- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

«Эўхарыстычная вясна». Адарацыя, якая доўжыцца ўжо 112 гадоў

[1]За харызмат свайго эўхарыстычнага Апостальства дзякавалі сёстры кларыскі ў Кэтах (Польшча). 6 лютага споўнілася 112 гадоў з пачатку бесперапыннай адарацыі Езуса Эўхарыстычнага ў кляштары.

6 лютага 1910 г. тагачасны кракаўскі суфраган біскуп Анатоль Новак упершыню выставіў Найсвяцейшы Сакрамант у санктуарыі для публічнай адарацыі днём і ноччу.

Пастаянная малітва перад Найсвяцейшым Сакрамантам

Сёстры пастаянна моляцца перад Езусам Эўхарыстычным у інтэнцыях, якія прыносяць парафіяне, пілігрымы і тыя, хто дасылае свае просьбы праз Інтэрнэт. У кляштары ёсць адзін з самых шматлюдных пастаянных канфесіяналаў на тэрыторыі Бельска-Жывецкай дыяцэзіі.

[2]

Гісторыя сясцёр кларысак ад Вечнай Адарацыі

Ордэн кларысак ад Вечнай Адарацыі (OCPA) быў заснаваны ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў Францыі. У яго стварэнне ўнеслі свой уклад два заснавальнікі: кс. Ян Хрысціцель Гёрлаўт і Маці Марыі ад св. Клары (Вікторыя Жазэфіна Буільво). У 1866 г. да супольнасці ў Труа ўступіла полька Людвіка Мараўская. У 1871 годзе яна перанесла на польскія землі ордэн францішканак ад Найсвяцейшага Сакраманту.

Спачатку сёстры спрабавалі заснаваць кляштар у Гранаве, а затым у Гнезна. У выніку германізацыі яны вымушаны былі пакінуць Польшчу і пасяліцца ў Львове. Там узнікла больш дамоў. У цяперашні час ва ўсім свеце існуе 29 аўтаномных дамоў кларысак ад Вечнай Адарацыі — у тым ліку ў Францыі, Германіі, Аўстрыі, ЗША, Індыі і Бангладэш. У Польшчы такіх 8 дамоў.

Сёстры прыехалі ў Кэты ў 1910 годзе дзякуючы сваёй заснавальніцы, слузе Божай Марыі Валянціне Лэмпіцкай. 6 лютага 1910 г. біскуп Анатоль Новак здзейсніў урачыстае выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту ў манастыры Кэты. У 1999 г. біскуп Тадэвуш Ракочы абвясціў гэтае месца мясцовым санктуарыем Вечнай адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту.

Папа Бэнэдыкт XVI і «Эўхарыстычная вясна»

У апошнія гады павялічылася колькасць касцёлаў і капліц, у якіх адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту доўжыцца 24/7. Папа Бэнэдыкт XVI назваў гэты працэс «Эўхарыстычнай вясной».

Паводле ekai.pl [3]
Пераклад Марыны Сінкевіч