[1]19 сакавіка, ва ўрачыстасць святога Юзафа, у Глыбокім адбылася першая фармацыйная сустрэча мужчын. Такі фармат быў выбраны нездарма, бо ўдзел прынялі 15 мужчын — гэта чальцы ружанцовага кола святога Юзафа і святога айца Піа, а таксама тыя, якія прымаюць удзел у спатканнях сем’яў, якія ладзяцца ў Глыбоцкай парафіі кожную трэцюю сераду месяца.
Праводзіў сустрэчу кс. Мікалай Ціхановіч. Сустрэча распачалася з канферэнцыі, галоўнай думкай якой была роля мужчыны на ўзор святога Юзафа, як абаронцы сваёй сям’і, сваіх родных, а таксама абаронцы ўсяго Касцёла ад дзеянняў зла; як важна браць прыклад са святога Юзафа і кіравацца гэтым у нашым штодзенным жыцці; як будаваць сваю сям’ю, не абапіраючыся на мадэлі нашых продкаў, родных, або суседзеў, а будаваць новую мадэль сям’і беручы прыклад са Святой Сям’і з Назарэту.
Заканчэннем першай часткі сустрэчы сталі малітва на ружанцы і Літанія да святога Юзафа. А далей, неафіцыйная частка — з грылем і асабістымі размовамі. Ёсць вялікая надзея, што гэты фармат сустрэч працягнецца і будзе толькі развівацца, дапамагаючы нам, мужчынам, якія прымаюць удзел, узмацняць сваю веру і служэнне Богу на ўзор святога Юзафа.
Дзмітрый Шаршунс, Strinitas.com [2]