Як стаць катэхетам у парафіі?

Падчас дыяцэзіяльнага спаткання катэхетаў у Глыбокім. 23.09.2022

«Хвала Хрысту! Маё пытанне датычыцца катэхезы для дзяцей. Хто можа працаваць катэхетам у парафіі? Якія ёсць патрабаванні да свецкіх асобаў? Абавязкова трэба мець адпаведны дакумент (дыплом катэхета) ці не? Ці ёсць наконт гэтага пытання адпаведныя дакументы Касцёла? Дзякуй вялікі за адказ».

Аксана

Хвала навекі!

Паважаная Аксана! Каб дакладней адказаць на Вашае пытанне, трэба зразумець, што такое катэхеза і хто з’яўляецца катэхетам. Для гэтага мы звернемся да Статутаў Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій.

У нумары 396 узгаданых вышэй Статутаў чытаем: “Абвяшчэнне, пераказ і перажытае ўспрыняцце Евангелля праяўляюцца ў партыкулярным Касцёле, г.зн. у дыяцэзіі. Партыкулярны Касцёл складаецца з супольнасці вучняў Езуса Хрыста, якія жывуць у пэўнай грамадска-культурнай сферы”. Далей чытаем, што “праз катэхезу дыяцэзія “ахвяруе ўсім сваім чальцам і тым, хто жадае даверыцца Езусу Хрысту, фармацыйны працэс, які дазваляе пазнаць, цэлебраваць, перажываць і абвяшчаць Евангелле ў межах уласнага гарызонту культуры” (397).

Мы бачым, што катэхеза – гэта не звычайныя заняткі па асновах рэлігіі, але “абвяшчэнне, пераказ і перажытае ўспрыняцце Евангелля”. А гэта ўжо, у сваю чаргу, штосьці значна большае, чым пераказ “сухіх” ведаў.

Далей Статуты падкрэсліваюць, што за катэхізацыю, за пастаяннае выхаванне веры адказвае ўся хрысціянская супольнасць з улікам асаблівай адказнасці кожнага яе чальца, а таксама таго, каго катэхізуюць. Пераказ веры ў межах супольнасці арганічным чынам здзяйсняюць катэхеты па праве кананічнай місіі, якую выдае дыяцэзіяльны біскуп (399 – 400).

Статуты таксама ўказваюць на тое, хто ў дыяцэзіі з’яўляецца катэхетамі. Першае месца прызначана біскупу дыяцэзіі і пра гэта кажуць не толькі самі Статуты, але і Апостальская адгартацыя Папы Яна Паўла ІІ Catechesi tradendae: “Па-першае, я звяртаюся да вас, браты ў біскупстве: ужо Другі Ватыканскі Сабор выразна нагадаў аб вашых абавязках у галіне катэхізацыі, а Айцы Чацвёртай Генеральнай Асамблеі Сінода з націскам пацвердзілі. Гэта вам, дарагія браты, даверана асаблівая місія ў вашых Касцёлах, дзе вы несяце першую адказнасць за навучанне і дзе вы з’яўляецеся першымі катэхетамі. Акрамя таго, згодна з духам біскупскай калегіяльнасці, вы павінны разам з Найвышэйшым Пастырам адчуваць сябе абавязанымі прапаведаваць ва ўсім Касцёле (СТ, 63).

Наступнымі катэхетамі з’яўляюцца прэзбітары, пробашчы і выхавальнікі хрысціянскай супольнасці (Статуты, 404 – 408); бацькі (409 – 411); кансэкраваныя асобы (412 – 413) і свецкія катэхеты (414 – 416).

З першага пункту гледжання, можна сказаць, што свецкім катэхетам прызначана апошняе месца ва ўсім вышэйзгаданым “ланцужку”. Але, калі мы звернемся да тэксту Статутаў, то для нас адкрываецца зусім іншая перспектыва: “Катэхетычная дзейнасць свецкіх мае своеасаблівы характар, які вынікае з іх месца ў Касцёле. Іх пакліканне да катэхезы паходзіць з сакраманту хросту і канфірмацыі (бежмавання). Дзякуючы гэтым сакрамантам яны ўдзельнічаюць у “святарскай, прароцкай і валадарскай місіі Хрыста”. Яны, падзяляючы той жа самы стыль жыцця з тымі, каго катэхізуюць, могуць кампетэнтна дапамагаць у фармаванні іх жыцця паводле святога Евангелля” (413).

Касцёл абуджае і распазнае гэтае Божае пакліканне да катэхізацыі і згодна з прадпісаннямі нарматыўных дакументаў дае для яе кананічную місію.

Першым такім дакументам з’яўляецца Кодэкс Кананічнага Права. У параграфе 1 канона 228 чытаем: “Свецкія вернікі, прызнаныя прыдатнымі, з’яўляюцца здольнымі прымаць ад святых пастыраў тыя касцельныя пасады і заданні, якія могуць выконваць згодна з прадпісаннямі права”. Як было ўзгадана вышэй, свецкім вернікам і кансэкраваным асобам для таго, каб быць катэхетам, неабходна мець кананічную місію [пэўнага кшталту дазвол], выдадзеную дыяцэзіяльным біскупам (Статуты, 400).

Можа ўзнікнуць пытанне, дзеля чаго Касцёл “акружыў сябе” вялікай лічбай дакументаў і чаму звычайны чалавек не можа проста стаць катэхетам? Менавіта дзеля таго, каб перадавалася чысціня веры. Не нейкія “асабістыя ідэі” пэўнага чалавека, а той скарб веры, які пакінуў нам Езус Хрыстус і які праз вякі захоўваўся Касцёлам. Таму “абвяшчэнне, пераказ і перажытае ўспрыняцце Евангелля” павінна перадавацца адпаведна падрыхтаванымі асобамі.

На гэта звяртае ўвагу Кодэкс Кананічнага Права, кажучы, што “Ардынарыі месца павінны клапаціцца, каб катэхізатары атрымлівалі адпаведную падрыхтоўку для належнага выканання свайго задання, а менавіта неабходна забяспечыць ім пастаянную фармацыю, каб яны маглі належным чынам пазнаваць навучанне Касцёла, а таксама тэарэтычна і практычна засвойваць нормы педагагічных навук” (кан. 780).

“У ажыццяўленні місійнай дзейнасці павінны быць задзейнічаны катэхізатары, а менавіта належна падрыхтаваныя свецкія вернікі, якія вызначаюцца хрысціянскім жыццём. Яны павінны пад кіраваннем місіянера займацца выкладаннем евангельскага вучэння, арганізацыяй літургіі і спраў міласэрнасці.

Катэхізатары павінны праходзіць фармацыю ў прызначаных для гэтага школах, а там, дзе іх няма, – пад кіраўніцтвам місіянераў” (кан. 785).

З гэтага мы бачым, што для таго, каб стаць катэхетам, трэба не толькі мець адпаведную адукацыю, але і адпаведны дакумент. Толькі пры наяўнасці і аднаго і другога свецкі вернік і кансэкраваныя асобы могуць выконваць вельмі важную місію катэхізацыі.

Што датычыць дакументаў Касцёла, то іх дастаткова шмат. Асноўным дакументам у галіне катэхізацыі з’яўляецца “Дырэктыва для катэхез”, выдадзеная ў 2020 годзе Папскай Радай па садзейнічанні новай евангелізацыі.

Яшчэ адным важным дакументам у галіне катэхізацыі з’яўляецца “Апостальскі ліст Папы Францішка  Аntiquum ministerium”, якім Святы Айцец устанаўлівае паслугу катэхета.

У пачатку свайго ліста Папа піша: “Паслуга катэхета ў Касцёле вельмі старажытная. Тэолагі сыходзяцца ў меркаванні, што першыя катэхеты згадваюцца ўжо на старонках Новага Запавету. Настаўніцкая паслуга знаходзіць сваю першапачатковую форму ў “настаўніках”, якіх згадвае Апостал, калі піша да супольнасці ў Карынце: “Адных Бог паставiў у Касцёле найперш апосталамі, другіх – прарокамі, трэціх – настаўнікамі, потым даў моц, потым – дары аздараўлення, дапамогі, кіравання, розныя мовы. Цi ўсе апосталы? Цi ўсе прарокi? Цi ўсе настаўнікі? Цi ўсе цудатворцы? Цi ўсе маюць дар аздараўлення? Цi ўсе гавораць мовамi? Цi ўсе тлумачаць? Дбайце пра большыя дары, і я пакажу вам яшчэ лепшы шлях” (1 Кар 12, 28-31) (АМ, 1).

Папа Францішак падкрэслівае, што “паслуга катэхета мае высокае прафесійнае значэнне, якое патрабуе належнага распазнання з боку Біскупа і падкрэслівання ў абрадзе ўстанаўлення. Сапраўды, гэтая паслуга з’яўляецца пастаянным служэннем мясцоваму Касцёлу, згодна з пастырскімі патрэбамі, прызнанымі мясцовым ардынарыем, але здзяйсняецца ў свецкім парадку ў адпаведнасці з самой прыродай гэтага служэння. Добра, каб мужчыны і жанчыны глыбокай веры і чалавечай сталасці былі пакліканы да паслугі катэхетаў, каб прымалі актыўны ўдзел у жыцці хрысціянскай супольнасці, каб маглі прымаць іншых, быць шчодрымі і жыць у братэрскай камуніі, каб атрымалі адпаведную біблійную і тэалагічную фармацыю, душпастырскую і педагагічную, каб яны былі ўважлівымі вестунамі праўды веры і мелі вопыт катэхізацыі (II Ватыканскі Сабор, Дэкрэт Christus Dominus, 14; ККП кан. 231 §1; KKУЦ кан. 409 §1). Ад іх патрабуецца быць вернымі супрацоўнікамі святароў і дыяканаў, гатовымі да выканання служэння ў выпадку неабходнасці і натхнёнымі сапраўднай апостальскай руплівасцю” (АМ, 8).

Гэтым дакументам Рымскі Пантыфік запрашае Канферэнцыі Біскупаў “ажыццяўляць служэнне катэхізацыі, устанаўліваючы неабходны шлях фармацыі і нарматыўныя крытэрыі, неабходныя для атрымання гэтай паслугі, і знаходзячы адпаведныя формы служэння тых, хто пакліканы выконваць яго ў адпаведнасці з выказаным у гэтым Апостальскім лісце (АМ, 9).

З павагай, кс. Аляксей Ляшко, Афіцыял Біскупскага Суда Віцебскай дыяцэзіі

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі