9 студзеня 1924 года ў Шаркаўшчыне ва ўзросце 29 гадоў памёр кс. Зянон Якуць. Ён быў адным з нямногіх святароў, якія сто гадоў таму ўжывалі беларускую мову ў казаннях. “Няведама, што вышэй было ў асобе Кс. З.: яго пастырства духоўнае, яго беларускасьць, ці яго важкасьць, як чалавека. Усе гэтыя тры ўласнасьці нябожчыка станавілі адзін суцэльны, адзін ідэальны, адзін нязвычайны характар”, – пісаў пра яго вядомы беларускі дзеяч кс. Адам Станкевіч.
Пра тое, як у Дзісенскім павеце пачалі прамаўляць першыя казанні па-беларуску падчас візітацыі біскупа Эдварда Ропа летам 1917 года, я пісаў у “Каталіцкім Весніку” №7 і №8 за 2022 год. У той час у Шаркаўшчыне казанне па-беларуску прамовіў кс. Міхал Пятроўскі, і па просьбе вернікаў біскуп прызначыў яго там пробашчам. Кс. Пятроўскі працягваў прамаўляць беларускія казанні ў час фэстаў і ўрачыстасцяў. У 1919 годзе замест яго ў Шаркаўшчыне стаў служыць кс. Антоні Усціловіч, а ў 1920 годзе яго змяніў 26-гадовы кс. Зянон Якуць.
Зянон Якуць нарадзіўся 22 студзеня 1894 года ў засценку Скурцішкі каля Відзаў у сям’і Яна і Юзэфы (з дому Гасянцоў) Якуцяў. У 1912 годзе скончыў школу ў Відзах і пасля паступіў у духоўную семінарыю ў Вільні. Прыняў святарскае пасвячэнне ў 1919 годзе. Захаваўся абразок з прыміцыйнай Імшы, якую кс. Зянон Якуць адслужыў 9 чэрвеня 1919 года ў Лынтупах. “І ўвайду да алтара Божага, да Бога, Які весяліць маю маладосць”, – гэтую цытату з 43-га псальма змясціў на абразку новапрэзбітар. Ці думаў тады ён, што ў маладосці яго зямное жыццё і скончыцца?
Першы год святарства кс. Зянон Якуць служыў вікарыем у Лынтупах. Там выпісваў газету “Krynica”, якую выдавалі ў Вільні дзеячы Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі на чале з кс. Адамам Станкевічам. Наогул у Лынтупах у тыя гады была пэўная колькасць свядомых беларусаў, і нават на некаторых крамах у 1920 годзе віселі беларускія шыльды.
Стаўшы пробашчам у Шаркаўшчыне, кс. Зянон Якуць апісваў моўную сітуацыю ў сваёй новай парафіі наступным чынам: “Шаркаўская парафія што да народнасці бадай выключна ёсць беларуская. Усіх яе жыхароў штодзённай мовай ёсць беларуская, іншую мову, напр. польскую яны разумеюць з вялікім трудом. Выняткі нямногія. Дзеля гэтага ўва ўсіх адносінах да парафіян, як відаць з натуры рэчаў, трэба карыстацца мовай беларускай, а так жа ў споведзі і казаннях; тым больш гэта патрэбна, бо ў касцёл ходзяць і праваслаўныя, якія мовы польскай сусім не разумеюць, а якіх наварот да праўдзівай веры Каталіцкага Касцёла ёсць пажаданы”.
Ад пачатку свайго служэння ў Шаркаўшчыне кс. Зянон Якуць прамаўляў казанні як на польскай, так і на беларускай мовах. Беларускія казанні былі падчас фэстаў і ўрачыстасцяў. Гэтаму перашкаджалі польскія ўлады, якія хацелі ўмацаваць у нашым краі польскасць, у тым ліку выкарыстоўваючы для гэтага Касцёл. Асабліва нетактоўна паводзіў сябе начальнік ІІІ раёна Дзісненскага павета Мечыслаў Сташкевіч, які не саромеўся выдаваць “загады” кс. Віктару Шутовічу ў Барадзенічах і кс. Зянону Якуцю ў Шаркаўшчыне, каб тыя прамаўлялі ў касцёле толькі па-польску. Такі вусны загад перадаў Сташкевіч кс. Якуцю перад урачыстасцю Спаслання Святога Духа 15 мая 1921 года.
“Ведаючы, што начальнік раёну ня мае права даваць такога распарадку, бо ён ня біскуп – казаньне меў я і пабеларуску, – пісаў кс. Зянон Якуць. – Хаця начальнік, на згаршэнне цэлай парафіі, ніколі ў касьцёле ня бывае, тым разам аднак, даведаўшыся, што будзе казаньне пабеларуску 15 мая г. г., прыбыў пад касьцёл і калі ксёндз пачаў мовіць беларускае казаньне, раёновы стаў называць біскупа і ксяндзоў бальшавікамі, халерай і т. п. Гэта дзеілася пры многіх сьведках”.
Варта сказаць, што нацыяналістычная частка польскага грамадства адкрыта выказвала нянавісць не толькі да беларускіх і літоўскіх ксяндзоў, але і да біскупа Юрыя Матулевіча, які кіраваў Віленскай дыяцэзіяй у 1918-1925 гг. Прычынай нянавісці было справядлівае стаўленне біскупа да беларусаў і літоўцаў. У 1987 годзе Папа Ян Павел ІІ абвясціў Юрыя Матулевіча бласлаўлёным.
Каб адбіцца ад прэтэнзій уладаў, шаркаўшчынскія парафіяне пачалі збіраць подпісы пад дэкларацыяй, што хочуць мець казанні па-беларуску. Толькі з дзвюх вёсак было сабрана паўсотні подпісаў. Калі пра збор даведалася паліцыя, забрала ў беларускай актывісткі Мальвіны Радзюк з вёскі Граўжы аркушы з подпісамі, а саму Мальвіну пратрымала некалькі дзён у турме ў Глыбокім.
Кс. Зянон Якуць запрасіў працаваць арганістам у Шаркаўшчыне Вінцэнта Мядзёлку, бацьку грамадскай дзяячкі Паўліны Мядзёлкі. Перад тым Мядзёлка працаваў арганістам у Глыбокім. Ён заставаўся арганістам у Шаркаўшчыне да 1934 года, а яго сын Казімір займаўся там беларускай грамадскай і палітычнай дзейнасцю. Пры ўдзеле Казіміра Мядзёлкі ў 1927 годзе мясцовыя жыхары дамагліся вывучэння беларускай мовы як прадмета ў Шаркаўшчынскай школе.
Кс. Зянона Якуця часта запрашалі на ўрачыстасці святары з суседніх парафій. Сярод іншага, захаваліся згадкі, што ў 1923 г. ён прапаведаваў па-беларуску ў Германавічах і Лужках. “Аб гэтым Якуцю прыйшоў да мяне розгалас, што ён – беларус і што чалавек дзейны, добры прамоўца, спавядальнік і г. д. – усё самае найлепшае. Добра! Я-ж гэта – дай – запрасіў яго летам на фэст, а ён – шусь – і прыехаў да мяне. Аказалася, што слава яго ня была пустая: ён сказаў такое казанне па-беларуску, што на доўга засталося ў людзей у памяці. Дый спавядаў людзей працавіта і падчас абеду быў весялун, што ўсім дапаў да сэрца”, – пісаў кс. Язэп Германовіч, пробашч у Лужках у 1921-1924 гг і беларускі пісьменнік, які пісаў пад псеўданімам Вінцук Адважны. “Яго казаньні ў касьцеле ў нашай жывой беларускай мове былі праўдзівым бальсамам для набалеўшай душы беларускай. Яго прыклады жыцьцёвыя пераходзілі з хаты да хаты, па далёкіх вёсках і парафіях Дзісенскага павету. Беларускія навукі гаворацца тут толькі на фэстах, і то аж па нешпары; але народ чакае. Навет, найдалейшыя чакаюць, бо “будзець навука па-нашаму”, бо “ксёндз шаркаўскі будзець гаварыць”, – пісаў кс. Германовіч пасля смерці кс. Якуця.
Нечакана ў канцы 1923 года кс. Зянон Якуць моцна захварэў. Кс. Францішак Рамэйка, пробашч з Задарожжа, паехаў адведаць хворага калегу і дапамагчы яму на парафіі. Яму давялося ўдзяліць кс. Якуцю апошнія сакраманты, а таксама арганізоўваць ягонае пахаванне. 9 студзеня 1924 года святар памёр. На пахаванне сабраліся адзінаццаць каталіцкіх святароў і двое праваслаўных, а таксама тысячы вернікаў. У час Імшы казанне па-польску прамовіў кс. Ільдэфонс Бобіч, пробашч з Германавічаў, а пасля Імшы па-беларуску – кс. Язэп Германовіч. Гэта было апошняе казанне па-беларуску ў Шаркаўшчыне аж да 1990-х гадоў. Паэт Казімір Сваяк (кс. Канстанты Стэповіч) адгукнуўся на смерць кс. Якуця вершам, які надрукавала віленская газета “Krynica”. Кс. Адам Станкевіч напісаў у “Krynicy” ўспамін пра кс. Якуця: “Гэта быў праўдзівы духоўнік, праўдзівы слуга Хрыстуса. Не кланяўся ён і не плашчыўся прад сільнымі і багатымі, гнеў іхны не страшны для яго быў; нябожчык быў праўдзівым апосталам праўды, шчырасьці, чыстасьці сумленьня. Маючы прад сабой блізу выключна беларусаў, кс. Зянон, як праўдзівы апостал, разглашаў навуку Хрыстуса пераважна ў роднай мове сваіх бедных слухачоў. Глыбока разумеў Кс. З. важнасьць беларускага адраджэньня, цаніў яго і прыкладаў да справы роднай усе свае сілы.
Нязвычайна высока стаяў сьв. п. Кс. З. і як чалавек. Ня лёгка апісаць характар ягоны, бо людзей такіх мала ёсьць на сьвеце. Ён заўсёды быў вясёлы, здаецца ніякая хмарынка ніколі не пакрывала чала яго, быў добры і ўслужны, ніколі не зацямніўся гневам добры твар ягоны; ён быў суровы да сябе самога, а мяккі і мілы для другіх; ён быў вольны ад прагавітасьці багацьця, ад срэбралюбства; ня знайдзецца чалавек, які закіне яму гэта. Няведама, што вышэй было ў асобе Кс. З.: яго пастырства духоўнае, яго беларускасьць, ці яго важкасьць, як чалавека. Усе гэтыя тры ўласнасьці нябожчыка станавілі адзін суцэльны, адзін ідэальны, адзін нязвычайны характар”.
У кс. Якуця засталася старая маці. Яна мела восем дзяцей і ўсіх пахавала – кс. Зянон быў апошнім. На магіле святара стаіць добры помнік з каменю ў выглядзе кнігі. “Памяць ад смуткуючай маці і парафіянаў”, – напісана на аснове помніка. Маці святара, Юзэфа Якуць, пахаваная побач.
Кастусь Шыталь
Аўтар выказвае падзяку Руслану Чатырку за апрацоўку фота пры дапамозе нейрасеткі.
Казімір Сваяк. На сьмерць коллегі Кс. З. Якуця
О, Браце мой у долі і нядолі!
Паверыў я, што лёг ты ў магілу,
Бо-ж сумна так стагнаў твой дух ад болі,
Што твой народ згубіў айчыну мілу…
Так верыў ты, што час свабодны прыйдзе,
Дух Божы ўвыш народ з працьмы падойме,
Нячыстага аддасьць навек агідзе,
Нас зорам дабраты адвечнае абойме –
Любіў народ ты, Браце, сэрцам цэлым
І зразумеў яго бяду духову;
Вучыў яго, ад горачы збалелы,
Каб уміраць і жыць заўсёды быў гатовы.
Ты адышоў, згарэўшы як афяра,
За наш народ, – за вечную ідэю
Яго душы: пражыці не як мара
На сьвеце бед, а мець надзею
Здабыць той зьніч з грудзей самога Бога,
Што шчасьце дасьць жывому чалавеку…
Ах, цяжкая туды, Браток, дарога, –
Хоць значана нам Божанькай спрадвеку.
Агонь ты нёс і сьветачам быў зорным,
Гарэў пламенна цэлаю істотай, –
Прад Богам быў і кволы і пакорны,
Людзям служыў з анельскаю ахвотай.
О, будзь шчасьліў!.. Бо ты жывеш – я веру,
Хоць пад дзярном галоўка супачыла…
І я сабе магілу ўжо адмеру,
Ах, бо мяне знямога асіліла.