[1]Складана ў сённяшнім свеце ўявіць сабе сям’ю, якая не адзначае дні нараджэння сваіх дзяцей. А як надаць гэтаму святу хрысціянскі характар? Разгледзім пяць простых парадаў.
- Падзяка Богу за дар жыцця
Жыццё чалавека – гэта дар ад Бога. І дзень нараджэння вашага дзіцяці – нагода, каб падзякаваць Яму за гэтую каштоўнасць. Вельмі добрай традыцыяй стане ў гэты дзень разам хадзіць у касцёл, замаўляць Святую Імшу за імянінніка і яго сям’ю, прыступаць да Святой Камуніі. Запрасіце на малітву хросных бацькоў і сваякоў, нават калі яны жывуць з вамі ні ў адным горадзе.
- Святы апякун
А ці ведаюць вашыя дзеці, чаму яны носяць тое ці іншае імя? Хто іх святы апякун? Як ён жыў, чаму стаў святым?
Дзень нараджэння – цудоўны момант, каб успомніць жыццярыс святога, абмеркаваць, які быў у яго характар, што выбітнага ён зрабіў для Касцёла і якія рысы можна ад яго пераняць.
- Падарункі з сэнсам
Сёння дзяцей усё складаней і складаней здзівіць падарункам. Але па-ранейшаму важна, каб, апроч самых жаданых і “самых важных” рэчаў, дзіця на дзень нараджэння атрымлівала падарункі з хрысціянскім сэнсам і зместам.
У залежнасці ад узросту і бюджэту гэта могуць быць каштоўныя ланцужкі з крыжыкам або медалікам, пярсцёнак ці бранзалет з дзясяткам ружанца, дзіцячая Біблія ці іншая духоўная кніга, крыж ці абраз.
Для дзяцей любога ўзросту актуальнымі будуць цішоткі з хрысціянскім мерчам.
- Падзяка і віншаванні бацькам
Вельмі часта ў падрыхтоўку і правядзенне свята бацькі ўкладаюць усе свае сілы і сродкі. Але ж дзень нараджэння дзяцей – не толькі іх свята, але і ваша, таты і мамы. Варта патлумачыць гэта сынам і дочкам, а таксама нагадаць мужам.
Няхай у гэты дзень знойдуцца час і нагода, каб імяніннік сказаў цёплыя словы падзякі бацькам, а бацькі прытулілі да сябе дзяцей.
Каб гэтыя добрыя рэчы сталі звыклымі для вашай сям’і, трэба паказваць асабісты прыклад і тлумачыць, чаму такія ўчынкі неабходна рабіць.
- Вера ў Бога, а не ў забабоны
У сучасным свеце вельмі шмат розных прымет і забабонаў. Напрыклад, нельга нібыта святкаваць дзень нараджэння загадзя, дарыць тыя ці іншыя рэчы і г.д. Трэба заўважыць, што яны не маюць нічога агульнага з хрысціянскай верай і Святым Пісаннем.
Варта растлумачыць сваім дзецям, чаму ў вашай сям’і не прытрымліваюцца такіх прымет і такіх звычаяў.
Пан Бог – Даўца жыцця і Той, Каму кожны чалавек павінен гэтае жыццё давяраць.
Вікторыя Філіпенка – мама дваіх дзяцей