- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Іракскі кардынал заклікаў да трохдзённага посту за мір

[1]

Кардынал Луіс Сако

Кардынал Луіс Сако заклікаў вернікаў пасціцца за мір на працягу трох дзён перад Раством. Патрыярх Халдзейскай Царквы падкрэсліў, што адрачэнне “ўмацуе чалавечыя і духоўныя каштоўнасці і падрыхтуе да радасці Божага Нараджэння”.

Іерарх адзначыў, што “святы – гэта не толькі ўспамін пра падзеі двухтысячагадовай даўніны або збор народных традыцый”. Бог у сваёй любові прысутны заўсёды. Таму кардынал заклікаў да канкрэтных праяў міласэрнасці, прапануючы, каб пост суправаджаўся дарам для патрабуючых.

Яго архідыяцэзія нядаўна дала прытулак сем’ям, выселеным уладамі Масула з мэтай пабудаваць на гэтай зямлі гандлёвы цэнтр. Яна таксама ахвяравала суму, эквівалентную 32 тысячам еўра, для падтрымкі тых, хто знаходзіцца ў патрэбе.

Хрысціяне Ірака маюць патрэбу ў надзеі, — адзначыў кардынал Сако ў сваім паведамленні. На іх уплывае як эканамічнае становішча краіны, якая ў апошнія гады перажыла працяглыя войны, так і дыскрымінацыя з боку дзяржаўных інстытутаў. Многія з паслядоўнікаў Хрыста вырашаюць эміграваць.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News