- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Калумбія: землятрус пашкодзіў святыні, Касцёл дапамагае

[1]Моцны землятрус 10 жніўня 2026 года ў заходняй Калумбіі пашкодзіў храмы, санктуарыі і кляштары. Касцёл арганізуе дапамогу пацярпелым.

10 жніўня 2026 года землятрус магнітудай 7,4 адбыўся ў заходняй Калумбіі. Эпіцэнтр знаходзіўся каля Сан-Хасэ-дэль-Пальмар у дэпартаменце Чока, а моцныя падземныя штуршкі адчуваліся, у прыватнасці, у Перайры, Калі і Манісалесе. Паводле апошніх звестак, загінулі 74 чалавекі, сотні атрымалі раненні. Працягваюцца пошукава-выратавальныя работы і ацэнка нанесенай шкоды.

У Манісалесе сур’ёзна пашкоджана катэдра: адна з яе веж абрынулася і нахілілася над фасадам. Значныя пашкоджанні атрымаў таксама санктуарый Маці Божай Фацімскай. “Разбурэнні велізарныя; многія будынкі і касцёлы былі пашкоджаныя”, — сказаў пробашч санктуарыя айцец Адальберта Лопес. Храм давядзецца закрыць да правядзення тэхнічнай праверкі і атрымання дазволу на яго выкарыстанне.

[2]

Пашкоджанні зафіксаваныя таксама ў дыяцэзіях Перайра і Калі, а ў Буге пацярпела базіліка Сеньёр-дэ-лос-Мілагрос. У дэпартаменце Антыёкія абрынулася частка фасада санктуарыя святога Юзафа ў Венесіі, а ў Хардзіне пацярпеў інтэр’ер касцёла, у тым ліку частка абразоў. У Калі пашкоджанні атрымалі, сярод іншых, катэдра святога апостала Пятра і касцёлы Ла-Мерсед, святога Францішка і святой Ружы з Лімы. У Картага абрынуўся дах галоўнай навы базілікі Маці Божай Убогіх.

Касцёл распачаў арганізацыю матэрыяльнай дапамогі пацярпелым. З Багаты ў найбольш пацярпелыя рэгіёны накіроўваюцца прадукты харчавання, пітная вада і неабходныя рэчы, а Сакратарыят сацыяльнага душпастырства – “Caritas” Калумбіі – запусціў Нацыянальную службу дапамогі, якая збірае сродкі для падтрымкі дыяцэзій і парафій, пацярпелых ад катастрофы.

Прэзідыум калумбійскага епіскапату запэўніў у малітве за загінулых, зніклых без вестак, параненых і пацярпелыя сем’і. “Ніхто не здольны самастойна супрацьстаяць крызіснай сітуацыі такога маштабу”, — падкрэслілі біскупы, заклікаючы калумбійцаў у абліччы трагедыі адчуць сябе “адной сям’ёй”.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя [3] Vatican News