- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Кніга “Людзі на балоце”. Іван Мележ

[1]“Людзі на балоце” – першы з эпічнага цыклу раманаў Івана Мележа “Палеская хроніка”. Твор пабачыў свет у 1962 годзе. У ім ідзе аповед пра людзей беларускай вёскі 20-30 х  гадоў ХХ стагоддзя.

Глухое Палессе, вёска Курані і яе жыхары жывуць самым простым сялянскім жыццём: сяўба і збор ураджаю, догляд жывёлы, апрацоўка зямлі, вырашэнне простых надзённых пытанняў, праца ад рання да змяркання. Здавалася б, што асабліва цікавага можна распавесці пра вёску? Чым блізкі чытачу можа быць сюжэт кнігі пра далёкае Палессе?

Адказ на гэтае пытанне дае сам аўтар у сваіх нататках. Яго задумай было “Напісаць вялікую рэч пра тое, як мянялася і ламалася псіхіка беларускага селяніна з 1914 года да нашага дня”. Па натхненне для сваіх вобразаў Івану Мележу не давялося ісці далёка. Ён нарадзіўся ў вёсцы Глінішчы, што на Гомельшчыне, у простай сялянскай сям’і. З дзяцінства бачыў жыццё і душу селяніна знутры.

У аснове рамана – трохкутнік сем’яў Дзятлікаў, Глушакоў і Чарнушкаў. Тры сям’і, у якіх змешваюцца розныя пакаленні, розныя сацыяльныя статусы, розныя погляды на жыццё і дабрабыт. Апроч таго, людзі жывуць у пераломны час: пачатак 30-х гадоў XX стагоддзя, перыяд калектывізацыі, якая ўскалыхнула ўсю краіну і ўсё сялянства, у тым ліку Беларусь.

Калі чытач з роздумам заглыбляецца ў падзеі рамана, то пачынае назіраць сумную рэч. Людзі так засяроджваюцца на сваёй штодзённасці, на цяжкай працы, на барацьбе за кавалак зямлі, на клопаце пра дасягненне дабрабыту, што страчваюць самае каштоўнае – глыбіню душы. І гэта нібыта аб’ядноўвае герояў твора, хоць характары і лёсы ў іх вельмі розныя.

Васіль Дзятлік – вобраз простага беднага беларускага мужыка. Здавалася б, ён працуе на зямлі, імкнецца да багацця, хоча мець уласную хату і гаспадарку. Нармальныя чалавечыя жаданні. Але, гартаючы старонкі рамана, мы адкрываем непрыемныя акалічнасці: у пагоні за дабрабытам можна здрадзіць каханню, праўдзе, сяброўству….і нават не заўважыць гэтага.

А вось іншыя вобразы – багатыя бацька і сын Халімон і Яўхім Глушакі. Іх сям’я не адчувала нястачы, але ж усе думкі і прагненні былі накіраваныя на тое, каб багацця станавілася больш і больш. “Багацей. Усяго багата, але груба – без прыгажосці і хараства”, – так пісаў аўтар пра Халімона Глушака ў сваіх нататках. І сапраўды, гэты чалавек глядзіць на жыццё з пазіцыі асабістай, уласнай, вельмі вузка зразуметай карысці. Яго сын Яўхім упэўнены, што грошы вырашаюць усё і даюць права на подласць, непавагу да іншых, безадказнае стаўленне да абавязкаў.

Светлым промнем у рамане з’яўляецца вобраз Ганны Чарнушкі. Аўтар паказвае яе прыгожай, бескарыслівай, з багатым унутраным і эмацыянальным светам.

Цікава, жыхары вёскі Курані – вернікі… або рэлігійныя людзі? Адказаць на гэтае пытанне можна, чытаючы кнігу. Дарэчы, апроч захапляльнага сюжэта, вострых маральных пытанняў твор змяшчае яшчэ адну каштоўнасць: незвычайную мову, якая напоўненая шчырасцю і маляўнічасцю.

Дарэчы, раман быў перакладзены на латышскую, рускую і нямецкую мовы. У 1967 годзе адбылася яго першая экранізацыя, а таксама на працягу дваццаці гадоў, пачынаючы з шасцідзясятых, на сцэне Купалаўскага тэатра ігралі спектакль з аднайменнай назвай.

Помнік героям рамана можна ўбачыць сёння ў Хойніцкім гарадскім парку культуры.

Вікторыя Філіпенка