[1]Ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана пасля святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбыўся канцэрт класічнай музыкі.
Святочны канцэрт праходзіў у рамках ХІІІ фестываля “Дні Хрысціянскай культуры ў Віцебску”. Традыцыйныя канцэрты класічнай музыкі пад сводамі Віцебскіх святынь з’яўляюцца прыкладам плённага шматгадовага супрацоўніцтва курыі Віцебскай дыяцэзіі і Віцебскай абласной філармоніі.
Вось і ў гэты раз у святочны час паслухаць класічныя творы ў выкананні артыстаў Віцебскай дзяржаўнай філармоніі сабраліся святары, сёстры законныя, вернікі з усіх парафій горада і проста аматары мастацтва з Віцебска.
У выкананні салісткі Віцебскай філармоніі Алены Гракавай прагучала “Ave Maria” на музыку Ігара Лучанка і Франца Шуберта.
Майстра скрыпкі, саліст філармоніі, Лаўрыят міжнародных конкурсаў Уладзіслаў Міцэнка выканаў гэты твор у музычным сугуччы тэм геніяў клавіра Іагана- Себасцьяна Баха і Шарля Гуно.
Цудоўныя каментарыі артысткі Таццяны Савіцкай суправаджалм кожны музычны твор: атрымаўся не толькі канцэрт, але і экскурс у гісторыю музыкі.
Цудоўнае сапрана Алены Гракавай гучала як у суправаджэнні скрыпкі, так і клавішаў у выкананні канцэртмайстра Таццяны Шахрай. У канцэрце прагучалі творы Даргамыжскага, Рымскага-Корсакава, Абухова, Шышкіна, Аляб’ева і інш.
Славутыя творы І.-С. Баха “Сарабанда” і “Жыга” з “Парціты рэ-мінор”, а таксама “Прэлюдыя мі-мажор” у выкананні У. Міцэнкі заварожвалі слухачоў сваёй прыгажосцю. На заканчэнне канцэрту і выканаўцы і слухачы разам спявалі цудоўную песню Ф. Грубера “Ціхая ноч”.
Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і пробашч парафіі Езуса Міласэрнага кс. Адам Дынак падзякавалі артыстам за цудоўнае выкананне чароўных класічных твораў, якое было складзена з усяго сэрца Пану Богу .
Людміла Ярмолава, тэкст;
Барбара Сіпайла, фота














