Папа Леў XIV: адукацыя з Ньюманам – гэта шлях да святасці

1 лістапада 2025 года Папа Леў XIV абвясціў святога Джона Генры Ньюмана Доктарам Касцёла і апекуном усіх, хто ўдзельнічае ў працэсе выхавання.

Гістарычнае рашэнне было абнародавана падчас святой Імшы з нагоды Юбілею Свету Адукацыі ва ўрачыстасць Усіх Святых.

Кардынал Ньюман – натхненне для выхавацеляў, а школы – “майстэрні прароцтва”

У сваёй гаміліі Пантыфік падкрэсліў, што велічная культурная і духоўная постаць англійскага кардынала стане натхненнем для новых пакаленняў, якія прагнуць бясконцасці. Святы Джон Генры Ньюман быў абвешчаны суапекуном выхавацеляў разам са святым Тамашам Аквінскім.

Папа назваў школы і ўніверсітэты “майстэрнямі прароцтва”, дзе жыве і пастаянна абвяшчаецца надзея. Ён звярнуў увагу на тое, што Евангелле Благаслаўленняў нясе ў сабе новую інтэрпрэтацыю рэчаіснасці і з’яўляецца шляхам і пасланнем Езуса-выхавацеля. Тое, што можа здавацца незразумелым для логікі свету, напаўняецца сэнсам у святле Божага Валадарства. Святы Айцец заахвоціў, каб школы і ўніверсітэты заўсёды былі месцамі слухання і практыкавання Евангелля.

Леў XIV заклікаў не дазваляць песімізму перамагчы, спасылаючыся на свайго папярэдніка, Папу Францішка, які назваў нігілізм самай небяспечнай хваробай сучаснай культуры. Проціяддзем з’яўляецца “ласкавае святло” (Lead, kindly light), пра якое пісаў у сваім знакамітым гімне святы Джон Генры Ньюман.

У цэнтры выхавання – канкрэтны чалавек, а яго мэта – святасць

Па словах Пантыфіка, задача адукацыі – прапанаваць гэтае святло тым, хто можа застацца ў палоне ценяў песімізму і страху, і зрабіць навучальныя ўстановы “парогамі цывілізацыі дыялогу і міру”.

У цэнтры выхаваўчага працэсу павінны знаходзіцца не абстрактныя індывіды, а канкрэтныя людзі, асабліва тыя, каго лічаць непрадукцыйнымі паводле параметраў эканомікі, што выключае і забівае. Папа нагадаў словы кардынала Ньюмана: “Бог даручыў мне працу, якую не даручыў нікому іншаму”. Кожны чалавек мае ўнікальны ўклад, і задача адукацыйных супольнасцей – заахвочваць і цаніць гэты ўклад.

Хрысціянская адукацыя, як падкрэсліў Святы Айцец, дапамагае кожнаму стаць святым, адкрываючы ўласнае пакліканне. Ён нагадаў пра ўсеагульнае пакліканне да святасці, якое Другі Ватыканскі Сабор зрабіў істотнай часткай свайго паслання. Святасць прапануецца ўсім як асабісты і супольнасны шлях, акрэслены Благаслаўленнямі.

Папа Леў XIV завяршыў гамілію цытатай са святога Аўгустына, якога вельмі цаніў Ньюман, пра тое, што ўсе мы – таварышы па вучобе, якія маюць аднаго Настаўніка, чыя школа на зямлі, а кафедра – у небе.

кс. Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку