- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Італія: святар арэндаваў аўтобус, каб бясплатна прывазіць людзей да касцёла

[1]«Парафіябусам» назвалі ў парафіі аўтобус, які бясплатна прывозіць вернікаў на малітву да касцёла. Дадатковай перавагай з’яўляецца яшчэ і тое, што кіруе ім сам… пробашч. Гэта ідэя належыць аднаму з пробашчаў італьянскай парафіі, каб палегчыць вернікам шлях да святыні.

«Парафіябус» распачаў сваю працу ў першы дзень навэнны перад урачыстасцю Усіх Святых і адразу ж гэтай магчымасцю скарысталася 20 чалавек. З кожным днём колькасць пасажыраў павялічваецца. Яны садзяцца ў аўтобус на шасці спецыяльна адведзеных і выразна пазначаных прыпынках. На іх, нават ёсць расклад язды.

У адзін бок аўтобус пераадольвае больш за 30 км. Столькі ж назад, таму што пасля малітвы адвозіць вернікаў дадому.

Аўтобусам карыстаюцца не толькі пажылыя і хворыя людзі, але і дзеці, якіх без «Парафіябуса» мусілі везці самі бацькі, якім часта гэта зрабіць не дазваляюць пэўныя абавязкі.

Праезд зʼяўляецца бясплатным, і ўся ініцыятыва, фінансуецца са сродкаў парафіі. Добраахвотнікі могуць, аднак, пакінуць ахвяру.

«Гэта таксама спосаб для мяне, каб ажыццяўляць пастырскае служэнне. Можна лепш пазнаць людзей і з імі паразмаўляць. Аўтобус скарачае адлегласць, якая часта ёсць у касцёле», – падкрэслівае пробашч.

У свой апошні маршрут «Парафіябус» адправіцца напярэдадні свята Усіх Святых. Падбадзёраны поспехам пробашч парафіі, аднак, ужо абяцае працяг гэтай ініцыятывы ў парафіі і плануе нават купіць уласны аўтобус, каб не марнаваць парафіяльныя грошы на арэнду.

Наступны курс «Парафіябуса» плануецца перад святам Божага Нараджэння.

Святар дадае: «Мы павінны шукаць новыя метады абслугоўвання, каб зрабіць нашу супольнасць больш жывой. Парафіяльны транспарт  для гэтага падыходзіць найлепш».

aleteia.org [2]