Іспанскага каталіцкага актывіста аштрафавалі за арганізацыю ружанцовай малітвы за сваю краіну. У абгрунтаванні гаворыцца, што людзі, якія сабраліся на малітву на прыступках мадрыдскай святыні, нібыта перашкаджалі вулічнаму руху.
Хасэ Андрэс Кальдэрон, каталіцкі актывіст, які ініцыяваў ружанцовую малітву за Айчыну ў Мадрыдзе восенню 2023 года, аштрафаваны на 3600 еўра. Па словах самога Кальдэрона, гэта агулам тры штрафы, якія былі выпісаны. Падставай для штрафаў з’яўляецца тое, што некаторыя з удзельнікаў малітвы, арганізаванай на прыступках касцёла Беззаганнага Сэрца Марыі, нібыта перашкаджалі вулічнаму руху, выйшаўшы на дарогу.
Па словах ініцыятараў Ружанцовай малітвы за Іспанію, пакаранне з’яўляецца следствам блізкага размяшчэння храма да штаб-кватэры прэм’ер-міністра Пэдра Санчэса, дзеяча ад Сацыялістычнай партыі (PSOE), які цяпер знаходзіцца ва ўладзе. Абодва будынкі знаходзяцца на вуліцы Ферас, у цэнтры горада.
Малітва за Радзіму — апазіцыя ўладзе?
Акцыя «Ружанец на вуліцы Ферас», якая пачалася ў мінулым годзе, супала з восеньскімі пратэстамі перад сядзібай PSOE. Прадстаўнікі сацыялістаў успрымаюць гэтую ініцыятыву як форму апазіцыі ўраду Санчэса. Тым часам вернікі, якія моляцца перад саборам Беззаганнага Сэрца Марыі ў Мадрыдзе, адкідаюць абвінавачванні ў палітызацыі Ружанца, заяўляючы, што гэтая ініцыятыва з’яўляецца выключна малітоўнай і служыць просьбай да Бога аб росквіце Іспаніі і яе народа.
У лістападзе 2023 года некаторыя іспанскія СМІ апублікавалі кадры, на якіх бачна, у тым ліку, як паліцэйскія дубінкамі збіваюць людзей, якія стаяць на вуліцы з ружанцамі ў руках. У той час Хасэ Андрэс Кальдэрон заявіў, што левацэнтрысцкі ўрад Пэдра Санчэса здзяйсняе злоўжыванні, пераследуючы католікаў.
Паводле credo.pro [3]
Пераклад Марыны Сінкевіч