- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Крыж з калючага дроту. Сімвал падзелу стане знакам надзеі на Сусветных днях моладзі ў Сеуле

[1]Магутны сімвал прымірэння будзе суправаджаць Сусветныя дні моладзі ў Сеуле ў 2027 годзе: выведзены з эксплуатацыі калючы дрот з дэмілітарызаванай зоны, якая аддзяляе Паўночную і Паўднёвую Карэю, будзе пераўтвораны ў вялікі «Крыж міру».

Пра гэта паведамляе агенцтва Fides, тлумачачы, што праект, які ўжо пачаўся, мае на мэце паставіць тэму падзелу Карэйскага паўвострава ў цэнтр Сусветных дзён моладзі, ператварыўшы сімвал канфлікту ў пасланне надзеі. Крыж вышынёй прыблізна пяць метраў будзе прадстаўлены маладым людзям з усяго свету падчас сустрэчы ў Сеуле і благаслаўлёны Папам.

Ініцыятыва, якую прасоўваюць архідыяцэзія Сеула і фонд «Together Walking», мае на мэце заахвоціць маладых людзей ператвараць сімвалы падзелу ў магчымасці для прымірэння, малітвы і абнаўлення, у тым ліку ў асабістым жыцці.

12 красавіка ў кафедральным саборы Мёндон адбылося адкрыццё праекта пад кіраўніцтвам арцыбіскупа Сеула ў прысутнасці валанцёраў і арганізатараў Карэйскага СДМ. Арцыбіскуп Пітэр Сун-Тайк Чунг нагадаў, што гэтак жа, як крыж, дзякуючы Хрысту, ператварыўся з прылады смерці ў знак жыцця і прымірэння, так і гармонія і мір могуць узнікнуць з разлому вайны.

Калючы дрот апрацоўваецца ўручную і пляцецца ў форму крыжа. Гэтая праца будзе працягвацца да красавіка 2027 года і кожную нядзелю будзе прыцягваць вернікаў, моладзь і жыхароў да гэтага практычнага і духоўнага досведу. Акрамя практычнага ўдзелу, удзельнікам прапануецца паразважаць над асабістымі і сацыяльнымі ранамі і памаліцца за мір. Мэта праекта — распаўсюджваць пасланне інтэграцыі і прымірэння, якое выходзіць за межы Касцёла, прыцягваючы ўсё карэйскае грамадства.

Карэйская дэмілітарызаваная зона (ДМЗ) — гэта добра ўмацаваная паласа зямлі даўжынёй прыблізна 238-250 км. і шырынёй 4 км., створаная ў 1953 годзе для аддзялення Паўночнай Карэі ад Паўднёвай Карэі пасля Карэйскай вайны. Нягледзячы на ​​сваю назву, гэта адна з самых мілітарызаваных межаў у свеце, якая служыць буфернай зонай. Яна праходзіць паблізу 38-й паралелі.

niedziela.pl [2]
Пераклад Марыны Ткач