- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

«Я змог прыслухацца да свайго сэрца і адчуў, што Бог са мной». Як моладзь весялілася на «Андрэйках» у Глыбокім

[1]У апошні дзень восені, 30 лістапада, моладзь з Віцебскай дыяцэзіі сабралася разам, каб у малітве, спевах, праслаўленні і танцах падрыхтавацца да радаснага чакання прыйсця Збаўцы. «Андрэйкі» ў «вішнёвай сталіцы» Беларусі, Глыбокім, ладзяцца ўжо пяты год запар. Сёлета тэма гучала так: «Welcome to the Касцёл». Падзяліцца радасцю ад еднасці з сям’ёй Касцёла прыехала больш за 250 чалавек.

Вясёлае мерапрыемства ў глыбоцкім Доме культуры арганізавала дыяцэзіяльнае душпастырства моладзі разам з парафіяй Святой Тройцы ў Глыбокім. У ярка-жоўты будынак непадалёк ад касцёла прыехалі вернікі з Пастаў, Лынтуп, Камаяў, Лучая, Варапаева, Докшыц, Шаркаўшчыны, Мёр, Ідолты, Полацка, Наваполацка, Расон, Віцебска, Оршы і, канечне, самога Глыбокага.

Пасля прывітальных словаў пробашча парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім кс. Мікалая Ціхановіча, душпастыра моладзі Віцебскай дыяцэзіі і арганiзатара «Андрэек» кс. Алега Хмылко і сумеснай малітвы, распачалася забаўляльная праграма.

[2]

Аніматары ДДМ правялі пераклічку (самымі гучнымі аказаліся Паставы) і прапанавалі ўзгадаць тэму мінулагодніх «Андрэек». Яна гучала так: «Суперздольнасці хрысціяніна». Імі з’яўляюцца прыналежнасць да супольнасці, малітва, міласэрнасць і апостальства. Аніматары звярнулі асаблівую ўвагу на суперздольнасць «прыналежнасць да супольнасці» і прапанавалі прысутным падзяліцца сваім сведчаннем прыхода ў касцёл.

Пасля таго, як удзельнікі ўзгадалі, як яны аказаліся часткай касцёльнай сям’і, аніматары правялі конкурсы, перайначылі казку «Церамок» у «Каплічку» з удзелам мышкі-манашкі і скварца-айца, развучылі з прысутнымі новы танец.

[3]

Але «Андрэйкі» — сустрэча не толькі забаўляльная. Арганізатары далі моладзі магчымасць асэнсаваць сваё жыццё і прагненні, каб падрыхтавацца да часу «актыўнага чакання» Езуса. Нам паказалі відэа «Гісторыя Ісака», гісторыю перамянення і навяртання. Ролік паспавядае пра хлопца ў вялікім горадзе, які вырваўся ў «вялікі свет», працаваў у сферы моды, добра зарабляў і ні ў чым сабе не адмаўляў. Але нягледзячы на ўсю весялосць і актыўнасць жыцця, застаючыся сам-насам, адчуваў самоту і пустэчу ўнутры. Вярнуўшыся дамоў да веруючых бацькоў, ён раптам зразумеў, што «Ён, наш дасканалы Бацька, якога ў нікога з нас не было, заўжды з табой. Ён цябе ніколі не пакіне»…

Праславіць Айца за любоў і міласэрнасць мы змаглі падчас канцэрта гурта «TALITHAKUM» з Віцебскай парафіі Св. Барбары. Пасля танцавальнага хіта «Хвалі Тваёй ласкі, Пане» саліст «TALITHAKUM» прапанаваў моладзі сцішыцца, пакласці руку на сэрца і падумаць, за што мы можам праславіць Бога, за што — падзякаваць, чаго папрасіць… Малітва праслаўлення стала добрай нагодай супольна, але ў той жа час паасобку, застацца сам-насам з Панам, Чыя прысутнасць адчувалася ў гэтыя хвіліны асабліва моцна…

[4]

Пасля канцэрта «TALITHAKUM», які прайшоў на вельмі высокім узроўні (не хапала толькі кіраўніка калектыва айца Тамаша Мікі ОР), усе адправіліся на дыскатэку.

[5]

«Тут ты можаш смела сказаць: «Я — хрысціянін» і аддаць хвалу Пану з людзьмі свайго атачэння»

Я была на «Андрэйках» у Глыбокім упершыню, пасля канцэрта і малітвы праслаўлення была вельмі ўражаная і вырашыла пагутарыць з моладдзю з розных парафій, даведацца іх уражанні ад мерапрыемства.

Юлія, Паставы: «Я на «Андрэйках» чацвёрты раз. Кожны раз арганізатары прыдумляюць нешта новае, вельмі цікавае, не стаяць на месцы. Я вельмі ўдзячна аніматарам, які ўсё гэта прадумваюць для нас. Больш за ўсе мяне сёння ўразіў канцэрт «TALITHAKUM» з малітвай праслаўлення. У гэтыя хвіліны я думала аб тым, што Бог заўжы з намі. Нягледзячы ні на твае паводзіны, ні на твае ўчынкі — Ён побач і ніколі не адмовіцца ад цябе. У наступным годзе абавязкова прыеду на «Андрэйкі»!».

Андрэй, Варапаева: «Трэці раз, здаецца, удзельнічаю ў «Андрэйках». Мне заўжды яны падабаліся, я не заўважаю нейкіх асаблівых змен, хіба што сёлета прыехала больш людзей, чым у мінулыя гады — вельмі здорава, што з’яўляюцца новыя людзі! Асабліва мне падабаецца, што тут шмат касцельных юнакоў і дзяўчат, з якімі класна весяліцца разам. Ты адчуваеш сябе ў «сваёй талерцы», дакладна ведаеш, што можаш смела вызнаваць сябе як хрысціяніна, аддаваць хвалу Пану, спяваць Яму разам з іншымі. Гэта неверагодна! Падчас малітвы праслаўлення я адчуваў спакой і мір у душы… Усё добра, усё — у руках Бога».

[6]

Яна, Лынтупы (аніматар ДДМ і вядучая на «Андрэйках»): «Я на гэтым мерапрыемстве другі раз як аніматар. У параўнанні з мінулым годам сёння моладзь была больш актыўная. Прыехала больш людзей, бачна, што многія знаёмыя паміж сабой, бачацца на іншых мерапрыемствах, усе «свае» паміж сабой. У нас не было мэты над нечым сур’ёзна думаць — усе хочуць проста патусіць перад Адвэнтам (смяецца), таму мы асабліва не грузілі ўдзельнікаў. Мяне вельмі радуе, што пасля такіх актыўнасцей яны часта пішуць у сваіх акаўнтах не «было класна і весела», а нешта пра Бога — бачна, што такія мерапрыемствы іх змяняюць.

Калі гурт «TALITHAKUM» праводзіў малітву праслаўлення, я адчула сябе максімальна шчаслівай. Гэта пачуццё ўва мне ўжо даўно, але тады проста ўзмацнілася. Бог — абсалютна цудоўны, я не ведаю, як Ён усё гэта робіць… Але ты вучышся жыць з Ім кожны дзень, пускаеш Яго у сваё сэрца і пачынаеш разумець, адкуль бярэцца ўся гэтая моц унутры. Бог — вялікі, Ён дае сілы, любоў, якой хочацца дзяліцца з іншымі і проста радуешся, што ты — тут і зараз».

Станіслаў, Шаркаўшчына: «Я весялюся на «Андрэйках» трэці ці чацвёрты раз. Вельмі падабаецца, што тут шмат моладзі, можна сустрэцца з католікамі, аднадумцамі, у якіх такія ж, як у мяне, каштоўнасці і інтарэсы. Асабліва мне сёння запомнілася малітва праслаўлення на канцэрце. Я змог прыслухацца да свайго сэрца і адчуў, што Бог са мной, што Ён заўжды мяне пачуе і дапаможа».

Крысціна, Ідолта: «Першы раз на «Андрэйках» была ў 2016 годзе і зараз прыехала зноў, хаця цяжка было выбрацца. Але, хвала Пану, я тут! Мне ўсё спадабалася! Канцэрт і праслаўленне Бога, аніматары — малайцы, робяць усё, каб нас зацікавіць, захапіць, каб мы праслаўлялі Бога не толькі малітвай, але і танцамі, песнямі, нават конкурсамі! Была класная дыскатэка, на якой мы танцавалі «Лодачкі», «Бельгійку» — танцы, без якіх не абыходзіцца ніводная сустрэча маладых католікаў. Калі мы праслаўлялі Бога ў малітве, я дзякавала Яму за тое, што ўсе ж змагла прыехаць у Глыбокае сёння. Таксама адчувала супакой на сэрцы, бо магу не толькі папрасіць аб нечым Бога, але і падзякаваць Яму».

Марыя, Глыбокае: «Я трэці раз удзельнічаю ў «Андрэйках». Больш за ўсё мяне ўразіў канцэрт. Была вельмі добрая энэргетыка, мы разам праслаўлялі Бога — думаю, гэта ўсім спадабалася, кожны мог праслаўляць Яго і не саромецца гэтага. Сёння многія саромеюцца адкрыта праслаўляць Бога, а тут можна было рабіць гэта адкрыта разам з усімі і не баяцца нічога. У часе малітвы я дзякавала Богу за маё жыццё, за магчымасць прысутнічаць тут сёння, за маіх блізкіх людзей…»

[7]Таня, Полацк: «Я была ўпершыню на «Андрэйках». Мне вельмі спадабалася! Калі мы ехалі ў Глыбокае, было вельмі весела. Таксама спадабаліся вясёлыя конкурсы і дыскатэка, на якой мы ўсёй нашай кампаніяй плясалі, нават адзін чалавек голас сарваў! Быў нечаканы канцэрт, бо я думала, што праслаўляць Бога можна спакойнымі спевамі, а было так гучна, сапраўдны рок!»

Упэўнена, што «Андрэйкі: Welcome to the Касцёл» запомніліся асаблівым чынам кожнаму ўдзельніку і кожны змог падзякаваць Богу за нешта, праславіць Яго ў сваім сэрцы і падрыхтавацца да чакання Збаўцы.

[8]

Ася Паплаўская, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

Вялікі фотарэпартаж глядзіце ў суполцы ВК>> [57]