- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

«Каб мы былі падобныя на святога Мікалая»: у Дзеркаўшчыне прайшоў парафіяльны адпуст

[1]9 мая Дзеркаўшчынская святыня была цалкам запоўнены вернікамі. На ўрачыстасць прыбылі кс. Яўген Шымановіч з Глыбокага, дыякан Віктар Мялешка OFMConv, а. Вальдэмар Куява OFMConv з Удзела, кс. Віталь Бяленік з Падсвілля, кс. Дзмітрый Рацько з Празарокаў, кс. Андрэй Таўрук з Канстанцінава.

Напачатку святой Імшы усіх прывітаў вікарый з Глыбокага кс. Яўген, які даязджае сюды з пастырскай паслугай, і запрасіў кс. Віталя Бяленіка цэлебраваць урачыстую Імшу.

Напачатку богаслужэння кс. Віталь адзначыў, што Бог нас любіць і стварыў чалавека на сваё падабенства. “Бог – гэта і ёсць любоў, і ў гэтай любові мы падобныя да Бога,” – падкрэсліў святар.

[2]

Слова да вернікаў прамовіў дыякан Віктар, які хутка ўжо прыме святарскае пасвячэнне. Сваё казанне будучы святар прысвяціў тэме кахання і любові ў больш шырокім сэнсе. “Любоў – гэта Езус,” – канстатаваў дыякан на пачатку гаміліі і далей прывёў шэраг доказаў гэтага. Ён падкрэсліў, што слова мае малое значэнне, калі не падмацоўваецца дзеяннем.

[3]

Першае, што характарызуе любоў, гэта прыхільнасць да аб’екта любові. “Бог нас так палюбіў, што ставарыў на сваё падабенства, – адзначыў дыякан. – Ён застаўся з намі назаўсёды ў Эўхарыстыі”.

Яшчэ адным доказам Божай любові ёсць тое, што Бог даў чалавеку свабодную волю, і чалавек можа сам распараджацца сваім жыццём. Можа хадзіць у касцёл, а можа быць і бязбожнікам.

Езус таксама даў нам Марыю, Сваю маці, якая з’яўляецца нашай апякункай і заступніцай, – падкрэсліў прамоўца. ­– Святы Мікалай, успамін якога адзначаецца ў гэты дзень, таксама можа служыць прыкладам хрысціянскай любові. Напрыканцы гаміліі дыякан Віктар пажадаў, каб усе мы пасля гэтай Імшы маглі паставіць сябе на месца святога Мікалая і паступаць так, як ён.

Падчас Імшы вернікі памаліліся сярод іншага за душы загінуўшых у Другой сусветнай вайне, а таксама за тое, каб больш на свеце не было такіх кровапралітных войнаў.

[4]

На заканчэнні богаслужэння вернікі памаліліся Літаніяй да святога Мікалая і прайшлі працэсіяй вакол святыні. А закончылася ўрачыстасць спевам гімна “Цябе, Бога, праслаўляем” і блаславеннем Найсвяцейшым Сакрамантам.

Трэба адзначыць, што культ святога Мікалая прысутнічаў на гэтых землях здаўна. Уніяцкія вернікі, якіх у свой час на тэрыторыі парафіі было большасць, шанавалі гэтага святога. Калі царскі ўрад скасаваў Унію, культ святога перайшоў да праваслаўных. Пакуль дзейнічаў праваслаўны храм у вёсцы Завараты да канца 50-х гадоў ХХ стагоддзя тут таксама адбываўся фэст на святога Мікалая.

Відаць, культ гэтага святога ўзялі да сябе католікі пры стварэнні тут рыма-каталіцкай парафіі. Дарэчы, нават пасля закрыцця касцёла ў Дзеркаўшчыне ў 1963 годзе дзень святога Мікалая ў парафіі ўсё адно святкаваўся. Гэтаму дапамагала і тое, што ў 1965 годзе савецкае кіраўніцтва зрабіла Дзень перамогі выходным днём.

[37]

У 1988 годзе вернікі распачалі намаганні, каб вярнуць сваю святыню. Вясной таго ж года ксёндз Уладзіслаў Звавальнюк цэлебраваў святую Імшу ў інтэнцыі вяртання храма каля сценаў разбуранай святыні. На гэта набажэнства сабралася шмат вернікаў з Дзеркаўшчыны і навакольных вёсак.

У 1989 годзе напаўразбураная святыня была вернутая парафіі. Пачаліся працы па яе аднаўленню. Нягледзячы на цяжкасці з будматэрыяламі і фінансамі ў той няпросты час святыня была адноўленая за дзесяць месяцаў. Гэта сталася дзякуючы вялікай самаахвярнасці і энтузіязму людзей. 15 мая 1990 года арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў адноўленую святыню. Тады ж вернікі парафіі адрадзілі таксама традыцыю фэстаў на святога Мікалая.

Зміцер Лупач, тэкст
Леанід Юрык, фота