- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Ксёндз Павел Самсонаў: Без Бога не да парога

[1]Гэта народнае выслоўе святар прывёў падчас адкрыцця трактарнага ралі ў вёсцы Парыж Пастаўскага раёна.

Гэта мерапрыемства прайшло на тэрыторыі Пастаўшчыны і Глыбоччыны ў суботу, 28 студзеня, і сабрала больш за чатыры тысячы гледачоў. Арганізатарам ралі выступіў Мінскі трактарны завод.

Ідэя яго правядзення была ўзятая са знакамітага аўтамабільнага ралі “Парыж – Дакар”.

Стартавала ралі ў вёсцы Парыж Пастаўскага раёна. Удзельнікаў мерапрыемства прывітаў кіраўнік Пастаўскага раёна Віктар Гутараў, намеснік дырэктара МТЗ Андрэй Суслянкоў, а таксама капітан каманды “МАЗ-СПОРТаўта” Сяргей Вязовіч. Дарэчы, гэта каманда нядаўна вярнулася са спаборніцтваў “Дакар-2017”, дзе заняла шостае месца, а МАЗ увайшоў у тройку лепшых аўтамабіляў. Прадстаўнікі гэтай каманды прыехалі на спартыўнай машыне, што ўдзельнічала ў сусветна вядомым ралі, каб сваёй прысутнасцю падтрымаць удзельнікаў ралі трактарнага.

Потым удзельнікаў ралі блаславілі праваслаўны і каталіцкі святары. Спачатку выступіў іерэй Георгій Лакотка, настаяцель храма Уваскрэсення Хрыстова з Варапаева, потым ксёндз Павел Самсонаў з Дунілавіч, дзекан Пастаўскага дэканата.

[2]

«У нашага народа заўсёды была традыцыя – усе значныя справы пачынаць з малітвы, – адзначыў ксёндз Павел, – бо толькі з Божай дапамогай можна дасягнуць добрых вынікаў. Таму і прыказка такая ёсць у беларусаў: Без Бога не да парога”».

Перад стартам праваслаўны святар акрапіў трактары святой вадой.

Па ўсяму маршруту тэхніку суправаджалі тэлекамеры і квадракоптары. На фінішы ў Мосары ўдзельнікаў ралі віталі тысячы людзей. Прысутнічала тут і прадстаўнічая афіцыйная дэлегацыя, у склад якой уваходзілі Мікалай Шарснёў, кіраўнік Віцебскай вобласці, Уладзімір Цярэнцьеў, старшыня Віцебскага аблвыканкама, Аляксандр Шумілін, старшыня Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях, Фёдар Дамаценка, генеральны дырэктар МТЗ, Аляксандр Агароднікаў, намеснік міністра прамысловасці, кіраўнікі Пастаўскага і Глыбоцкага раёнаў Віктар Гутараў і Алег Морхат, іншыя афіцыйныя асобы.

Падчас свайго выступу кіраўнік Глыбоцкага раёна Алег Морхат узгадаў, што гэтае ралі стала магчымым таксама і дзякуючы таму, што больш за дваццаць гадоў тут працаваў ксёндз Юозас Булька, які сваім адданым служэннем даў другое дыханне гэтым мясцінам: «Ён прывіваў любоў да бліжніх, нёс людзям прыгажосць, таму мы спадзяёмся, што гэтае намоленая зямля дасць чарговы штуршок нашаму машынабудаванню.»

[3]

Затым адбылося ўручэнне ўзнагарод. Пераможцам першага этапу ралі стаў Руслан Барсук, сярод прадстаўнікоў віцебскага аграпрама пераможцам стаў трактарыст ААТ “Ліпаўцы” Андрэй Мацвееў. Узнагароды атрымалі і іншыя ўдзельнікі ралі.

Арганізатары ралі выказалі спадзяванне, што гэта мерапрыемства стане традыцыйным і ў наступным годзе зноў збярэ ўдзельнікаў і гледачоў.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа