[1]Недастаткова называць адно аднаго братамі і сёстрамі – трэба жыць як браты, – нагадаў кардынал Джордж Джэйкаб Коавакад падчас міжрэлігійнага форуму ў Аргенціне.
10 верасня 2026 года ў Буэнас-Айрэсе адбыўся міжрэлігійны форум “Дыялог у разнастайнасці. Супольны шлях да братэрства”. З прамовай да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся кардынал Джордж Джэйкаб Коавакад, прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу. Ён падкрэсліў, што братэрства і дыялог могуць стаць асновай для ўмацавання ўзаемнай павагі і стварэння ўмоў для міру. Стабільнасць і мір немагчыма пабудаваць з дапамогай узаемных пагроз і зброі, якая нясе разбурэнне і смерць, — нагадаў ён словы Папы Льва XIV.
Кардынал Коавакад заклікаў аднавіць дух братэрства і прызнанне фундаментальнай сувязі ўсіх людзей. Неабходна прызнаць усіх людзей дзецьмі аднаго Айца і братамі і сёстрамі ў чалавечнасці, незалежна ад іх перакананняў. Імкненне да міру з’яўляецца ўсеагульным чалавечым жаданнем, але для яго рэалізацыі патрэбны сапраўдны дыялог, свабодны ад гістарычных і культурных забабонаў, абвінавачванняў і супрацьстаяння, — адзначыў ён.
Іерарх працытаваў словы Папы Францішка з энцыклікі “Fratelli tutti” аб тым, што мэта дыялогу – усталяванне сяброўства, міру і згоды, а таксама супольнае перажыванне маральных і духоўных каштоўнасцяў у духу праўды і любові.
Асобную ўвагу ён надаў міжрэлігійнаму дыялогу як аснове міру. Такі дыялог прадугледжвае адкрытасць, уважлівае слуханне без прадузятасці, аб’ектыўны погляд і разважлівыя словы. Ён дазваляе прызнаваць іншага роўным у яго адметнасці, дзяліцца ведамі і вопытам і браць на сябе абавязацельствы дзеля агульнага дабра.
Кардынал Коавакад вылучыў чатыры ўмовы сапраўднага міжрэлігійнага дыялогу: навяртанне, перакананасць, паслядоўнасць і ўнутрырэлігійны дыялог. Навяртанне азначае абнаўленне ўласнага погляду на веру і вызваленне ад прадузятасці. Перакананасць патрабуе разважання і распазнавання, а паслядоўнасць – адпаведнасці паміж каштоўнасцямі і паводзінамі. Унутрырэлігійны дыялог – гэта працэс, які адбываецца ва ўнутраным жыцці чалавека і вядзе да братэрства.
Прэфект заклікаў пераходзіць ад слоў да канкрэтных дзеянняў. Не дастаткова сказаць: ты – мой брат, ты – мая сястра, трэба жыць як браты і сёстры. Міжрэлігійны дыялог сёння неабходны як ніколі, бо свет, які пакутуе ад гвалту, патрабуе сведчання таго, што шлях да міру магчымы. Надзея павінна быць дзейнай, — адзначыў ён.
Кардынал Коавакад таксама адзначыў значэнне міжрэлігійных супольнасцяў, якія становяцца “школамі дыялогу” і “асяродкамі братэрства”. Такія ініцыятывы могуць спрыяць культурным пераменам, паколькі ўзнікаюць на мясцовым узроўні і дзейнічаюць у паўсядзённым жыцці.
Развіваючы думку Папы Льва XIV пра “раззброены і раззбройваючы мір”, кардынал Коавакад прапанаваў казаць таксама пра “раззброены і раззбройваючы міжрэлігійны дыялог”. Ён патлумачыў, што такі дыялог пачынаецца з раззбраення ўласнага сэрца і адмовы ад дыскрымінацыі, прымусу і агрэсіі.
Напрыканцы прамовы кардынал Коавакад адзначыў, што дыялог паміж рэлігіямі і культурамі – гэта не опцыя, а неабходнасць. Людзі павінны заставацца глыбока ўкаранёнымі ў сваёй веры і адначасова захоўваць адкрытасць, уважліва слухаць іншых і паважаць людзей з іншым досведам, ставячы ў цэнтр чалавечую асобу і яе годнасць.
“Давайце ісці разам, пераадольваючы межы традыцый, культур, рэлігій і кантынентаў, як носьбіты міру і надзеі для нашага параненага свету”, — заклікаў прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу.
Марыя Валодзіна — беларуская рэдакцыя Vatican News [2]