- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Касцёл без цвікоў і пелікан на алтары. Вандроўка з людьмі з інваліднасцю па Браслаўшчыне

[1]Сумесныя паездкі сясцёр эўхарыстак з дарослымі з Цэнтра дзённага знаходжання інвалідаў, што пры Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў Браславе становяцца добрай традыцыяй. Раней яны наведвалі пра рэкалекцыі для людзей з інваліднасцю з наведваннем святыняў у Відзах, Далёкіх і Опсе.

Сёлета вырашылі працягнуць знаёмства з касцёламі Браслаўшчыны і прысвяцілі суботу міні-падарожжу па прыгожым і багатым на святыні родным краі. 19 чэрвеня пад кіраўніцтвам айца Адама Квяткоўскага SDS і сястры Ірыны Папакуль SJE 16 чалавек наведалі святыні ў Дрысвятах, Мілюнцах і Пагошчы.

Прыемна, што ініцыятарам паездкі стаў сталы наведвальнік Цэнтра дзённага знаходжання інвалідаў Іван Дзярук. Ён прапанаваў наведаць Дрысвяты, што на самай мяжы з Літвой, а сястра Ірына Папакуль з радасцю падтрымала яго ідэю і арганізавала паездку.

Першай кропкай, якую наведалі, стаў касцёл святых Пятра і Паўла ў вёсцы Дрысвяты. Тут разам з вернікамі Дрысвяцкай парафіі ўдзельнічалі ў святой Імшы, якую канцэлебравалі пробашч ксёндз Іван Кароткін і айцец Адам Квяткоўскі SDS.

Пасля Літургіі мясцовы пробашч кс. Іван Кароткін распавёў пра гісторыю прыгожай драўлянай святыні, якой хутка 100 гадоў, а пабудавана без адзінага цвіка.

[2]

Выходзячы са святыні, пілігрымы сустрэлі біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча. Ён раздзяліў наша захапленне краявідамі, што адкрываюцца з узвышша, на якім стаіць касцёл, а таксама растлумачыў паходжанне назвы вёскі Дрысвяты: «Тры святы, бо тут сустракаюцца тры «светы»: Беларусь, Літва і Латвія». Віцебскі ардынарый блаславіў удзельнікаў паездкі на добрую дарогу і мы паехалі ў вёску Мілюнцы, былыя Пеліканы.

[3]

Там наведалі пабудаваны з чырвонай цэглы ў 1907 годзе касцёл св. Якуба. Удзельніца паездкі Людміла Сінкевіч, тутэйшая парафіянка, распавяла, што гэта святыня спазнала падобны лёс да храма ў Дрысвятах.

У касцёле са стрыманым інтэр’ерам, які часта бывае ў святынях, узведзеных у гатычным стылі, мы звярнулі асаблівую ўвагу на цікавы эўхарыстычны сімвал, выразаны на драўляным алтары: пелікан, які корміць сваім целам птушанят. Менавіта гэты вобраз добра ілюструе былую назву вёскі Пеліканы, хоць названая яна так была па прозвішчы гаспадароў маёнтку Пеліканаў, які тут некалі быў.

[4]

Людміла запрасіла ўдзельнікаў вандроўкі на абед да сваёй гасціннай матулі Галіны. Пакуль чакалі каўбаскі з вогнішча, спявалі песні, праслаўляючы Госпада за жыццё, людзей, якіх Ён даў нам і за дзень, які можам перажыць разам. На гітары нам акампанаваў Аляксандр Жураўскі, які самастойна навучыўся граць на некалькіх музычных інструментах.

[5]

Пасля пасілку супольна памаліліся адну таямніцу ружанца і зрабілі фотаздымак на памяць каля карабля. Яго сваімі рукамі зрабіў старэйшы сын Галіны Аляксей (усяго ў яе 12 дзяцей!). Падзякаваўшы гаспадарам за гасціннасць, пачалі збірацца ў дарогу, хоць з’язджаць зусім не хацелася: у вялікай альтанцы так хораша было размаўляць і славіць Госпада спевам, знаёміцца адно з адным… Але нас чакалі ў апошнім на сённяшні дзень пункце нашай вандроўкі — у вёсцы Пагошча.

Ехалі, гледзячы на залітыя сонцам краявіды роднай Браслаўшчыны. Гэта была выдатная магчымасць паразважаць пра птушак нябесных і лілеі палявыя, праз вобразы якіх сёння прамаўляў да нас Езус у Святым Пісанні.

У Пагошчы мы, канешне ж, наведалі касцёл Божай Міласэрнасці. У цені каля фігуры Сэрца Езуса нас чакаў пробашч парафіі ксёндз Славамір Самковіч. У адрозненні ад касцёлаў, якія мы наведалі раней, гэты — зусім малады. Першы камень быў закладзены ў 1998 годзе, а завяршылася будоўля святыні ў 2002 годзе. Парафія ж у Пагошчы існуе з 1560 года.

Вярталіся ў Браслаў міма прыгожага мураванага касцёла ў вёсцы Опса, уздоўж прыгожых азёр і квітнеючых палёў і ў галаве віравалі думкі: колькі яшчэ адкрыццяў хавае чароўная Браслаўшчына і як хочацца адкрываць гэтую прыгажосць і паказваць яе іншым!

Ася Паплаўская, eucharystki [10]