У Чэхіі падпісалі новую дамову аб душпастырстве ў пенітэнцыярных установах, якая забяспечыць прысутнасць капеланаў і валанцёраў ва ўсіх турмах і следчых ізалятарах краіны.
У Чэшскай Рэспубліцы Пенітэнцыярная служба заключыла новую дамову з каталіцкім епіскапатам і Экуменічнай Радай Цэркваў. Гэты дакумент накіраваны на развіццё душпастырскай апекі ў месцах пазбаўлення волі.
На сённяшні дзень у гэтай сферы працуюць 60 капеланаў і 200 валанцёраў. Яны нясуць служэнне ва ўсіх чэшскіх турмах і следчых ізалятарах. Генеральны дырэктар ведамства назваў гэта важным элементам падтрымкі асабістай змены і рэсацыялізацыі зняволеных.
Гісторыя прысутнасці святароў у чэшскіх турмах пачалася адразу пасля падзення камуністычнага рэжыму. Парадокс сітуацыі быў у тым, што раней многія душпастыры знаходзіліся там у якасці зняволеных. Гэты лёс падзялілі спачылы кардынал Дамінік Дука і дапаможны біскуп Прагі Вацлаў Малы.
Сёння прысутнасць духавенства і валанцёраў – неад’емная частка працы з асобамі, якія адбываюць пакаранне. Кіраўнік Пенітэнцыярнай службы генерал Томаш Гулька асабліва падкрэсліў каштоўнасць гэтага служэння. Ён адзначыў, што капеланы «дапамагаюць зняволеным знайсці новы кірунак у цяжкай сітуацыі, умацаваць пачуццё адказнасці і падрыхтавацца да вяртання да нармальнага жыцця».
Ад імя рэлігійных супольнасцей пагадненне падпісалі старшыня каталіцкага епіскапату Чэхіі арцыбіскуп Юзэф Нузік і кіраўнік мясцовай Экуменічнай Рады Цэркваў пастар Павел Пакорны.
Духоўная апека ў межах падпісанай дамовы будзе ахопліваць не толькі асуджаных. Касцельныя лідары нагадалі, што служэннем душпастыраў карыстаюцца таксама і самі супрацоўнікі турэмнай службы. Капеланы дапамагаюць афіцэрам у вырашэнні іх асабістых і экзістэнцыяльных праблем. Супрацоўнікі заўсёды могуць разлічваць на падтрымку ў складаных духоўных, этычных і маральных пытаннях.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News [2]
