[1]Кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін падкрэсліў важнасць дыпламатыі слова і мудрасці, нагадаў пра пакуты Касцёла ад гвалту на Блізкім Усходзе і папярэдзіў пра рызыку знікнення хрысціянскай прысутнасці ў рэгіёне.
Бліжэйшы супрацоўнік Папы адказаў на пытанні журналістаў пасля сустрэчы, прысвечанай дыялогу паміж прадстаўнікамі хрысціянства, юдаізму і ісламу, у якой ён браў удзел 9 сакавіка 2026 года ў Рыме.
Святы Пасад дапамагае шукаць мірныя рашэнні
Кардынал Паралін заўважыў, што Святы Пасад імкнецца падтрымліваць кантакты з усімі ўдзельнікамі міжнародных адносін, прапануючы ім рашэнні, якія могуць пасадзейнічаць міру і прадухіліць пашырэнне канфліктаў і гвалту. Ён нагадаў, што адна з рысаў дыпламатыі Апостальскай Сталіцы – захаванне адкрытых каналаў камунікацыі з усімі суразмоўцамі.
Іерарх заўважыў, што Святы Пасад карыстаецца сродкамі слова, розуму і мудрасці ў сваёй дыпламатычнай дзейнасці. “Мы не маем інструментаў прымусу, каб навязаць сваё бачанне сітуацыі”, — сказаў ён, адзначаючы, што важна працягваць “сеяць” словы міру з надзеяй, што яны знойдуць водгук у сэрцах людзей.
Касцёл таксама церпіць ад гвалту
Дзяржсакратар выказаў глыбокі смутак з прычыны гібелі падчас бамбардзіроўкі ў Ліване мараніцкага святара, айца П’ера Эль-Рахі. “На жаль, і Касцёл становіцца ахвярай гэтай сітуацыі. Мы не з’яўляемся выключэннем і таксама падзяляем пакуты насельніцтва”, — дадаў ён.
Рызыка знікнення хрысціянскай прысутнасці
Дзяржсакратар таксама звярнуў увагу на небяспеку паступовага знікнення хрысціянскай прысутнасці ў Святой Зямлі і на Блізкім Усходзе. Паводле яго, Святы Пасад ужо даўно папярэджвае пра такую пагрозу. Вайна, нестабільнасць, узброеныя канфлікты і рост нянавісці не спрыяюць захаванню хрысціянскіх супольнасцяў у рэгіёне і становяцца дадатковай падставай для глыбокай занепакоенасці, — дадаў кардынал Паралін.
Аляксандр Панчанка – беларуская рэдакцыя Vatican News [2]