- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Кніга “Я ем цішыню лыжкамі” («The Stranger in the Woods»)

[1]Сённяшні агляд будзе цалкам незвычайным. Па-першае, гэта кніга. Кніга незвычайнага аўтара, Майкла Фінкеля, які нарадзіўся ў Францыі, але лічыцца амерыканскім журналістам і пісьменнікам. Ягоныя артыкулы змешчаныя ў такіх папулярных выданнях, як National Geographic, Rolling Stone, Esquire, The New York Times Magazine.

Майкл Фінкель напісаў зусім няшмат кніг, але адна з іх – “The Stranger in the Woods” (“Я ем цішыню лыжкамі”) амаль адразу стала бестсэлерам і намінавалася на высокія літаратурныя прэміі.

Сам твор – гісторыя ў жанры публіцыстыкі, заснаваная на рэальных падзеях. Незвычайна, што яна магла б застацца недзе ў архівах і выданнях аднаго з амерыканскіх штатаў, каб не Майкл Фінкель.

Аўтар вырашыў сустрэцца з галоўным героем і напісаць пра яго кнігу. Крыстафер Найт – просты хлопец са штату Мэт, аднойчы вырашыў пайсці з дома, знікнуць з жыцця сваіх бацькоў, сваякоў, знаёмых і ўсяго грамадства. Апынуўшыся ў дзікай прыродзе, ён распрацаваў уласную сістэму жыцця і выжывання, а разам з тым прыклаў усе намаганні, каб людзі яго не знайшлі і не заўважылі.

За 27 гадоў пустэльнага жыцця Найт навучыўся жыць, не распальваючы вогнішча, хадзіць па лесе, не пакідаючы слядоў, а таксама … віртуозна ўзломваць замкі любой складанасці, каб здабыць сабе рэчы, неабходныя для існавання. Цікава, што разам з ежай мужчына краў кнігі самых вядомых пісьменнікаў і музычныя творы самых вядомых кампазітараў. Такім чынам пустэльнік сам ствараў атмасферу, якая падабалася і была зразумелай толькі яму.

[2]

Праз 27 гадоў чалавека схапілі і пасадзілі пад следства за крадзяжы, колькасць якіх немагчыма было палічыць. Цікава, што большасць журналістаў засяроджвала ўвагу на пытанні “ці быў злачынцам Найт”, а таксама спрабавала высветліць, якая ментальная хвароба магла прывесці да такіх паводзінаў: аўтызм, шызафрэнія, нейкая іншая? І толькі Майкл Фінкель намагаўся зразумець перажыванні пустэльніка і дакрануцца да таямніцаў яго душы. Магчыма, менавіта па гэтай прычыне Найт дае яму інтэрв’ю, першае і апошняе ў жыцці. Дарэчы, паводле заключэння медыкаў, Крыстафер Найт быў абсалютна здаровым.

Кніга напісаная лёгкай мовай, адлюстроўвае майстэрства аўтара. У сюжэт віртуозна ўплятаюцца гістарычныя анекдоты, псіхалагічныя даследаванні, цытаты вядомых пустэльнікаў.

Да асобы Крыстафера Найта можна ставіцца па-рознаму. Хтосьці бачыць у ім чалавека ў глыбокай адзіноце, хтосьці – нестандартнага дзівака, а нехта – гультая і злачынцу. Відавочна адно: гісторыя жыцця пустэльніка, ягоныя думкі і дзеянні нікога не могуць пакінуць абыякавым.

Якое месца сёння ў жыцці чалавека займае цішыня? Ці патрэбная ў сучасным свеце самотнасць? Над гэтымі і іншымі пытаннямі можна паразважаць, прачытаўшы кнігу Майкла Фінкеля.

Вікторыя Філіпенка