- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Касцёл, які «адчыняе» дарогу да неба

[1]Даліна Маджа – гэта край, які належыць італьянскаму кантону Тычыно. Размешчаны непадалёк швейцарскага горада Лакарна, ён славіцца велічнымі каскаднымі вадаспадамі Содаліно.

Відовішчныя вадаспады прыцягваюць італьянскіх і швейцарскіх турыстаў; тым не менш, варта падняцца вышэй, каб знайсці месца, куды выпадковыя людзі не трапляюць. У Маньйо, якое знаходзіцца на вышыні 1180 м. над узроўнем мора, акружаны вяршынямі Лепантынскіх Альпаў, зʼявіўся касцёл выключнай архітэктуры.

Новая святыня, заступнікам якой зʼяўляецца св. Ян Хрысціцель, збудаваная ў месцы, важным для жыхароў Маньйо і адначасова сімвалічным: на падмурках храма, які быў знішчаны раней зыходам лавіны.

Яго форма простая і масіўная. Невялікая ў памерах глыба ўяўляе сабой зрэзаную пад вуглом 45 градусаў прызму з эліптычнай асновай. Сваёй прастатой і манументальным выглядам, яна можа нагадаць раманскую сакральную архітэктуру, якая славіцца так званым «абарончым» характарам.

[2]

У сваіх сакральных праектах архітэктар святыні Марыё Бота надае вялікую ўвагу шляху, які вядзе ў глыбіню святыні – пераходу ад прасторы profanum ў сферу sacrum. У капліцы ў Маньйо гэты шлях не такі відавочны, калі бачыш яго ўпершыню.

Галоўнага ўваходу да будынка з вуліцы не відаць; ён паглыблены адносна агульнага ўзроўню будынка і дазваляе паступова ўваходзіць у цішыню і паслухмянасць, ізаляцыю ад «знешняга свету».

Перш чым увайсці ў галоўныя дзверы святыні, трэба прайсці невялікі, аддзелены каменнай сцяной прастор з кантрфорсам. Пад кантрфорсам размешчаны ўваходныя вароты, якія верцяцца, а над імі размешчана нетыповая званіца. У дажджлівыя дні вада, якая сцякае з даху, ударае ў звон, а потым над галовамі тых, хто ўваходзіць, струменіцца да невялікай вадазборнай.

[3]

Прайшоўшы праз масіўныя дзверы, адкрыць якія зусім не так проста з першай спробы, а затым увайшоўшы ў святыню, апынаемся ў маленькім памяшканні, якое ад «непасрэднага» малітоўнага памяшкання аддзелена каменнай калонай. Наколькі знешняя форма святыні здаецца масіўнай і замкнёнай у сабе – настолькі ўнутры яна ззяе святлом і лёгкасцю. Гэта адначасова вытанчана і сціпла.

Самае важнае, што прыцягвае погляд да сябе нязмушана і натуральна, гэта фігура ўкрыжаванага Хрыста над галовамі вернікаў. У цэнтры стаіць каменны алтар,табернакулюм з правай стараны, старадаўняя фігура Багародзіцы з дзіцяткам і чаша для хросту злева. Здзіўленне можа выклікаць тое, што план пабудовы святыні грунтуецца на прамавугольніку, хоць вонкава яго форма гэта эліпс.

[4]

Тым не менш, гэта не ўсё, чым здзіўляе архітэктура інтэрʼеру. Аказваецца, што разам са зменай вышыні простакутная праекцыя паступова перамяняецца і імкнецца да ідэальнай формы, сімвала дасканаласці, паўнаты і Бога, – у круг.

Гэты просты, але адначасова высока якасны ход архітэктара Бота, прыкмета ўзроўню яго мастацтва архітэктара і майстэрства будаўнікоў, адкрывае ўсю ўнутраную частку на неба. А круглае па форме вакно ў столі, выглядае як вакно да самага Творцы. Святло, якое падае зверху, мае сімвалічнае вымярэнне. Яно выконвае ў праекце вельмі важную, нават вядучую ролю.

Разам са зменай пары года, а таксама надворʼя характар інтэрʼеру змяняецца, становячыся дзякуючы гэтаму залежным ад боскіх сіл прыроды.

Жывучы з дня на дзень, чалавек прывыкае ўспрымаць навакольны свет фрагментарна, а менавіта бачыць толі тое, што знаходзіцца на ўзроўні вачэй. Між іншым храм у Маньйо спрабуе змяніць перспектыву погляду на рэчаіснасць. Ён акцэнтуе погляд на вертыкаль – адносіны паміж асобай на зямлі і тым, Хто ў небе. Стоячы ўнутры гэтага будынка, чалавек мае магчымасць падняць вочы ўверх, да Бога.

deon.pl [5]
пераклад catholicnews.by