[1]Звычайная субота. Другая палова чэрвеня. Вакол сталічнага касцёла Святога Духа, што ў мікрараёне Чыжоўка, расквітнелі ружы. Аранжавыя, чырвоныя, ружовыя, белыя – ад разнастайнасці колераў стракаціць у вачах. Па дарожках да касцёла ідуць юнакі і дзяўчаты, мужчыны і жанчыны. Усе яны апранутыя па-святочнаму, а на іх тварах – прыязныя ўсмешкі. Паволі збіраюцца і святары. У гэты дзень навучэнцы Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля заканчваюць чарговы навучальны год. Ужо здадзеныя апошнія іспыты, адкладзеныя ўбок заліковыя кніжкі. Для кагосьці гэты навучальны год стаў дэбютным, а для кагосьці – заключным. Выпускнікі ў гэты дзень хвалююцца асабліва. Іх пастава, усмешка, святочны строй – усё падкрэслівае значнасць падзеі.
У кагорце выпускнікоў немагчыма не заўважыць высокую дзяўчыну з незвычайным і паэтычным імем – Юргіта. Яна шчыра жартуе з аднакурснікамі і шмат усміхаецца. Навучэнка адчувае асаблівую ўдзячнасць Богу за гэты прыгожы дзень, за сваіх выкладчыкаў і аднакурснікаў. Яшчэ пяць гадоў таму яна і падумаць не магла, што будзе вучыцца ў тэалагічным каледжы, зацікавіцца даследчай дзейнасцю і знойдзе шмат новых сяброў. Аднак выпадак зрабіў сваю справу.
Аднойчы знаёмая, якая вучылася тут, расказала дзяўчыне пра тэалагічны каледж, пра асаблівую атмасферу, што пануе на занятках, а таксама пра грунтоўныя лекцыі і высокакваліфікаваных выкладчыкаў. Яна прапанавала Юргіце паступіць у гэту навучальную ўстанову. Прапанова на той момант падалася далёкай ад рэалізацыі. У той перыяд дзяўчына працавала на трох працах: выкладала ў медыцынскім каледжы, брала дзяжурствы ў рэанімацыйным аддзяленні адной з лякарняў, выкладала на курсах літоўскую мову. Цяжка было ўявіць, што ў гэты і без таго шчыльны графік трэба было б яшчэ ўпісаць і навучанне. Юргіта падзякавала за прапанову і адмовілася.
Праз некаторы час іншая жанчына, што вучылася ў каледжы, зноў распачала размову на гэтую ж тэму. І зноў захоплены водгук і прыгожы аповед. На хвілінку дзяўчына задумалася, што, магчыма, такім чынам яе кліча Бог. Аднак, прыгадаўшы пра ўсе свае абавязкі, адпусціла гэтую думку. Трэці раз паступіць у каледж Юргіту заахвоціў яе даўні сябар, з якім яна доўгі час не падтрымлівала стасункаў. Усе гэтыя прапановы былі ўспрынятыя як Божы заклік, якому далей немагчыма было супраціўляцца…
У дзяцінстве Юргіта Пузанайце была самай звычайнай дзяўчынкай. Як і ўсе аднагодкі, наведвала касцёл па нядзелях і святах. Яе вера была традыцыйнай. У шасцігадовым узросце, пераехаўшы з літоўскага горада Неменчыне ў невялічкую вёску Кемелішкі, яна жыла шараговым жыццём. Пасля паступлення ў Барысаўскі медыцынскі каледж адносіны з Богам сталі больш цеснымі і даверлівымі. Дзяўчына любіла падарожнічаць па Беларусі, наведваючы касцёлы. Аднойчы сябры нават арганізавалі для яе на дзень нараджэння двухдзённую экскурсію па святынях Гродзеншчыны і Віцебшчыны. Ад адмысловай архітэктуры ў Юргіты ажно закруцілася галава. Аднак найбольш запаў у сэрца касцёл у Мосары. Тады падарожніца паабяцала вярнуцца сюды летам, каб яшчэ раз перажыць тыя незабыўныя эмоцыі і больш дэталёва пазнаёміцца з незвычайнай асобай Ёзаса Булькі – шматгадовага пробашча парафіі.
У адну са жнівеньскіх субот 2022 года дзяўчына разам з сяброўкай вырашыла ажыццявіць даўнюю мару. Але якраз у гэтую суботу ў каледжы праходзіў уступны экзамен. Юргіта не магла прапусціць іспыт, аднак і ад візіту ў Мосар адмаўляцца не хацелася. Экзаменаваў будучую навучэнку ў той дзень дырэктар установы ксёндз-канонік Ян Крэміс. Глянуўшы на імя і прозвішча абітурыенткі, ён адразу здагадаўся, што Юргіта мае літоўскія карані. Тады святар прыгадаў, што ў яго роднай парафіі ў Мосары таксама служыў душпастыр, які паходзіў з Літвы, – ксёндз-прэлат Ёзас Булька. Юргіта прызналася, што планавала паехаць у гэты дзень у Мосар. Экзаменатар ухваліў добры намер, і абітурыентка, не дачакаўшыся вынікаў, разам з сябрамі паімчалася па шашы ў кірунку Віцебшчыны, у невялічкую, але такую прыгожую вёску Мосар. Гэты выпадак урэзаўся ў памяць і пакінуў станоўчыя эмоцыі.
Прыгадваючы пра паступленне ў тэалагічны каледж, Юргіта ўспамінае яшчэ адзін выпадак, які змяніў яе адносіны да жыцця і свету. Перад экзаменам яна актыўна збірала дакументы для паступлення: рыхтавала даведкі, заяву, праходзіла медыцынскі агляд. На той момант, ходзячы па кабінетах урачоў, яна зноў адчула атмасферу студэнцкага хвалявання. У чарговы дзень Юргіта прыйшла да тэрапеўта. Той уважліва агледзеў пацыентку і звярнуў увагу на брадыкардыю. Урач парэкамендаваў звярнуцца да спецыяліста, каб больш дэталёва даследаваць працу сэрца. Юргіта, маючы безліч абавязкаў, забылася пра тую рэкамендацыю. І прыгадала пра яе толькі тады, калі размаўляла з каляжанкай, якая была ўрачом ультрагукавой дыягностыкі. Ужо пасля, выслухаўшы ўсе скаргі, лекарка спытала, ці не мае Юргіта праблемаў са шчытападобнай залозай. Пацыентка прызналася, што мае: ужо доўгі час там прысутнічае невялікі вузельчык. Урач парэкаменддавала звярнуцца да спецыяліста і разабрацца ў гэтай праблеме. Эндакрынолаг выявіла ў пацыенткі новаўтварэнне. У хуткім парадку была зробленая пункцыя. Юргіта з надзеяй чакала вынікаў, шмат малілася і размаўляла з Хрыстом.
Праз вызначаны час урач паведаміла пацыентцы, што пухліна мае злаякасны характар.
Гэта навіна выбіла глебу з-пад ног, пазбавіла раўнавагі, прымусіла задумацца над важнымі рэчамі. Рак… Гэты дыягназ ніяк не стасаваўся з маладой і прыгожай асобай, у якой столькі планаў на жыццё.
Юргіта разумела, што не мае права ўпадаць у роспач. Яна шмат малілася, размаўляла з Хрыстом, дзякавала за гэтую сітуацыю, якая дапамагла выявіць хваробу. Каб дзяўчына не вырашыла паступіць, то, напэўна, і не даведалася б пра дыягназ, не распачала б своечасовае лячэнне і не мела б шанцаў на выздараўленне.
Далей Юргіту чакала аперацыя. Да гэтага яна ніколі не падвяргалася хірургічным умяшальніцтвам, таму вельмі хвалявалася. На шчасце, яна не засталася адна. Магутную падтрымку ёй аказалі сябры, знаёмыя, аднакурснікі, якія маліліся аб яе выздараўленні.
З таго часу прайшлі амаль тры гады. Сёння Юргіта адчувае сябе цалкам здаровай. Толькі ледзьве заўважны знак на шыі нагадвае тую гісторыю хваробы, барацьбы і падтрымкі.
Кожны навучэнец каледжа на апошнім курсе не толькі здае выпускны экзамен “EX UNIVERSA”, але яшчэ і абараняе дыпломную працу. Многія студэнты доўга вырашаюць, якую ж тэму абраць для будучага даследавання. Для Юргіты так пытанне не стаяла. Яна загадзя ведала, што ў фокусе яе ўвагі будзе асоба ксяндза Ёзаса Булькі – простага вясковага святара, які сваім прыгожым і пабожным жыццём выхаваў не адно пакаленне святароў, змагаўся з алкагольнай залежнасцю, змяніў не толькі тэрыторыю каля касцёла ў Мосары, але і погляды на жыццё многіх людзей. У 2005 годзе ксёндз Булька быў узнагароджаны дзяржаўнай прэміяй “За духоўнае адраджэнне”, а яго імя з павагай і сёння прыгадваюць многія, хто быў знаёмы са святаром. Усе гэтыя факты не маглі пакінуць абыякавай Юргіту. І яна арганізавала актыўную дзейнасць па зборы інфармацыі: прачытала безліч публіцыстычных артыкулаў пра асобу ксяндза, паглядзела відэазапісы з яго ўдзелам, паразмаўляла з арцыбіскупам на пенсіі Тадэвушам Кандрусевічам, а таксама святарамі Янам Крэмісам і Аляксеем Раманчуком, якія асабіста ведалі ксяндза-прэлата і з’яўляюцца яго вучнямі.
Усё гэта стала падставай для напісання грунтоўнай і глыбокай працы “Асоба ксяндза-прэлата Ёзаса Булькі ў гісторыі Касцёла ў Беларусі”.
Выпускніца прызнаецца, што на гэтым спыняцца не збіраецца. Нягледзячы на тое, што яна паспяхова абараніла працу і атрымала доўгачаканы дыплом, даследаванне будзе працягнутае. А як інакш, калі сёлета спаўняецца сто гадоў з дня нараджэння ксяндза Ёзаса Булькі!
Атрымаўшы дыплом, Юргіта адчула сапраўдную радасць, бо ў яе з’явіліся адразу тры кваліфікацыі: катэхета, кантара і кіраўніка пілігрымак. А з іншага боку, сэрца напоўніў светлы сум: прыйшоў час развітацца з аднакурснікамі, з выкладчыкамі, са звыклай атмасферай. За тры гады ўсё гэта напоўніла жыццё новым сэнсам, дапамагло пад іншым вуглом паглядзець на веру, на адносіны з Богам і бліжнімі, стварыць новую супольнасць, стаць больш дасведчанай і адукаванай у духоўным плане. Юргіта ўпэўненая, што атрыманыя веды паслужаць справе евангелізацыі, а яна такім чынам стане на крок бліжэй да Хрыста, Які з’яўляецца цэнтрам жыцця кожнага хрысціяніна.
Марта Венславовіч
Фота аўтара