Кардынал Дзупі знаходзіцца ў Маскве з трохдзённай місіяй

Спецыяльны пасланнік Папы па гуманітарных пытаннях і старшыня італьянскага епіскапату, кардынал Матэа Дзупі, 28 верасня 2026 года накіраваўся ў Расію з трохдзённай місіяй. Візіт працягнецца да 30 верасня. Галоўнымі тэмамі запланаваных інстытуцыйных сустрэч стануць пытанні ваеннапалонных і дзяцей, вывезеных далёка ад месцаў іх паходжання.

Гэта ўжо трэцяя гуманітарная місія кардынала Дзупі ў Маскву. Папярэднія візіты адбыліся ў чэрвені 2023 года і кастрычніку 2024 года. У ліпені 2026 года ён наведаў Украіну, дзе, сярод іншага, пабываў у лагерах для расійскіх ваеннапалонных у Львоўскай вобласці.

Гуманітарныя пытанні

У цэнтры гуманітарнай місіі кардынала Дзупі застаюцца пытанні ўкраінскіх і расійскіх ваеннапалонных, а таксама дзяцей, перавезеных далёка ад радзімы і разлучаных з сем’ямі.

“Сустрэчы з расійскімі службовымі асобамі запланаваныя на панядзелак, аўторак і сераду. Усё гэта з’яўляецца часткай гуманітарнай місіі, першапачаткова даручанай мне Папам Францішкам і пазней пацверджанай Папам Львом XIV. Мне даручана падтрымліваць намаганні бакоў па вырашэнні пытанняў, звязаных з дзецьмі, абменам палоннымі і праблемамі грамадзянскага насельніцтва, якія ўзнікаюць у выніку канфлікту”, – паведаміў кардынал Дзупі расійскаму інфармацыйнаму агенцтву ТАСС.

“Мы разглядаем усе запыты, якія паступаюць як з украінскага, так і з расійскага боку, у межах ужо распачатага дыялогу. Мы жадаем працягваць гэты дыялог, усведамляючы, якія пакуты выклікала вайна, і імкнемся паспрыяць іх завяршэнню”, – дадаў кардынал Дзупі.

Намаганні Святога Пасада дзеля міру

Місія кардынала Дзупі стала працягам гуманітарных і дыпламатычных намаганняў Святога Пасада дзеля міру. У канцы жніўня 2026 года Расію наведаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. Перад гэтым, у ліпені 2026 года, ён пабываў ва Украіне.

Марыя Валодзіна – беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку