- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Карытас Віцебск арганізаваў прагулку па Дзвіне для людзей з інваліднасцю

[1]7 чэрвеня, у Віцебску адбылася асаблівая падзея — прагулка па рацэ Дзвіна для людзей з інваліднасцю.

Ужо другі раз на прычале ў Дзвіны збіраюцца людзі з інваліднасцю, каб правесці час разам, добра адпачыць і адсвяткаваць новы дзень жыцця. Арганізатарам мерапрыемства, як і ў мінулым годзе, выступіў Карытас Віцебскай дыяцэзіі.

Сёлета ў прагулцы прынялі ўдзел амаль 60 асоб, сярод якіх былі людзі з інваліднасцю і іх суправаджаючыя. Таксама да мерапрыемства далучыліся наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў працаздольнага ўзросту пры касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім. Яны прыехалі ў суправаджэнні валанцёркі Карытас, Зеваліч Леаніды Янаўны.

Паездка на цеплаходзе пакінула ва ўдзельнікаў цёплыя ўспаміны і яркія эмоцыі. Многія дзяліліся ўражаннямі: «Мне вельмі спадабалася», «Дзякуй за паездку». Тыя, хто не мог гаварыць, па-свойму выказвалі радасць і задавальненне.

Адмысловым уражаннем падзялілася Люда — жанчына з інваліднасцю з клуба «Бэтель» у Віцебску: «Сказаць, што я ў захапленні — нічога не сказаць. Было радасна бачыць такія прыгожыя месцы разам з сябрамі. Я вельмі ўдзячна арганізатарам.»

Для ўдзельнікаў з Глыбокага пасля прагулкі на цеплаходзе была падрыхтавана асаблівая праграма. Яны адправіліся на шпацыр па Віцебску, а фінальным пунктам стаў абед у МакБай.

Леаніда Янаўна, валанцёр Карытас, распавяла: «Гэтая паездка ў Віцебск была напоўнена ланцужком нечаканых адкрыццяў. Мы раней ніколі не каталіся на цеплаходзе, таксама ніколі не былі ў Макдональдсе. Людзі, якіх я суправаджала, з захапленнем і цікавасцю гулялі па Віцебску. Пасля абеду яны атрымалі паветраныя шары, і на іх тварах з’явіліся шчаслівыя ўсмешкі. У такія моманты я разумею – гэта таго каштуе.”

Людзі з інваліднасцю і іх родныя яшчэ доўга ўспаміналі той дзень і дзякавалі дырэктару Карытас Віцебск кс. Віктару Місевічу і с. Марыі Шамовіч за арганізацыю такой цудоўнай прагулкі.

Лаліта Арлоўская, тэкст;

Ірына Бярдоўская, Вілія Мацук, фота.