[1]Год таму кравец Папы з вялікай радасцю адрэагаваў на абранне Наступнікам Святога Пятра кардынала Роберта Прэвоста. У інтэрв’ю нямецкаму штотыднёвіку «Die Zeit» Раньера Манчынэлі сказаў: «Калі яго імя было названа падчас абвяшчэння «Habemus Papam», я заплакаў ад радасці».
Манчынэлі тлумачыць, што яшчэ да абрання лічыў яго добрым кандыдатам: «Ён проста вельмі спакойны, стрыманы і даступны чалавек». Калі кардынал Прэвост нешта замаўляў, то казаў: «Калі сутаны будуць гатовыя, патэлефануйце мне або дашліце мне тэкставае паведамленне». Ён сам забіраў рэчы.
У цяперашні час краўцу не трэба зноў здымаць меркі Папы Льва XIV, таму што яны ў яго ёсць яшчэ з часоў, калі ён быў кардыналам: «З таго часу ён не схуднеў і не набраў вагу». Паколькі Святы Айцец, у свае 70 гадоў, «даволі малады для Папы», яму, верагодна, давядзецца зноў сутыкнуцца з краўцом у будучыні. У рэшце рэшт, ён можа заставацца на пасадзе дваццаць гадоў. «Ці буду я тут да таго часу — гэта іншае пытанне», — кажа 88-гадовы Манчынэлі.
Спадар Манчынэлі кажа, што ён рады і ганарыцца тым, што многія СМІ адносяць Папу Льва XIV да найлепш апранутых і стыльных асоб у свеце. Як кардынал Прэвост, ён не выказваў нейкіх асаблівых пажаданняў. Яго стыль класічны. «Ніякай раскошы, ніякіх танных рэчаў. Стрыманая элегантнасць», — кажа Манчынэлі.
Для Папы Францішка, які шмат рухаўся, было асабліва важна, каб тканіны былі трывалымі і ўстойлівымі да разрываў. Папа Францішак, аднак, правакаваў сваім простым стылем і сціплым адзеннем: «Настрой сярод духавенства быў напружаны: адны прынялі яго, іншыя былі скептычна настроены». Цяпер, з «Папам Львом», вярнулася гармонія: «У гэтым пытанні больш міру і спакою». Тое, што носіць Папа, задае стыль усяму Касцёлу.
gosc.pl [2]
Пераклад Марыны Ткач