[1]З 18 па 20 сакавіка ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне прайшлі велікапосныя рэкалекцыі. Па запрашэнні айцоў сэрцанаў, якія там служаць, абвясціць Божае слова і дапамагчы яшчэ больш падрыхтавацца да Велікодных святаў, прыехаў кс. Павел Ярашэвіч, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пружанах (Пінская дыяцэзія).
У апошні трэці дзень рэкалекцый па вуліцах Шаркаўшчыны вернікі прайшлі Крыжовым шляхам, несучы на плячах вялікі драўляны крыж. Жанчыны і мужчыны, моладзь і святары неслі па чарзе сімвал збаўлення па вуліцах роднага мястэчка.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, фота









































