- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Экслюзіўнае інтэрв’ю арцыбіскупа Гуджэроці пасля паездкі ў Беларусь

[1]Вызваленне двух святароў у Беларусі – гэта канкрэтны вынік дыпламатыі, якая ніколі не зачыняе дзвярэй. Гэта пацвердзіў кардынал Клаўдыё Гуджэроці ў эксклюзіўным інтэрв’ю для Vatican News [2] пасля вяртання са сваёй паездкі ў краіну.

Акрамя выказвання ўдзячнасці за гэты жэст, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў прыадкрыў змест сваіх размоў на самым высокім узроўні: заклапочанасць мірам ва ўсім свеце, будучыня Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і выказанае беларускімі ўладамі жаданне гістарычнага візіту Папы.

— Ваша Эмінэнцыя, Ваш візіт у Беларусь, зямлю, якую Вы добра ведаеце і глыбока любіце, быў адзначаны падзеяй, якая прынесла вялікую радасць каталіцкай супольнасці: вызваленнем ксяндза Генрыха Акалатовіча і айца Анджэя Юхневіча – вынік, у які, як вядома, Вы зрабілі прамы і вызначальны ўнёсак. Акрамя радасці ад гэтага дыпламатычнага поспеху, якое духоўнае і асабістае значэнне Вы надаеце гэтаму жэсту і якія новыя перспектывы ён адкрывае для будучыні дыялогу паміж Беларуссю і Святым Пасадам?

— Я цвёрда перакананы, што тое, што пастаянна паўтарае Святы Пасад, з’яўляецца правільным рэцэптам як у міжасабовых адносінах, так і ў палітыцы: гэта заўсёдная гатоўнасць да сустрэчы і дыялогу. Могуць быць больш цяжкія моманты, далікатныя сітуацыі, але Святы Пасад ніколі не зачыняе дзвярэй і радуецца, калі іншыя адчыняюць іх, каб людзі маглі сустрэцца: можна паглядзець адно аднаму ў твар, зазірнуць у вочы, абмяняцца пачуццямі.

Гэта, на мой погляд, вялікі сакрэт перадачы ўзаемнай чалавечнасці, які вырашае многія рэчы. Калі б словы былі сказаныя на адлегласці або выключна рацыянальным метадам, яны не сталі б выразам той камуніі паміж людзьмі, якую мы, хрысціяне, лічым абавязкам хрысціянства: людзі – гэта заўсёды скарб, вобраз і падабенства Божае.

Таму наша настойлівасць на дыялогу з усімі – гэта не толькі стратэгічнае пытанне, але і пытанне духоўнага характару. Калі ж з сустрэч нараджаюцца канкрэтныя вынікі, мы можам толькі дзякаваць Пану.

Я вельмі ўдзячны Прэзідэнту за тое, што ён прыняў некаторыя з нашых просьбаў і прыслухаўся да таго, што мы мелі магчымасць абмеркаваць падчас гэтай доўгай размовы. Не думаю, што тэхніка “не размаўляю з табой, не бачу цябе, не плачу табе, не дасылаю тавары” – гэта сістэма, якая прыносіць плён. Яна вядзе толькі да абвастрэння нянавісці, а нянавісць не знікае нават праз гады. Думаю, у гэтым спецыфіка нашага служэння.

Я прабыў у Беларусі шмат гадоў і меў шмат магчымасці для сустрэч з грамадзянскімі ўладамі, у тым ліку з Прэзідэнтам у далікатныя моманты. Казаць рэчы напрамую, на маю думку, заўсёды фундаментальна, і казаць іх сам-насам, замест таго каб рабіць гэта праз прэсу, – найлепшы спосаб, таму што людзі могуць папрасіць удакладненняў, не адчуваючы сябе пакрыўджанымі. Можна сказаць што заўгодна, але трэба казаць гэта ад чалавека да чалавека, з павагай. Гэта не азначае згоду ва ўсім, але размаўляць і ставіцца адно да аднаго як да людзей з годнасцю і павагай – наш першы абавязак і першая рыса папскай дыпламатыі.

— Вашы сустрэчы на самым высокім узроўні, у тым ліку з Аляксандрам Лукашэнкам, выклікалі вялікую грамадскую цікавасць. Нядаўняе вызваленне святароў паказала, што гэты дыялог можа прывесці да канкрэтных рашэнняў. У гэтым святле, ці быў Ваш апошні візіт накіраваны на вырашэнне іншых тэрміновых пытанняў, такіх як балючая сітуацыя з Чырвоным касцёлам у Мінску, ці ён уяўляў сабой хутчэй больш шырокае “зверванне гадзіннікаў” для падтрымання каналаў камунікацыі, жыццёва важных для будучыні?

— Асноўнай прычынай майго візіту было святкаванне 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі. Гэта стала выразам веры Каталіцкага Касцёла і для мяне вялікім дарам: я адчуў беларускіх католікаў глыбока блізкімі да Пана, шчодрымі і моцна ўкаранёнымі ў сваёй веры, як гэта часта бывае ў славянскіх народаў, якія ўмеюць прымаць рэчы блізка да сэрца. Гэта было вялікае свята: я ўдзячны ўсім – біскупу, які мяне запрасіў, Святому Айцу, які мяне накіраваў, людзям і ўсім арганізатарам.

Сустрэчы з рознымі дзяржаўнымі дзеячамі, у тым ліку з Прэзідэнтам, безумоўна, сталі нагодай пагаварыць у першую чаргу пра сітуацыю ў свеце, бо Святы Пасад вельмі занепакоены нестабільнасцю і вайной, якія не прынясуць нічога добрага, а толькі няшчасце, беднасць, нянавісць і разбурэнне. Падумаем пра тое, колькі ўсяго было знішчана бамбардзіроўкамі ў месцах, якія будаваліся з такой цяжкасцю: усё гэта адбірае ў людзей апошні кавалак хлеба. Гэта датычыцца ўсяго свету.

Вайна – гэта акт адсутнасці розуму: яна робіць бессэнсоўнымі намаганні пакаленняў па будаўніцтве лепшага заўтра. Вось першы элемент, які абмяркоўваўся, – сітуацыя ў свеце і тое, што мы можам зрабіць у нашых ролях, каб быць міратворцамі.

Затым размова ішла пра пытанні, якія тычацца Каталіцкага Касцёла і якія я прадставіў Прэзідэнту; тыя, што вы згадалі, – некаторыя з іх. Прэзідэнт слухаў вельмі ўважліва, даў мне некаторыя адказы, і я вельмі ўдзячны яму за тое, што ён мяне выслухаў, і за тое, што ён мне сказаў. Спадзяюся, што мы зможам прыйсці да рашэння, пажаданага для католікаў Беларусі, як мяне запэўнілі.

Таксама жаданне Прэзідэнта мець кантакт з Папам, запрасіўшы яго ў Беларусь, было прадметам нашай размовы: мы ведаем, што гэта будзе няпроста, але я вельмі цаню гэтае жаданне. Зразумела, гэта трэба разглядаць у больш шырокім міжнародным кантэксце, які залежыць не толькі ад Папы і не толькі ад Прэзідэнта. Але гатоўнасць да сустрэчы намі заўсёды цэніцца.

Такім чынам, магу сказаць, што заклапочанасці Каталіцкага Касцёла былі прадстаўлены Прэзідэнту, як і было маім абавязкам, з адкрытасцю. Наша размова была адзначана вялікай шчырасцю і павагай.

— Некаторыя аналітыкі сцвярджаюць, што ў цяперашнім кантэксце Вы ўяўляеце сабой адзіны і найбольш прамы канал асабістай камунікацыі паміж Святым Пасадам і беларускім урадам. Ці лічыце Вы такую інтэрпрэтацыю адпаведнай рэчаіснасці, ці гаворка ідзе пра спрошчанае бачанне складанай дыпламатычнай дынамікі?

— Я не хацеў бы задзіраць нос і думаць, што я адзіны канал; не думаю, што гэта так. Я пражыў чатыры з паловай гады ў Беларусі і з самага пачатку меў кантакты з Прэзідэнтам; ён неаднаразова казаў мне, што адчуваў маю любоў да беларускага народа, і дзякаваў мне за гэта. І гэтая мая любоў сапраўды ёсць. Калі існуе глыбокая любоў, усім важна яе падтрымліваць.

Дабро пашыраецца само па сабе – “Bonum est diffusivum sui” – і я думаю, што гэта відавочна ў асабістых адносінах, якія я зведаў падчас гэтых падзей і сустрэч. Трэба таксама прызнаць вялікую працу нунцыяў: апостальскія нунцыі прыклалі велізарныя намаганні, каб адкрыць каналы камунікацыі паміж Святым Пасадам і Беларуссю, і дасягнулі значных вынікаў.

Вядома, асабістыя адносіны часткова вызначаюцца маёй гісторыяй у Беларусі і абставінамі. Калі гэта можа паслужыць дабру беларусаў, народа і чалавецтва ў цэлым, чаму б не выкарыстаць гэты інструмент асабістых адносін, які мы пабудавалі, нават у надзвычай цяжкія моманты і падчас вялікіх пакут для беларускага народа? Усё яшчэ існуюць далікатныя сітуацыі, і размова – гэта заўсёды абавязак, калі ёсць павага да праўды, да асобы і да народа: гэта кампаненты для пабудовы добрага дыялогу.

— Вы вельмі добра ведаеце беларускі епіскапат; многія з яго членаў былі прызначаныя падчас Вашага служэння ў якасці нунцыя. З Вашага сённяшняга пункту гледжання, як Вы ацэньваеце здольнасць Канферэнцыі Біскупаў у Беларусі адказваць на выклікі і весці дыялог як з грамадствам, так і з дзяржаўнымі ўладамі?

— Я не бяруся выказваць меркаванне пра біскупаў і іх працу, таму што не жыву там і не ведаю, што магчыма зрабіць, а што не. Лічу, што выхад Каталіцкага Касцёла са сваіх прастораў, каб заняць значныя сацыяльныя нішы на карысць усіх, нават на культурным узроўні, заўсёды пажаданы і можа рэалізоўвацца ў большай меры, натуральна, просячы магчымасці рабіць гэта і быць пачутымі з павагай і чуллівасцю.

Гэта тычыцца адносін з грамадствам, з уладамі і з Праваслаўнай Царквой. Не трэба ствараць гета: агульнае дабро павінна быць натхненнем сустрэчы для ўсіх. У Беларусі ёсць свае цяжкасці, як і ва ўсіх краінах. Ёсць шмат тых, хто не хоча дабра Беларусі. Той, хто любіць Беларусь, абавязаны сустракацца, рабіць больш, дзейнічаць больш, прапаноўваць больш ініцыятыў; Беларусь там, дзе знаходзяцца беларусы, нават па-за межамі тэрыторыі.

Каталіцкі Касцёл павінен працаваць дзеля дабра народа разам з іншымі. Любое сектанцтва – гэта пагібель для народа: яно можа даць імгненную перавагу для ўласнай групы, але не стварае таго ідэальнага кантэксту, які прыносіць карысць асобам і супольнасці.

Касцёл павінен прысутнічаць, рыхтуючы сваіх святароў адпаведна каталіцкай традыцыі і знаходзячы структуры ўдзелу: духоўная дзейнасць важная, але гэта не адзіны выраз хрысціянскага жыцця. Недастаткова чакаць, пакуль людзі прыйдуць: сёння людзі чакаюць, каб іх шукалі.

Я часта кажу біскупам, што многія маладыя католікі знаходзяцца ў Мінску на вучобе і паходзяць з розных куткоў Беларусі. Клапаціцца пра іх, знаходзіць іх, збіраць для малітвы, катэхезы і культуры – наш абавязак. Сакрамэнт – гэта дар Божы вялікай моцы, але патрэбна і душпастырства пошуку: ісці і шукаць людзей, каб наблізіць іх, каб католікі адчувалі сябе ў касцёле як дома і адчувалі недахоп касцёла, калі не могуць туды трапіць. Цудоўна быць разам.

Каб рабіць гэта, мы павінны мець шырокі погляд, глабальнае, адважнае і шчодрае бачанне, якое выходзіць за межы абмежаваных катэгорый, навязаных савецкім светам, дзе ўсё трэба было рабіць патаемна. Цяпер мы можам выяўляць сябе і выказвацца.

Памятаю працэсіі Божага Цела ў Мінску: для мяне яны былі цудам. Падыходзячы да Чырвонага касцёла, можна было азірнуцца і ўбачыць вернікаў на кіламетры; выходзілі ад касцёла Святога Роха, спыняліся ля алтароў нават на галоўнай плошчы: цудоўны знак таго, што Бацькаўшчына ратуецца з унёскам рэлігій і што рэлігіі гатовыя ратаваць Бацькаўшчыну.

Я наведваў могілкі – як ахвяр нацыстаў, так і ахвяр камуністаў. Трэба разумець, што кожная чалавечая асоба – гэта вобраз і падабенства Божае; мы не вязні катэгорый, мы паслядоўнікі Бога, які вызваліў нас, стаўшы чалавекам і абараняючы годнасць чалавечай асобы ажно да несправядлівай смерці на крыжы. Не было б уваскрасення без укрыжавання.

— Нядаўняе вызваленне святароў выклікала хвалю каментарыяў. У гэтым кантэксце даносяцца галасы, што мясцовы епіскапат нібыта больш не разглядаецца ўладамі як прамы суразмоўца. Кажуць, што ўлады аддаюць перавагу дыялогу са Святым Пасадам на больш высокім узроўні, праз нунцыятуру або папскага легата, нават па мясцовых пытаннях, такіх як справа Чырвонага касцёла. На Вашу думку, ці адлюстроўвае гэтае ўспрыманне рэчаіснасць? І калі так, чым абумоўлена такая дынаміка? Ці быў канкрэтны момант, калі пачала існаваць такая сітуацыя?

— Мне цяжка даваць ацэнку, бо я ўжо шмат гадоў не жыву ў Беларусі. Першы прынцып: кожны выбірае сабе суразмоўцаў, якіх хоча. Калі жадаеш дыялогу, трэба, каб у ім удзельнічалі абодва бакі. Аднак існуюць спосабы паспрыяць таму, каб абодва бакі адчувалі сябе камфортна ў размове; гэта павінна рабіцца з усіх бакоў.

Нунцыятура – гэта пасрэднік: яна існуе для таго, каб мясцовы Касцёл меў камунікацыю са сваёй уладай, а не для таго, каб замяніць яго. Відавочна, што Святы Пасад прадстаўляе 1 мільярд 400 мільёнаў каталікоў, валодае велізарным міжнародным аўтарытэтам і сілай пераканання, што можа быць карысна для краіны. Але сярод гэтага 1 мільярда 400 мільёнаў ёсць і католікі Беларусі: ніхто не з’яўляецца аб’ектам, усе – суб’екты. Першае – гэта адчуць гэта і дзейнічаць адпаведна, шукаючы шляхі камунікацыі творчым чынам, выходзячы за рамкі звычак.

Гэта можа быць рызыкоўна, бо будзе крытыка; гэта частка дыялектыкі. Крытэрый – шукаць шляхі камунікацыі з усіх бакоў, каб прыйсці да разумення. Калі людзі не размаўляюць, расце прадузятасць, і павярхоўныя адчуванні бяруць верх. Каб гэта зрабіць, трэба сустракацца: калі вочы адных глядзяць у вочы другіх, адбываецца камунікацыя па-за словамі. Гэта камунікацыя чалавека з чалавекам.

Неабходна карыстацца таксама гуманітарнымі навукамі і экспертамі, свецкімі ці вернікамі, якія могуць параіць, як Касцёл можа дзейнічаць у цяперашні час. Тэндэнцыя многіх постсавецкіх краін – паўтараць клішэ, якія больш не актуальныя: трэба вынаходзіць новы спосаб сустрэчы. Больш не гарантавана, што ўлада дасць усё; трэба зарабляць на жыццё, прыкладаць намаганні, будаваць.

Касцёлы маюць велізарную сілу ў фарміраванні менталітэту: вернасць у працы, грамадзянская сумленнасць. Абарона пэўных чалавечых каштоўнасцей – гэта рэлігійны абавязак. Інструменты павінны быць прадуманыя і распрацаваныя. Біскупы ў адзіночку не могуць усяго: трэба знайсці правільных людзей, добра падрыхтаваных свецкіх, якія жывуць у грамадстве і ведаюць, як з ім узаемадзейнічаць. Іх актыўнае залучэнне – фундаментальнае.

Нельга выкідваць усё, што існуе, толькі дзеля вынаходніцтва чагосьці невядомага. Народ мае патрэбу ў захаванні таго, што яго абараняе і гарантуе: сацыяльныя меры гарантыі павінны захоўвацца, не ў духу патэрналізму, а каб зрабіць суб’ектаў галоўнымі героямі ўласнага росту. Кінуць народ у абдымкі абсалютнага лібералізму або дзікага капіталізму азначае зрабіць яго бедным, узбагаціць нямногіх і пакінуць у галечы большасць.

Касцёл павінен ажыццяўляць грамадскае распазнаванне. Калі ён можа зрабіць унёсак сваім фармацыйным вопытам – у школе, у дапамозе хворым, з добра падрыхтаванымі законнікамі і законніцамі – мы павінны быць гатовыя даць гэты ўклад у фарміраванне па-сапраўднаму чалавечага, годнага і свабоднага сэнсу адукацыі. Для прапаведавання існуе не толькі амбона: ёсць прыклад, блізкасць, салідарнасць. Гэта і ёсць інструменты.

Павага да гісторыі і традыцыі важная. Лёгка разбураць, не пытаючыся, хто зойме месца, каб будаваць будучыню ў Касцёле і грамадстве. Хто гэта будзе, калі не тыя, каго мы сфарміравалі сёння? Не тыя, каго навязвае рынак, а тыя, каго патрабуе агульнае дабро. Агульнае дабро – вялікая канцэпцыя сацыяльнага вучэння Касцёла.

— Дыялог з дзяржавай паказаў вынікі. А што наконт экуменічнага дыялогу? Пасля Вашай сустрэчы з Мітрапалітам Мінскім Веніямінам, якія рэальныя перспектывы гістарычнага візіту Папы ў Беларусь і, адначасова, якую падтрымку можа чакаць грэка-каталіцкая супольнасць у гэтым новым кантэксце?

— Магчымасці дыялогу фундаментальныя, незалежна ад таго, прыедзе Папа ці не. У гэтай краіне сёння ёсць праваслаўная большасць, якую трэба паважаць і якой трэба дапамагаць у дыялогу з намі, нават праз прыватныя сустрэчы, не абавязкова публічныя ці рытарычныя, а сам-насам, ясна тлумачачы, што на коне існаванне хрысціянства, а не толькі асобных Цэркваў. Калі не дзейнічаць разам, выніку не будзе, бо той, хто “выйграе”, часта мае падтрымку знешніх сіл.

Каардынуючы агульныя намаганні, можна захаваць каштоўнасці, якія падтрымлівалі беларускі народ у гісторыі, асабліва ў моманты вялікіх цяжкасцей, калі хрысціянская надзея давала сэнс і сілу працягваць жыць.

Нас мала, і трэба дзейнічаць камандай. Праз медыя распаўсюджваецца неапаганскае і індывідуалістычнае мысленне, якое не можа быць альтэрнатывай: індывідуалістычная альтэрнатыва – гэта герой, які разбіваецца аб гару. Толькі разам трымаецца Касцёл: само слова “Ecclesia” азначае “сход”, “супольнасць многіх членаў”. Гэта наш элемент: Пан заснаваў Касцёл; гэта мы часам нарабілі бяды. Экуменізм трэба шукаць разам, нікога не выключаючы.

Грэка-каталіцкая супольнасць – спадкаемца вялікага мінулага: яна мела людзей культуры. Памятаю пахаванне паэта Барадуліна, на якое я даслаў пасланне, калі быў нунцыем. Культура не небяспечная; небяспечным з’яўляецца невуцтва.

Грэка-каталіцкая супольнасць нядаўна атрымала кананічнае ўпарадкаванне, якое я лічу значным крокам: яно зрабіла гэтую супольнасць аўтаномнай ад уплыву знешніх рэалій. Цяпер беларускія грэка-католікі могуць кіравацца самі, не жабруючы ў іншых месцах. Гэта важна.

Калі з цягам часу гэта прывядзе да змены статусу, калі супольнасць дасягне сталасці, будзе добра арганізаваная і колькасна вялікая, тады мы абмяркуем гэта і з праваслаўнымі, каб знайсці найлепшы спосаб урэгулявання пытання. Лацінская супольнасць таксама ўцягнутая ў працэс: усе робяць унёсак у агульнае развіццё. Гарантаваць стабільнасць супольнасцей фундаментальна, каб яны былі праваднікамі хрысціянскага паслання ў краіне.

Успомнім цану, якую хрысціянства заплаціла ў гісторыі: вельмі высокую. Я абмяркоўваў гэтыя тэмы з Мітрапалітам Філарэтам і сёння сустракаюся з Мітрапалітам Веніямінам, каб параўнаць пазіцыі, зразумець іх прастору, іх свабоды і межы, у якіх даводзіцца дзейнічаць. Я не магу гэтага ігнараваць: гэта і ёсць экуменізм.

Сёння Праваслаўная Царква перажывае драматычныя моманты, магчыма, як ніколі: унутраныя схізмы, якія ўскладняюць тэалагічны дыялог. Я член камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Праваслаўнымі Цэрквамі і Каталіцкім Касцёлам і ўражаны цяжкасцямі ўнутры праваслаўя. Гэта не палягчае дыялог.

Падумаем пра варварскія нашэсці ці ісламскую экспансію на некаторых хрысціянскіх землях: хрысціянства адыграла моцную ролю, нават прымаючы пазітыўныя аспекты розных культур, як на Сіцыліі ці ў Іспаніі. На Усходзе сведчанне змешанае: культурнае, нацыянальнае, рэлігійнае, нават фальклорнае.

Лічу, што экуменізм сёння нараджаецца без выключэння каго-небудзь і з’яўляецца фундаментальным інструментам, каб глядзець далей за наш уласны дом: свет ставіць пад пагрозу хрысціянства ў гэты момант. Мы абараняем тыя каштоўнасці, якія дэмакратыя пераняла ад хрысціянства, але з якімі цяпер часам змагаецца.

— Вяртаючыся да пытання магчымага візіту Папы ў Беларусь: сітуацыя выглядае асабліва складанай. Гэта парадаксальна, што цэнтр прыняцця канчатковага рашэння наконт такога візіту можа знаходзіцца не ў Мінску, а звонку, у іншай краіне. Улічваючы гэтую далікатную кан’юнктуру, ці існуе, на Вашу думку, прастора для манеўру? Што можна было б зрабіць канкрэтна, каб паспрыяць гэтай гістарычнай падзеі?

— Прэзідэнт запэўніў мяне, што, на яго погляд, візіт Папы пайшоў бы на карысць беларускаму народу і што ён зробіць усё магчымае, каб гэта адбылося. Такім чынам, ёсць сапраўдны інтарэс. Відавочна, патрабуецца пасрэдніцтва і абмеркаванне: як гэта будзе адбывацца, цяжка прыдумаць звонку.

Папа ніколі не паедзе ў месца, дзе яго прыезд створыць падзел. Гэта святы прынцып: Папа едзе туды, дзе народ можа атрымаць карысць, а не для таго, каб распальваць супрацьстаянне. Трэба стварыць умовы, каб усе былі перакананыя ў аб’ектыўнай каштоўнасці візіту на карысць народа, а не для нейкай адной “званіцы”. Гэта праца, якую трэба зрабіць. Ці будзе поспех адразу ці заўтра? Мы не ведаем.

У мае часы ішла гаворка пра візіт Папы ў Беларусь разам з Патрыярхам Маскоўскім; тады гэта было немагчыма. Потым Патрыярх Маскоўскі і Папа сустрэліся ў іншым месцы. Хто б мог падумаць пра такое? Сіла мары павінна стаць крыніцай нашай адвагі: нельга вечна ўзважваць імавернасці і магчымасці, трэба дзейнічаць.

Калі гэта ўцягне Папу ў рух адвагі, сілы і надзеі, Папа паедзе ў той жа дзень. Не бачу цяжкасцей у Святога Айца ў гэтым сэнсе. Аднак трэба, каб гэта стала плёнам глабальнага агульнага намагання, у якім не будуць стварацца дадатковыя супрацьстаянні ці бар’еры: іх і так ужо дастаткова.

— Ваша Эмінэнцыя, дзякуй, што падзяліліся сваім поглядам на гэтыя складаныя пытанні. Гэта быў важны ўнёсак.

Размаўляў кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News [2]