- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Каля 5 тысяч чалавек прынялі ўдзел у Эўхарыстычнай працэсіі ў Нью-Ёрку

[1]Эўхарыстычная працэсія распачалася святой Імшой у катэдры св. Патрыка на Манхэтэне. Затым вернікі прайшлі па вуліцах Нью-Ёрка. Як падкрэсліваюць арганізатары, у працэсіі ўзялі ўдзел каля 5 тысяч чалавек.

Яна прайшла праз адну з самых транспартна актыўных вуліц горада. Нямала мінакоў спыняліся каб на імгненне ўкленчыць.

«Многія былі расчуленыя да слёз, калі мы ішлі па Таймс-сквер у гадзіну пік у суправаджэнні паліцыі», — сказаў адзін з удзельнікаў працэсіі.

Непасрэдна перад працэсіяй адбылася святая Імша. У гаміліі кс. Майк Шміц прызнаўся, што спачатку не хацеў арганізоўваць Эўхарыстычную працэсію. Як падкрэсліў святар, часам ён асцерагаецца, што «грамадская думка не зразумее Эўхарыстыю» і людзі не будуць ведаць, як рэагаваць, калі міма іх пройдзе працэсія.

[2]

Аднак пасля дадатковых разважанняў ён прыйшоў да высновы, што «гэта менавіта тое, што мы як католікі павінны рабіць». Па словах святара, гэта нагадала яму пра «Езуса, які нёс крыж — у той час Езуса не заўважалі, не разумелі або ненавідзелі амаль усе, хто Яго бачыў».

«Няхай гэтая працэсія будзе тваім выбарам. Скажы: «Божа, я хачу, каб Ты пазнаў мяне ў сваёй хвале, каб я прыпаў да Цябе», — заклікаў кс. Шміц.

Па матэрыялах CREDO [3]
Пераклад Марыны Ткач

фота: twitter [4]