Ад зачацця да натуральнай смерці — Курытыба, якую называюць сталіцай бразільскай Палоніі, стала першым горадам у краіне, які афіцыйна атрымаў статус горада, што выступае «у абарону жыцця».
Гэта не проста сімвалічны тытул; гэта канкрэтнае абавязацельства па абароне чалавечага жыцця. Новыя нарматыўныя акты прадугледжваюць падтрымку цяжарных жанчын, садзейнічанне ўсынаўленню, паліятыўную дапамогу, а таксама падтрымку людзей, якія апынуліся ў крызіснай сітуацыі. «Падтрымка жыцця — гэта пастаянная місія», — падкрэслівае мясцовы арцыбіскуп Жазэ Антоніа Перуца.
Урачыстая цырымонія адбылася 6 кастрычніка. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі гарадскіх уладаў на чале з мэрам Эдуарда Піментэлам, мітрапаліт Курытыбы арцыбіскуп Жазэ Антоніа Перуца, а таксама прадстаўнікі арганізацый, якія займаюцца абаронай чалавечага жыцця і годнасці.
Падчас цырымоніі былі ўручаны памятныя шыльды, якія сведчаць пра набыццё горадам новага статусу. Гэта рашэнне грунтуецца на нарматыўным акце, які быў прыняты раней і дзейнічае з 27 жніўня.
Абарона жыцця ад зачацця да натуральнай смерці
Новыя законы накіраваны на падтрымку ініцыятыў па абароне чалавечага жыцця на ўсіх яго этапах. Яны прадугледжваюць распрацоўку дзяржаўнай палітыкі, якая спрыяе захаванню чалавечай годнасці, правядзенне асветніцкіх кампаній, а таксама ўзаемадзеянне паміж установамі ў сферы аховы здароўя, адукацыі і сацыяльнага абслугоўвання. Адной з мэт з’яўляецца таксама папулярызацыя ўсынаўлення як альтэрнатывы аборту.
Законапраект быў прадстаўлены членам гарадскога савета Таціянай Гузэлай. Ініцыятыва атрымала падтрымку іншых дэпутатаў гарадскога савета, а яе распрацоўцы папярэднічалі кансультацыі з удзелам архідыяцэзіі Курытыбы, гарадскіх уладаў і грамадскіх арганізацый, у тым ліку «Дом жыцця ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганнага Зачацця» (Casa Pró-Vida Nossa Senhora Imaculada).
Арцыбіскуп: Падтрымка жыцця — гэта пастаянная місія
Падчас цырымоніі мітрапаліт Курытыбы арцыбіскуп Жазэ Антоніа Перуца падкрэсліў, што гэтая ўзнагарода з’яўляецца, перш за ўсё, выразам удзячнасці тым, хто кожны дзень дапамагае найбольш уразлівым людзям.
«Падтрымка жыцця — гэта пастаянная місія. Гэтая ўзнагарода адзначае не толькі сам горад, але і ўсіх людзей, установы, якія прысвячаюць сваю працу абароне чалавечай годнасці, умацаванню салідарнасці і клопату пра тых, хто найбольш мае ў гэтым патрэбу», — адзначыў іерарх.
У сваю чаргу, мэр Эдуарда Піментэл выказаў надзею, што Курытыба стане прыкладам для іншых гарадоў Бразіліі.
Падтрымка цяжарных жанчын і сем’яў
Абарона жыцця ў Курытыбе не абмяжоўваецца толькі гэтымі новымі правіламі. Ужо 14 гадоў ініцыятыва «Rede Mãe Curitibana Vale a Vida» («Сетка маці Курытыбы: жыццё таго вартае») аказвае дапамогу цяжарным жанчынам, якія апынуліся ў складаных жыццёвых абставінах.
Праграма прадугледжвае прадастаўленне прытулку, а таксама псіхалагічную, медыцынскую і фінансавую падтрымку. Акрамя таго, у горадзе дзейнічаюць ініцыятывы, накіраваныя на паліятыўную дапамогу, псіхічнае здароўе, прафілактыку самагубстваў і сацыяльнае абслугоўванне. Адной з такіх ініцыятыў з’яўляецца сістэма, якая дазваляе жанчынам законна перадаць нованароджанага дзіцяці на ўсынаўленне пры падтрымцы адпаведных сацыяльных устаноў і судовай сістэмы.
Меры па забеспячэнні бяспекі ў сферы аховы здароўя
Сярод гарадскіх ініцыятыў — «Патруль жыцця і здароўя», які дзейнічае ў складзе муніцыпальнай гвардыі. Яго задача — гарантаваць бяспеку як персаналу, так і наведвальнікаў муніцыпальных медыцынскіх устаноў.
Як паведаміў мэр Эдуарда Піментэл, гэтая група таксама правярае паведамленні пра магчымае існаванне падпольных клінік па правядзенні абортаў і прымае прафілактычныя меры.
Наданне Курытыбе статусу першай у Бразіліі сталіцы, якая выступае «за абарону жыцця», заклікана падкрэсліць, што абарона жыцця ахоплівае не толькі перыяд да нараджэння, але і падтрымку сем’яў, хворых, пажылых людзей і ўсіх, хто сутыкаецца з цяжкімі жыццёвымі абставінамі.
misyjne.pl [2]
Пераклад Марыны Ткач
