- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

“Калядка – Біблія, перакладзеная на мову сэрца”: у Іўі прайшоў фестываль “Gloria in excelsis Deo”

[1]25 студзеня ў Іўі ў дваццаць трэці раз адбыўся фестываль калядных спеваў “Gloria in excelsis Deo”. Ён прайшоў у мясцовым Цэнтры культуры і вольнага часу, удзел у ім узялі дзеці і моладзь з розных беларускіх парафій – у цэлым каля трохсот чалавек.

На фестывалі прысутнічалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый па справах агульнага душпастырства ў Лідскім рэгіёне кс. канонік Віталій Сідорка, кусташ Кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі а. Алег Шэнда OFM Cap, старшыня Іўеўскага раённага Савету дэпутатаў Валянціна Філон, святары Іўеўскага дэканату, пробашч парафіі Божага Цела ў Мінску а. Юрый Кулай OCD.

Выступілі прадстаўнікі розных парафіі Іўеўшчыны, хор парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве, хор “Transitus” (у яго склад уваходзяць дзеці і дарослыя) парафіі св. Францішка ў Копішчы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), хор “Flos carmeli” парафіі Божага Цела ў Мінску, танцавальны калектыў “Хорошенькие” Іўеўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Вітаючы прысутных, гаспадар і духоўны кіраўнік фестывалю кс. Павел Калеснік, пробашч іўеўскай парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла і дэкан Іўеўскага дэканату, пажадаў кожнаму адкрыць для сябе праз прыгожыя хвіліны гэтага мерапрыемства таямніцу нараджэння Хрыста і жыць згодна з ёю.

Біскуп Уладзімір Гуляй у прывітальным слове нагадаў, што дзень, калі праходзіць гэты фестываль, адзначаецца ў паўсюдным Касцёле як нядзеля Божага слова. “Як жа прыгожа, што менавіта ў кантэксце фестывалю калядак мы разважаем пра Божае слова, – сказаў іерарх. – Бо калядка – гэта Біблія, перакладзеная на мову сэрца.

Гэта Евангелле, якое спяваецца. Гэта тэалогія, якая становіцца малітвай. Але памятайма: нельга спяваць пра Хрыста і не жыць з Хрыстом. Нельга абвяшчаць святло і заставацца ў цемры. Нельга славіць Божае слова вуснамі і адкідваць у штодзённых рашэннях. Калядка павінна нараджацца з веры. А вера – са слухання. А слуханне – з Божага слова!”

Старшыня Савету дэпутатаў Валянціна Філон падзякавала ўдзельнікам, іх блізкім і родным за падтрымку і развіццё фестывалю, а таксама адзначыла, што атмасфера цеплыні і радасці, якая пануе на гэтым мерапрыемстве, яднае нашае грамадства.

У межах фестывалю прагучалі калядкі “на любы густ” – як традыцыйныя спевы, так і сучасныя творы. Усяго было больш за трыццаць нумароў, у якіх выступілі салісты, дуэты, трыа, квартэты, ансамблі, хоры.

У хвіліну цішыні на канцэрце ўспомнілі спачылага кс. Яна Гавецкага, галоўнага натхняльніка фестывалю. [2]

“Як і заўсёды, самым кранальным стала выступленне Анастасіі Гуранковай, – паведамляе Раман Ярмош. – Дзяўчынка не бачыць, але грае на музычных інструментах і ўжо не першы год становіцца ўдзельніцай не толькі фестывалю, але і дэканальнай пілігрымкі ў Тракелі. Сёлета адважная дзяўчынка, якая для многіх прысутных на фестывалі шмат год запар з’яўляецца выбітным сімвалам надзеі, падрыхтавала песню пра свой жыццёвы лёс. Словы з яе песні: “… дзякуй, Езу, за святло і мір, які зямля мне падарыла, за слых і голас, каб я сэрцам бачыла, а не вачыма…” – кранулі сэрца кожнага гледача”. Музыку да песні напісала сама дзяўчынка.

У канцы фестывалю ўсе ўдзельнікі атрымалі падарункі. Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі падзякаваў арганізатарам, дабрадзеям і ахвярадаўцам – “за тое, што велікадушна і бескарысліва ўзялі на сябе працу па падрыхтоўцы фестывалю і забяспечылі яго паспяховае правядзенне”; пробашчу іўеўскай парафіі і яго супрацоўнікам – “за тое, што ўзялі адказнасць за правядзенне такога важнага і прыгожага мерапрыемства”; с. Ірыне Бучынскай з супольнасці сясцёр францішканак ад пакутучых – гэтую манахіню называюць “сэрцам і маторам” фестывалю. Канцэрт завяршыўся песняй у выкананні ўсіх удзельнікаў пад гучныя апладысменты гледачоў.

Арганізатары выказваюць вялікую ўдзячнасць Іўеўскаму раённаму выканаўчаму камітэту, Іўеўскаму раённаму Савету дэпутатаў, Іўеўскаму цэнтру культуры і вольнага часу, дабрачынным арганізацыям “Malteser” і “Caritas”, калектыву Іўеўскай дзіцячай школы мастацтваў, тэлекампаніі “Ивье ТВ”, рэдакцыі газеты “Іўеўскі край”, кіраўнікам творчых калектываў, тым, хто рыхтаваў падарункі, і ўсім, хто далучыўся да падрыхтоўкі гэтага мерапрыемства.

“Фестываль “Gloria in excelsis Deo” ў Іўі — падзея вялікай духоўнай і культурнай каштоўнасці, бо спрыяе захаванню і памнажэнню скарбаў рэлігійнай культуры, – адзначае Раман Ярмош. – Гэты фестываль у беларускай глыбінцы даўно стаў школай для многіх людзей і паказаў свету таленты не аднаго пакалення дзяцей і моладзі. Ён яшчэ раз пацвердзіў, што беларуская зямля мае сапраўды здольных маладых людзей, якія жадаюць, як пілігрымы надзеі, ісці ў свет з Евангеллем, з радаснай навіной аб тым, што Езус Хрыстус нарадзіўся ў беднай стаенцы, каб даць людзям збаўленне”.

Grodnensis.by [3]