- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Як правільна маліцца на ружанцы?

[1]«З 90-х гадоў амаль пастаянна бываю на святой Імшы. Заўсёды перад Імшой молімся на ружанцы. Помніцца, раней людзі не дазвалялі прапускаць пры малітве разважанні. Можа, цяпер Касцёл дазваляе называць толькі таямніцу, не акцэнтуючы ўвагу на разважаннях?»

Ванда

На пытанне адказвае кс. Аляксей Ляшко, афіцыял Біскупскага Суда ў Віцебску.

— Трэба заўважыць, што святы Людвік Марыа Грыньён дэ Манфор (1673-1716), святар, які меў вялікую пашану да Божай Маці, адзін са сваіх галоўных твораў – “Дзіўная таямніца святога ружанца для навяртання і выратавання” – прысвяціў менавіта ружанцу.

Ён заахвочвае маліцца на ружанцы ўсіх вернікаў, адначасова перасцерагаючы ад дзвюх найбольш распаўсюджаных памылак, якія дапускаюцца падчас ружанцовай малітвы.

“Каб добра памаліцца на ружанцы, пасля заклікання Святога Духа на хвіліну стань у прысутнасці Бога (…). Перш чым пачаць маліцца дзесяць “Вітай Марыя”, спыніся даўжэй ці карацей, у залежнасці ад часу, які маеш, каб паразважаць над таямніцай, якую праслаўляеш у гэтых дзесяці “Вітай Марыя”, прасі праз заступніцтва Маці Божай, адну цноту, якую яна мае, альбо тую, якая табе больш за ўсё патрэбна…

Будзь уважлівым да дзвюх распаўсюджаных памылак, якія людзі робяць, молячыся на ружанцы. Па-першае, яны наогул не маюць інтэнцыі, у якой моляцца на ружанцы. І на пытанне, аб чым яны моляцца на ружанцы, яны не змогуць адказаць. Таму, молячыся на ружанцы, заўсёды май на ўвазе некаторыя ласкі, якіх жадаеш папрасіць, некаторыя цноты, якіх патрабуеш, або грахі, ад якіх жадаеш пазбавіцца.

Другая памылка, якую звычайна робяць людзі, молячыся на  ружанцы, – гэта жаданне яшчэ перад пачаткам ружанцовай малітвы, каб скончыць яго як мага хутчэй. Гэта звязана з тым, што мы бачым у ружанцовай малітве штосьці непрыемнае, цяжкае для нас, як пакута, што дадзена нам супраць нашай волі…”.

Ружанец – гэта вельмі прыгожая малітва, але ў той час і цяжкая. Малітва – гэта праца, перадусім духоўная праца. А мы ведаем, што кожная праца – цяжкая і патрабуе ад нас пэўных намаганняў.

Святы Папа Павел VI у Апостальскай адгартацыі Marialis Cultus (Марыйны Культ) пісаў, што “калі не хапае разважання, то Ружанец становіцца падобным да цела без душы і ўзнікае небяспека, што малітва стане механічным паўтарэннем формулаў, а таксама што будзе супярэчыць напаміну Хрыста, Які сказаў: “Калі моліцеся, не гаварыце шмат, як язычнікі, бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім будуць пачутыя” (Мц 6, 7). Па сваёй прыродзе ружанцовая малітва патрабуе спакойнага рытму і ўдумлівасці, якія спрыяюць малітве, а таксама дапамагаюць разважаць пра таямніцы жыцця Пана, праз сэрца Той, Якая была найбліжэй да Пана, і раскрываюць неспасцігальнае багацце гэтай малітвы” (МС 47).

Вельмі моцныя словы. Мы ведаем, “што цела без душы” – гэта труп. Ружанец без разважанняў, можа, таксама стаць такім “трупам”. Прыгожая ружанцовая малітва без разважанняў над таямніцамі можа перарасці ў “пустое адгаворванне пацераў”.

Іншы святы, Папа Ян Павел ІІ, пакінуў нам прыгожы Апостальскі Ліст Rosarium Virginis Mariae (Ружанец Дзевы Марыі), у якім таксама дае некалькі парадаў для правільнай малітвы на ружанцы.

Першая парада – “Называнне таямніцы і, калі толькі гэта магчыма, адначасовае ўяўленне выявы, якая яе прадстаўляе, – гэта як бы адкрыццё сцэны, на каторай трэба засяродзіць увагу. Словы скіроўваюць уяўленне і дух да акрэсленай падзеі ці моманту з жыцця Хрыста” (RVM 29).

Другая парада – слуханне Божага слова, спалучанае з разважаннем у цішыні. “Каб надаць разважанню біблійную аснову і большую глыбіню, карысна пасля называння таямніцы прачытаць адпаведны біблійны тэкст, які, у залежнасці ад абставін, можа быць карацейшы альбо даўжэйшы. Таму што ніякія іншыя словы не могуць параўнацца па сваёй дзейснасці з натхнёным Словам. Яго трэба слухаць з упэўненасцю, што гэта Слова Бога, прамоўленае для сённяшняга часу і “для мяне”. Успрынятае такім чынам, яно ўваходзіць у ружанцовую метадалогію паўтарэння, не выклікаючы стомленасці, якую выклікаў бы звыклы паўтор ужо добра засвоенай інфармацыі. Таму што сэнс не ў тым, каб выклікаць у памяці інфармацыю, а ў тым, каб дазволіць Богу “гаварыць”.

“Слуханне (Божага Слова) і разважанне жывяцца маўчаннем. Слушна было б пасля называння таямніцы і прачытання Слова праз адпаведны час спыніцца і засяродзіцца на таямніцы, перш чым распачаць вусную малітву… Так як у літургіі рэкамендуецца хвіліна маўчання таксама падчас ружанцовай малітвы, пасля таго як праслухана Слова Божае, будзе дарэчнай кароткая паўза, у час якой дух засяроджваецца на сутнасці пэўнай таямніцы” (RVM 30-31).

Такім чынам, святы Ян Павел ІІ не толькі тэалагічна, але і практычна наблізіў Ружанец да Святой Літургіі. Пры такім спосабе малітвы на Ружанцы кожная таямніца становіцца падобнай да маленькай Літургіі Слова. Хто так моліцца на Ружанцы, напэўна, не ўпадзе ў так званае “кляпанне пацераў”.

Таму, калі ў наступны раз мы будзем маліцца на Ружанцы, будзем памятаць пра важныя рэчы, якім нас вучаць Касцёл і святыя. Перад ружанцовай малітвай мы павінны абудзіць у сэрцы інтэнцыю, у якой жадаем маліцца – маліцца павольна і засяроджана, разважаючы над кожнай таямніцай Ружанца, прынамсі кароткім вершам са Святога Пісання.