- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Канікулы з Богам у Шчучыне вачыма моладзі з Мастоў

[1]Вас вітае моладзь з Мастоў. Так здарылася, што ў гэтым годзе, на запрашэнне айцоў піяраў, мы патрапілі ў Шчучын, на канікулы з Богам 2019.

Лета – гэта тая пара, калі чалавек можа больш прысвяціць свайго асабістага часу на праслаўленне Госпада. Прыехаўшы ў Шчучын, мы сталі сведкамі таго, як Пан Бог яднае розных людзей, і тых маленькіх, і трошкі старэйшых, і дарослых.

Тэма гэтых канікул з Богам гучала як «Шчаслівыя тыя, хто слухае і выконвае слова Божае». Разам з усімі ўдзельнікамі канікул з Богам кожны дзень мы перажывалі незабыўныя супольныя хвіліны, сустракаючыся на штодзённых малітвах, гульнях, забавах і танцах.

[2]

Дадаткова, кожны вечар для выхавацеляў і старэйшай моладзі былі падрыхтаваныя невялічкія вячоркі: адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, Крыжовы шлях, а таксама праслаўленне спевам нашага Айца на вуліцах горада.

Што найбольш застанецца ў нашай памяці? Думаю дзеці! Прыемна было бачыць усмешкі на іх захопленых тварах, іх радасныя вочы. Гэта быў цудоўны час, мы сапраўды адчулі сябе шчаслівымі.

[3]

Хочацца падзякаваць Богу за тое, што ён падараваў нам магчымасць быць там, а асабіста айцоў піяраў, якія ахвотна запрасілі нас на першыя для нас у Шчучыне канікулы з Богам.

З нецярпеннем будзем чакаць наступнага лета, каб зноў сустрэцца з вялікай шчучынскай сям’ёй!

Ганна Лагоцкая, тэкст;
А. Віталій Слука SP, Рыта Янкоўская, фота