[1]Дзве каталіцкія парафіі Дубая з цяжкасцю спраўляюцца з наплывам вернікаў: штотыдзень 200 тысяч чалавек прымаюць святую Камунію, а святыя Імшы цэлебруюцца кожную гадзіну.
Журналістка амерыканскага партала ncregister.com Сален Тадзье, наведаўшы парафію Маці Божай у Дубаі, адзначае імклівы рост каталіцкай супольнасці ў гэтым горадзе Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.
У 2020 годзе ў Дубаі пражывала 850 тысяч католікаў – 9 працэнтаў насельніцтва. Сёння лічбы, верагодна, яшчэ вышэйшыя. Большасць вернікаў – імігранты з Індыі і Філіпін, але ёсць людзі з усяго свету.
Паводле журналісткі, у горадзе адчуваецца пэўная рэлігійная талерантнасць, нетыповая для арабскіх краін. Хаця каталіцкія сімвалы нельга экспанаваць звонку, а евангелізацыя забаронена, улады дазваляюць дзейнасць дзвюх вялікіх парафій.
У выхадныя дні ў Дубаі святую Камунію прымаюць каля 200 тысяч вернікаў, а Імшы на розных мовах адбываюцца кожную гадзіну ці нават паўгадзіны. Паліцыя нават дапамагае арганізаваць рух, каб забяспечыць плаўны транспартны паток.
Парафіі вядуць школы, катэхезы і арганізуюць малыя супольнасці для імігрантаў. Аднак выклікаў хапае: візы для святароў атрымаць складана, і ў абедзвюх парафіях служыць толькі 25 святароў на сотні тысяч вернікаў.
Цікавы парадокс, адзначаны ў артыкуле: многія, пакідаючы Дубай, робяць гэта з жалем, бо менавіта тут знайшлі спрыяльныя ўмовы для сямейнага жыцця і веры, якіх ужо не адчуваюць у сваіх родных краінах.
Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News [2]