- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Эстафету малітвы за медыкаў распачалі ў горадзе доктара Скарыны

[1]У нядзелю Пяцідзясятніцы, 7 чэрвеня, у грэка-каталіцкай парафіі ў Полацку пачалася эстафета малітвы за медыкаў, паведамляе svjazep.org [2].

Урачыстую Літургію свята Зыходу Святога Духа (паводле юліянскага календара) у парафіяльным храме св. Параскевы Полацкай адслужылі апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і настаяцель парафіі а. Аляксандр Шаўцоў.

“У свята Пяцідзясятніцы ўзгадваем дар моваў, які ад Духа Святога атрымалі Апосталы Хрыста, каб вяшчаць народам Слова Божае. Каб гэтае Слова Жыцця данесці на роднай мове да нашых айцоў, больш за 500 год таму з слаўнага горада Полацка Госпад паклікаў Францыска Скарыну – доктара медычных навук і перакладчыка Бібліі. Тут, у Полацку – ля вытокаў беларускага хрысціянства — хочам сёння маліцца за сённяшніх медыкаў і медработнікаў нашай Бацькаўшчыны, якія мужна і нястомна змагаюцца за здароўе і жыццё людзей у складаны перыяд эпідэміі каронавірусу” – сказаў у казанні архімандрыт Сяргей.

Пасля Літургіі вернікі памаліліся за медыкаў ля крыжа на прыцаркоўным пляцы.

[3]

У бліжайшыя дні гэтага тыдня эстафету малітвы за медыкаў пераймуць іншыя грэка-каталіцкія парафіі ў Беларусі.