[1]Пахвалёны Езус Хрыстус! Вітаю ўсіх мамаў. Мы сустракаемся з вамі ў кастрычніку, а гэта азначае, што вельмі хутка, 2 лістапада, Касцёл будзе ўспамінаць усіх памерлых вернікаў. Гэта час, калі ў храмах, на могілках і ў сем’ях моляцца за памерлых родных і сваякоў. А як размаўляць пра смерць з дзецьмі? Разгледзім пяць практычных парадаў.
- Будзьце шчырымі
Дзіця можа задаваць пытанні пра смерць, пачынаючы з самага ранняга ўзросту, і гэта нармальна. Нагоды для пытанняў могуць быць рознымі. Напрыклад, памёрлыя птушка, дамашні гадаванец або нават хтосьці з родных. Калі распачынаць тлумачыць? Шукайце залатую сярэдзіну: не пачынайце размовы пакуль дзіця не пытае, але не маўчыце, калі сын ці дачка да вас звяртаюцца.
Галоўным бацькоўскім прынцыпам у гэтым пытанні павінна быць шчырасць. Не варта выдумляць гісторыі пра тое, што чалавек заснуў, паехаў у далёкае падарожжа і г.д. Такім чынам вы можаце паспрыяць фармаванню дзіцячых фантазій і страхаў.
Памятайце, што дзеці вызваляюцца ад страхаў, толькі калі атрымліваюць шчырыя адказы на свае пытанні. Гэтых пытанняў можа быць шмат, самых розных, непрадказальных. Слухайце іх, старайцеся разам знайсці адказы.
- Шчырыя словы – простыя словы
Тлумачце простымі словамі, якія зразумее дзіця. Смерць – гэта не сон, не адыход чалавека кудысьці далёка і надоўга. Смерць – гэта калі душа пакідае цела чалавека і тут, у зямным жыцці, сустрэцца ўжо немагчыма. Але ж усе абавязкова сустрэнуцца ў Нябесным Валадарстве.
Напачатку малечы будзе складана зразумець праўду, але з цягам часу, давяраючы бацькам, яно абавязкова змірыцца і прыме новую рэчаіснасць.
Дазваляйце дзецям называць і паказваць свае пачуцці і эмоцыі: гнеў, страх, слёзы, роспач – гэта нармальная рэакцыя. Дапамажыце іх перажыць, будзьце апорай і падтрымкай.
- Хрысціянская надзея
Насамрэч, вернікам абмяркоўваць смерць з дзецьмі нашмат прасцей. Абавязкова паразмаўляйце з вашымі сынам ці дачкой пра несмяротную чалавечую душу. Блізкі чалавек не проста назаўжды пакінуў зямлю, яго душа адышла па ўзнагароду да Пана і будзе жыць вечна.
Калі дзеці дарослыя, можна паразважаць на тэму Божага суда. Але заўсёды звяртайце ўвагу на тое, што Бог – Міласэрны і ў кожнага чалавека ёсць надзея на сустрэчу з Ім у Валадарстве Нябесным.
- Неабходнасць малітвы
Каталіцкі Касцёл удзяляе шмат увагі малітве за памерлых, асабліва на пачатку лістапада. У гэтыя дні варта прыняць удзел у малітве ўсёй сям’ёй. Патлумачце дзецям, што душы нашых блізкіх патрабуюць і чакаюць малітвы.
Можна разам пайсці ў касцёл на лістападаўскія набажэнствы або вывучыць і маліцца дома “Анёл Панскі”, чытаць нешпары, разам скласці спіс на выпамінкі.
Памятайце, калі вы не навучыце дзяцей маліцца за памерлых, то пасля смерці не будзе каму маліцца за вас.
- Захавайце памяць пра продкаў
Для дзяцей вельмі важныя візуалізацыя, сімвалы, рытуалы. Таму, каб захаваць памяць пра памерлых продкаў, можна час ад часу разглядаць фотаальбомы са здымкамі, распавядаць, кім былі вашыя родныя, узгадаваць цікавыя гісторыі з жыцця.
А падчас лістападаўскіх малітваў варта разам наведаць могілкі, прыбраць тэрыторыю, памаліцца, запаліць зніч.
Падрыхтавала Вікторыя Філіпенка – маладая мама дваіх дзяцей
