- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Касцёлы Дубая зноў адчыніліся пасля трох месяцаў абмежаванняў

[1]Касцёлы Маці Божай у Дубаі і Святога Францішка Асізскага ў Джэбель-Алі цалкам адчыніліся пасля трох месяцаў абмежаванняў. Пра гэта паведаміў біскуп Паола Марцінелі, Апостальскі вікарый Паўднёвай Аравіі. Біскуп падзякаваў вернікам, духавенству і ўладам за іх адказнасць, цярпенне і сведчанне веры.

У лісце, дасланым у пачатку ліпеня парафіяльным святарам і вернікам абедзвюх парафій, біскуп Марцінелі напісаў, што навіна аб поўным адкрыцці была ўспрынята «з вялікай радасцю». Гэта азначае вяртанне да нармальнага пастырскага жыцця ў дзвюх важных каталіцкіх супольнасцях у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

Біскуп выказаў падзяку ўладам, якія, як ён падкрэсліў, забяспечылі бяспеку вернікаў.

«Я хачу выказаць шчырую падзяку ўладам, якія ўважліва сачылі за нашай бяспекай у гэты асабліва далікатны час і цяпер прызналі, што надышоў момант для поўнага аднаўлення хрысціянскага жыцця ў нашых парафіяльных супольнасцях», — адзначыў ён.

Іерарх таксама падзякаваў парафіяльным святарам абедзвюх парафій за тое, што яны дазволілі правесці ўрачыстасці «ў найбольш паважлівым і арганізаваным выглядзе», у адпаведнасці з мерамі, якія дзейнічалі ў апошнія месяцы. Ён дадаў, што асабліва дзякуе ім за тое, што яны «ніколі не гублялі пастырскай апекі над тымі, хто даручаны вашай адказнасці».

Біскуп таксама звярнуўся са словамі падзякі да вернікаў, асабліва да дзяцей, за тое, што яны прымаюць «ахвяры, як вялікія, так і малыя, з цярпеннем і адказнасцю» і за іх вернасць сакрамантам, нягледзячы на ​​абмежаванні.

«Я ўпэўнены, што гэтае сведчанне веры, паслухмянасці і настойлівасці прынясе плён у вашым жыцці», — напісаў ён.

У заключэнне біскуп Марцінелі папрасіў, каб пры аднаўленні ўсёй дзейнасці вернікі працягвалі захоўваць «стаўленне павагі, клопату і ўзаемнай увагі», шчыра выконваючы грамадзянскі закон.

Паводле misyjne.pl [2]
Пераклад Марыны Ткач