- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Каля 300 кіламетраў дзеля братэрства: сустрэча Францішканскага ордэна свецкіх у Удзеле

[1]1 і 2 жніўня ў «Мястэчку Беззаганнай», у Доме Марыі на тэрыторыі францішканскага кляштара ў вёсцы Удзела (Віцебская дыяцэзія, Глыбоцкі дэканат), адбылася сустрэча братоў і сясцёр Францішканскага ордэна свецкіх (ФОС).

На сустрэчу прыехалі супольнасці са Шчучына, Ліды, Гродна, Маладзечна, Мінска і Віцебска, некаторыя з іх пераадолелі больш за 300 кіламетраў, каб на пару дзён адарвацца ад штодзённых клопатаў і сумесна пашукаць Божую прысутнасць. Галоўнай тэмай канферэнцый і групавой працы стала братэрства — тое рэвалюцыйнае і прынцыпова новае, што святы Францішак з Асізі ўнёс у жыццё Касцёла ў ХІІІ стагоддзі, ператварыўшы хрысціянскую еднасць з тэалагічнай ідэі ў штодзённы лад жыцця. Сваім досведам дзяліліся браты капуцыны Уладзіслаў Мінько OFMCap і Аляксандр Астраушка OFMCap.

Брат Уладзіслаў нагадаў, што кожны хрысціянін ад хросту атрымлівае пакліканне быць прарокам — несці іншаму Божае слова, бачыць яго жыццё вачыма Бога і праўдзіва тлумачыць прычыны. Аднак перад тым трэба навучыцца слухаць. Ён падкрэсліў, што, хоць сучасны свет імкнецца да незалежнасці, Бог хоча, каб у хрысціянскай супольнасці мы жылі адзін для аднаго, дзе грэх аднаго аслабляе ўсіх. Асаблівую ўвагу брат звярнуў на небяспеку стаць адзін для аднаго настаўнікамі: «Адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты». Прарок — не настаўнік, а сведка Бога, які дзеліцца тым, што атрымаў. Калі я хачу навучыць — я стаўлю сябе вышэй, і гэта ўжо не прароцтва, а раненне брата. Прарок служыць з пакорай і рызыкуе, што яму могуць адмовіць, таму перад тым, як ісці да чалавека, трэба праверыць сваё сэрца: ці я люблю яго, ці хачу, каб ён стаў большым і свяцейшым за мяне.

[2]

Брат Аляксандр засяродзіўся на тэме крызісаў у супольнасці. Ён нагадаў, што Бог стварыў людзей рознымі — мужчынамі і жанчынамі — менавіта для ўзаемадзеяння, але часта іншасць іншага выклікае ў нас раздражненне, бо ставіць пад сумненне наша выхаванне і жыццёвы досвед, а за гэтым хаваецца пытанне: на чым стаіць мая асоба? Калі яна збудавана толькі на маім досведзе, то гэта слабы фундамент. Сёння многія заклікаюць ізалявацца ад «таксічных» людзей і будаваць свой бяспечны мікракосмас, але Бог будзе ламаць такія агароджы. Свет — гэта палігон, дзе мы трэніруемся выходзіць да іншага, і за кожнага з нас вядзецца барацьба. Браты, якія нам «перашкаджаюць», патрэбны, каб мы перараджаліся: яны дапамагаюць зносіць штучныя слупы нашага «я» і будаваць праўдзівае сябе на Хрысце. Брат заахвоціў дазволіць іншаму быць іншым і, калі трэба, рабіць заўвагі з любоўю — па прынцыпе «пахвала — крытыка — пахвала».

Пасля канферэнцыі быў час цішыні для асабістага разважання над сваім стаўленнем да братоў і да сябе, а таксама над тым, ці разумее чалавек, што ён — пярліна, за якую памёр Хрыстус. Падчас нешпараў брат Уладзіслаў заклікаў рабіць у паўсядзённым жыцці паўзы для малітвы і даваць прастору Богу, пытаючыся сябе: што я выбіраю — волю Божую ці сваю? У гэты ж дзень адна сястра зрабіла свой чарговы выбар у духоўным жыцці і распачала перыяд уводзінаў (пастулат) у супольнасць ФОС.

[3]

2 жніўня ўдзельнікі ўзялі ўдзел у парафіяльнай урачыстасці на свята Маці Божай Анёльскай, якое мае францішканскія карані і звязана з капліцай Парцыюнкуля каля Асізі. Урачыстую Імшу разам з пробашчам айцом Яраславам Банасякам OFMConv цэлебравалі айцец Віктар Мялешка OFMConv і брат Уладзіслаў, які ў гаміліі заўважыў, што мы часта галодныя не столькі ежы, колькі ўвагі, падтрымкі і любові, але забываем пра гэты ўнутраны голад. Езус, убачыўшы натоўп, злітаваўся над імі — грэчаскае слова азначае матчынае пачуццё, калі дзіцятка варушыцца ва ўлонні. І найперш Ён насычае словам і аздараўляе сэрцы, а ўжо потым — хлебам. Акрамя таго, брат нагадаў, што Езус хоча накарміць народ праз вучняў і кліча кожнага, каб тыя клапаціліся не толькі пра свой голад, але і пра бліжніх. Бог не просіць многа, але просіць усё, што маеш. Нават калі здаецца, што ў цябе няма талентаў, аддай гэта Езусу, і не толькі сам будзеш сыты, але накорміш многіх. Брат падкрэсліў, што калі б 800 гадоў таму Францішак не аддаў Богу ўсё, мы б не мелі сённяшняй святыні ў Удзеле і магчымасці атрымаць адпуст.

Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла, падчас якой айцец Віктар распавёў гісторыю з’яўлення францішканаў у Удзеле і стварэння мястэчка, прысвечанага Беззаганнай. Удзельнікі таксама мелі нагоду наведаць вядомую беларускую батлейку, якая дзейнічае тут ужо каля 20 гадоў. Глыбокія канферэнцыі, малітва, цёплыя размовы, сведчанні, Божая прысутнасць і апека Маці Божай разам са святым Францішкам — за ўсё гэта хвала Богу і шчырая падзяка ўсім, хто прыехаў і дзяліўся сваім сэрцам.

[4]

Паводле catholic.by [8]