёхскага, біскупа і мучаніка, якога забілі драпежныя жывёлы ў рымскім Калізеі.
26 чэрвеня арцыбіскуп Чэфаліа быў ужо ў Мінску, дзе праводзіў першую афіцыйную сустрэчу з беларускімі іерархамі. А праз месяц, 23 ліпеня, ён абмеркаваў з міністрам замежных справаў Максімам Рыжанковым становішча Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, перспектывы дыялогу з Ватыканам і міжнародныя пытанні. 11 верасня новы нунцый уручыў даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку. Падчас гэтага кіраўнік краіны выказаў гатоўнасць абмяркоўваць з ім любыя пытанні глабальнага і двухбаковага фармату.
Паралельна змены ў дыпламатычных стасунках з Ватыканам адбываліся і з беларускага боку.
Яшчэ 20 снежня 2024 года Савет міністраў пастанавіў адкрыць пасольства Беларусі пры Святым Пасадзе, а 27 сакавіка новым паслом у Ватыкане прызначылі Юрыя Амбразевіча, які да таго займаў пасаду намесніка міністра замежных справаў, што паказвае важнасць гэтага кірунку для Мінска.
“Беларусь, змяняючы форму сваёй прысутнасці ў Ватыкане, зыходзіць з таго, што гэта дазволіць умацаваць нашы пазіцыі ў дзяржавах Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, а таксама дазволіць умацаваць нашы пазіцыі ў дачыненні да працы з грамадскімі элітамі, дзяржаўнымі элітамі еўрапейскіх краін і краін Паўночнай Амерыкі ў той частцы, што каталіцкая рэлігія мае магчымасць уплываць на іх падыходы”, – тлумачыў сам амбасадар Амбразевіч.
Сярод іншага ён паабяцаў працаваць з Ватыканам над магчымасцю падпісання канкардату, які б рэгуляваў становішча Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і пытанне якога абмяркоўваецца ці не з 2009 года. Паводле яго, канкардат не адкладаецца пад “сукно”, і падрыхтоўка дакументу будзе весціся “з дзяржаўных пазіцый”.
У Ватыкан Амбразевіч прыбыў таксама ўжо пры новым Папу. 21 чэрвеня ён уручыў яму даверчыя граматы ды абмеркаваў на асобнай сустрэчы сітуацыю ў рэгіёне, пытанні “двухбаковай супрацы Ватыкана і Беларусі на розных узроўнях, гуманітарныя ініцыятывы, праекты ў сферы адукацыі і культуры”.
Таксама варта згадаць развіццё стасункаў Беларусі з Мальтыйскім Ордэнам – каталіцкім рыцарскім ордэнам, які ў міжнародных стасунках мае статус дзяржавападобнага ўтварэння. 17 лістапада Амбразевіч, які з 22 мая таксама з’яўляецца паслом Беларусі пры Ордэне, уручыў даверчыя граматы вялікаму магістру Фра Джону Цімаці Данлэпу, абмеркаваўшы з імі ключавыя аспекты супрацы ды сітуацыю ў свеце. Амбасадар жа Ордэну ў Беларусі Дэвід Тракслер уручыў свае даверчыя граматы ў Мінску 11 верасня, у адзін дзень з новым Апостальскім нунцыем.
Перамовы з удзелам Гуджэроці
У Беларусі на долю новаму нункцыю выпала арганізацыя візіту кардынала Клаўдыа Гуджэроці, прэфекта Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў і былога Апостальскага нунцыя ў Мінску, які быў прызначаны спецыяльным пасланнікам Святога Айца на ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі. У сваім звароце да Гуджэроці Папа Леў XIV “пажадаў, каб яго добразычлівыя словы былі скіраваныя да прадстаўнікоў грамадзянскіх уладаў і ўсіх, хто рупліва ставіцца да паняцця рэлігійнай свабоды, нагадаўшы, што яна з’яўляецца прынцыпам сапраўднага міру і дабра чалавечай асобы”.
Перад прыездам у Беларусь, 16 і 17 кастрычніка, кардынал абмеркаваў пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння з паслом Амбразевічам ды сустрэўся з беларускімі біскупамі Юзафам Станеўскім і Аляксандрам Яшэўскім SDB, якія прыбылі ў Рым. За дзень да таго тыя праінфармавалі Святога Айца пра жыццё Касцёла ў Беларусі. У тым ліку былі закранутыя, паводле Vatican News, і “балючыя пытанні”, як, напрыклад, магчымасці сацыяльнага служэння ў шпіталях і вязніцах, пытанні прыналежнасці касцёлаў ды сітуацыю з Чырвоным і Кальварыйскім касцёламі ў Мінску.
Ужо 25 кастрычніка спецпасланнік Папы браў удзел у святочных урачыстасцях у Пінску, дзе перадаў вернікам прывітанне ад Святога Айца і заклікаў “працаваць разам, каб Касцёлы і Цэрквы, аб’яднаныя, разам стваралі лепшую будучыню”. Падчас візіту ён таксама наведаў Брэст, дзе ўзначаліў Імшу для моладзі, і Мінск. Там ён сярод іншага паразмаўляў з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандрам Румакам ды разам з нунцыем Чэфаліа абмеркаваў “актуальныя пытанні, якія ўяўляюць узаемную цікавасць”, з праваслаўным Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам. Але кульмінацыяй візіту стала сустрэча 27 кастрычніка кардынала з Аляксандрам Лукашэнкам.
“Я шчыра рады сустрэцца з Вамі. Я памятаю ўсе нашы сустрэчы, размовы, перамовы, абавязацельствы, якія мы выконваем, выканалі ці нешта не выканалі – мы сёння з вамі адкрыта, па-сяброўску пагаворым пра гэта. Я вельмі рады сустрэцца і абмеркаваць усе пытанні, якія, магчыма, назапасіліся ў нашых адносінах”, – сказаў на пачатку сустрэчы кіраўнік Беларусі.
Што канкрэтна абмяркоўвалася за зачыненымі дзвярыма, невядома. Але менш як праз месяц, 20 лістапада, Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі паведаміла, што візіт “надаў пазітыўны імпульс для далейшых кантактаў, важным вынікам якіх стала рашэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у знак міласэрнасці і павагі да Папы Рымскага памілаваць і вызваліць каталіцкіх святароў, якія адбывалі пакаранне ў месцах зняволення”. Як вынік, ксёндз Генрых Акалатовіч і айцец Анджэй Юхневіч OMI, якія знаходзіліся ў зняволенні, былі дастаўленыя ў Рым, дзе і знаходзяцца дагэтуль.
А што з візітам самога Папы?
Мінулы год запомніўся таксама запрашэннямі для Святога Айца наведаць Беларусь. Яшчэ 5 ліпеня падчас галоўных урачыстасцей у санктуарыі ў Будславе каталіцкія біскупы Беларусі запрасілі Льва XIV здзейсніць апостальскі візіт у краіну: “Мы запрашаем і з нецярплівасцю чакаем Папу Льва XIV у Беларусі. Мы сардэчна яго запрашаем”.
16 кастрычніка ўжо ў Рыме на прыватнай аўдыенцыі дэлегацыя беларускага Касцёла ўручыла Пантыфіку афіцыйнае пісьмовае запрашэнне здзейсніць візіт у Беларусь. Дакумент быў перададзены ад імя епіскапату, духавенства і ўсіх вернікаў краіны.
Праўда, Леў XIV, хоць і “з усмешкай і разуменнем прыняў запрашэнне”, адзначыў, што ягоны графік распланаваны на два гады наперад. Ён паабяцаў уважліва разгледзець запрашэнне, а адказ перадаць праз Апостальскую нунцыятуру ў Мінску.
Арцыбіскуп Станеўскі быў “поўны надзеі” на візіт Святога Айца ў Беларусь, бо “настаў той час, калі Пантыфік можа наведаць вернікаў Каталіцкага Касцёла і ўсіх людзей нашай Бацькаўшчыны”. На яго думку, добрыя стасункі і дыялог з праваслаўным Мітрапалітам Веніямінам, а таксама неаднаразовыя запрашэнні ў бок Папы ад кіраўніцтва дзяржавы сведчаць пра гатоўнасць на розных узроўнях прыняць Святога Айца ў Беларусі. “Ёсць усе магчымасці для гэтага (візіту ў Беларусь. – рэд). Хоць у Папы вельмі шмат задач, абавязкаў, мы зробім усё, што толькі зможам, для гэтага”, – сказаў у сваю чаргу кардынал Гуджэроці падчас урачыстасцяў у Пінску.
Праўда, праваслаўны Мітрапаліт Веніямін падчас сустрэчы з Гуджэроці назваў яшчэ адну ўмова такога візіту. Як паведамілі ў прэс-службе Беларускага экзархату, “неабходна ўлічваць факт таго, што ў краіне большасць вернікаў належыць да Беларускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату, і важна, каб тэма візіту абмяркоўвалася таксама са Свяцейшым Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам і з улікам меркавання Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы”.
Таму хіба і беларускі пасол Амбразевіч на навагоднім прыёме 9 студзеня 2026 года ў Ватыкане абмежаваўся перадачай віншавання з Божым Нараджэннем і Новым годам, а таксама “пажаданнем далейшых поспехаў у служэнні на карысць усяго чалавецтва”. Пра афіцыйнае запрашэнне наведаць Беларусь нічога не паведамлялася.
Мечыслаў Гапановіч